Беларусь

Восьмы год запар Брэст збірае разам таленавітую моладзь з розных краін


Больш за 400 выканаўцаў прынялі ўдзел у традыцыйным  фестывалі юных аматараў музычнага мастацтва “Мы – разам”, які адбыўся ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці.
Два дні доўжылася конкурсная праграма. Журы ацэньвала выканаўчы ўзровень удзельнікаў у трох намінацыях: інструментальнай, харэаграфічнай і вакальнай.
Найбольш актыўны ўдзел ва ўсіх намінацыях прынялі беларускія аматары музычнага мастацтва, у тым ліку з Брэста. Уразілі многімі нумарамі гледачоў ды журы і расійскія ўдзельнікі фестывалю – з Екацерынбурга, Чалябінска і Нарыльска.
Напрыканцы другога фестывальнага дня адбылося  ўручэнне ўзнагарод. Урачыстасць кранальнай лірычнай мелодыяй адкрыў мінскі ансамбль “Сярэбраны звон”. Дыпломаў і прызоў былі ўдастоены многія выканаўцы. Сярод лаўрэатаў у намінацыі “Харэаграфічнае выкананне” – узорны ансамбль танца “Кветкі Урала” з Екацерынбурга, харэаграфічны калектыў  “Карамелькі” з Мінска, Вікторыя Стэпень з Бяла-Падляскі. Валерыя Уладзецкая з Мінска і Анастасія Рыбіна з Масквы прызнаны лепшымі вакалістамі.
У намінацыі “Інструментальнае выкананне” журы вызначыла ансамбль “Тамбурын” з Брэста, мінскія ансамблі акардэаністаў “Акварэль” і цымбалістаў “Сярэбраны звон”.
Пасля ўрачыстага ўручэння ўзнагарод прагучала вялікая канцэртная праграма з удзелам лаўрэатаў фестывалю.
Кацярына КАВАЛЕНКА,
вучаніца 11 класа СШ №7,
г. Брэст.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля