Карагод сямі нот
Пачатак студзеня расчараваў адсутнасцю снегу і марозу, але парадаваў сваёй традыцыйнай вернасцю класічнай музыцы
Брэнд першага каляндарнага месяца ў Брэсце – несумненна, Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”, які сёлета прайшоў у абласным цэнтры ў 26-ы раз і сабраў музыкаў ды спевакоў з 10-ці краін свету. Апошнія яго акорды адгучалі ў мінулую ня-дзелю, але і сёння неверагодна яркі карагод сямі нот, што стварылі высокую музыку, не сцерся ў памяці.
Адкрыццё фэсту было запланавана
9 студзеня на 18.00, але аматары класікі пачалі збірацца ў тэатры драмы і музыкі ўжо за гадзіну. Ля ўвахода іх сустракаў Брэсцкі гарадскі духавы аркестр (на здымку). У фае было шматлюдна.
Брастаўчанка Людміла Рамская “фестываліць” даўно: “Я не першы раз на “Вечарах” і заўсёды чакаю іх, нібы свята. Класічная музыка натхняе, дае новыя сілы і ідэі. Не сумняваюся, што і ў гэты раз адбудзецца сапраўдная музычная казка”.
Слухачы-навічкі таксама не хавалі сваіх эмоцый. “Мы ажаніліся некалькі тыдняў таму, – расказалі Ірына і Аляксей Тукарэвічы. – Блізкія сябры паднеслі нам такі нечаканы падарунак – квіткі на адкрыццё фэсту. Мы шчаслівыя: гэтулькі прыгожых людзей побач! Ва ўсіх добры настрой. Упэўнены – вечар не расчаруе”. І чаканням было суджана збыцца.
Старшыня аблвыканкама і па сумяшчальніцтве ўжо 10 год кіраўнік аргкамітэта фестывалю Канстанцін Сумар адзначыў: “Найлепшыя музыканты і спевакі свету імкнуцца выступіць на нашым фэсце. Камусьці музыка дорыць сілы і бадзёрасць духу, да некага прыходзіць у цяжкія моманты жыцця нібы суцяшэнне і мудрая парада. Адны ўспрымаюць яе як прыемнае баўленне часу. Для іншых яна нясе глыбокі маральны сэнс. Але ёсць у музыцы яшчэ адна якасць – здольнасць збліжаць людзей”.
На сцэне – дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, за дырыжорскім пультам – народны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РБ, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Аляксандр Анісімаў. Гучыць уверцюра Міхаіла Глінкі да оперы “Руслан і Людміла” – музычная класіка, яркі твор з нотамі радасці, святла, дабрыні. Маэстра Анісімаў і яго аркестр – шматразовыя ўдзельнікі “Студзеньскіх музычных вечароў”. Дырыжор, не хаваючы эмоцый, расказаў, што любіць прыязджаць у Брэст, шануе брэсцкую публіку і рады, што фэст расце і развіваецца. Аляксандр Анісімаў падзякаваў заснавальніцы, дырэктару і мастацкаму кіраўніку фэсту Ліліі Батыравай і губернатару вобласці. У якасці падарунка Канстанціну Андрэевічу аркестр выканаў раманс Свірыдава “Завея”. Твары музыкаў свяціліся натхненнем і шчасцем. Ах, які раманс!.. Такі далікатны. Так сумна і лёгка адначасна, па-асабліваму трапятліва…
Упершыню ў адкрыцці нашага фестывалю ўдзельнічаў малады вакаліст, выдатны спявак, які закончыў Варшаўскую кансерваторыю, а працягваў адукацыю ў Лондане, лаўрэат міжнародных конкурсаў Лукаш Гайдучэня (барытон). У яго выкананні прагучала яркая арыя Анегіна. Магутны спеў зрабіў уражанне на залу. Дзіўны сінтэз аркестра і вакалістаў прадоўжыла госця з Кіева, лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Кіеўскага тэатра аперэты Саламея Прыймах. Сваім прыгожым сапрана яна стварае незабыўны настрой кожнай кампазіцыі. Дарэчы, Саламея Прыймах на “Студзеньскіх музычных вечарах” не навічок. А вось голас Вадзіма Краўца ў Брэсце пачулі ўпершыню. Лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Марыінскага тэатра заняты ва ўсіх спектаклях з вядучымі партыямі, але ён знайшоў вольны вечар, каб парадаваць берасцейскіх аматараў класікі арыяй караля Піліпа з оперы Вэрдзі “Дон Карлас” і здзівіць куплетамі Мефістофеля з оперы “Фаўст”…
Залу зачаравала Ірына Багачова (мецца-сапрана), народная артыстка СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РСФСР, салістка Марыінскага тэатра оперы і балета. Яе ведае ўвесь свет. Суседка злева прашаптала: “Гэта шчасце – пачуць Багачову ў нашым тэатры”. Прызнаюся, я не ўяўляла, хто ж выйдзе на сцэну, але калі артыстка з’явілася і заспявала… Ведаеце, я напачатку задрыжэла, а потым перастала дыхаць, і мне здалося, што не дыхала ўся зала. Прыгожая жанчына з велічнай паставай і неверагодна цудоўным голасам. Сапраўдная оперная спявачка! Авацыі, “Брава!” – зала радавалася, і цешылася, і не хацела адпускаць са сцэны каралеву.
У завяршэнні першага фестывальнага вечара Канстанцін Сумар і Лілія Батырава ўручылі ўсім удзельнікам дыпломы. Губернатар таксама быў ганараваны дыпломам фэсту і медалём Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь. Пасля афіцыйных узнагарод да мікрафона зноў падышла Саламея Прыймах і папрасіла Канстанціна Андрэевіча праспяваць з ёй песню “Рідна мати моя”. Кіраўнік вобласці здзівіўся, але не адмовіў Саламеі. Імправізаваны дуэт падтрымаў акампанементам на раялі Аляксандр Анісімаў. Сюрпрыз публіка ацаніла дружнымі апладысментамі.
Другі вечар фэсту сабраў прыхільнікаў джаза. У Брэст прыехаў выдатны музыкант, адзін з самых папулярных джазавых салістаў Гары Гутман. Чалавек, які спачатку злучыў дзве краіны – ЗША і Канаду, а потым і ўвесь свет. Ён іграў з сімфанічнымі аркестрамі, колькасць якіх уражвае – 200! А ў Брэст музыкант прыехаў з польскім трыа: Гары-трубача падтрымалі Павел Дабравольскі (барабаны), Павел Понту (кантрабас) і Піліп Вайцэхаўскі (раяль). Музыкі прывезлі праект “Сонечнае зацьменне”.
Пачала выступленне кампазіцыя “Паміж зачыненымі дзвярыма”. Неяк, падарожнічаючы па Паўднёвай Амерыцы і спыніўшыся ў Буэнас-Айрэсе, каманда Гары Гутмана была запрошана паглядзець аргенцінскае танга. Гэта было настолькі неверагодна, што яны вырашылі перадаць хараство танца сваёй музыкай. Шыкоўна атрымалася! Чацвёрка цалкам засяродзілася на музыцы, а якая ж яна была “смачная”! Вось бы ўстаць і пачаць танцаваць!..
Пасля першай кампазіцыі Гары павітаўся з гледачамі. Жартаваў, смяяўся, паводзіў сябе так, нібы сустрэў даўніх прыяцеляў. Музыкант прызнаўся, што яго дзед нарадзіўся ў Мінску, таму Гары, па ўласным перакананні, беларус. Ён так шчыра дзяліўся з публікай джазам і гісторыяй свайго жыцця!
Вы верыце ў каханне на адлегласці? Менавіта так пачыналіся ўзаемаадносіны Гары і яго жонкі-полькі. Пра гэта яго песня “Мора аддзелена”. Уся пяшчота, хваляванні кахання ў ёй. Музыка заплюшчваў вочы, нібы перажываючы ўсё наноў. Пэўна, слухаючы гэтую кампазіцыю, шматлікія ўспомнілі свайго каханага чалавека… Трубач прызнаўся, што шматлікія кампазіцыі прысвячае сваім родным. Сыну Гары напісаў каўбойскую песню, а дачцэ прысвяціў вальс. Джаз, такі асабісты, зачараваў слухачоў.
Трэці дзень падарыў два канцэрты. Удзень на сцэну выйшлі лаўрэаты міжнародных конкурсаў з Літвы Конрад Лявіцкі (скрыпка) і Паўлюс Андэрсан (фартэпіяна), малады піяніст Адэль Казамбаеў з Казахстана, прафесар Марыя Карэцка-Сачкоўска (фартэпіяна) з Польшчы і яе зямляк, таксама піяніст Андрэй Завадскі. Кампазіцыі яны выконвалі ў суправаджэнні камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Аляксандра Мартыненкі. Увечары ж адбыўся Калядны баль, дзе ўпершыню выступіў Сілезскі квартэт з Польшчы.
Апошні фестывальны дзень таксама парадаваў слухачоў двума канцэртамі. Канцэрт закрыцця “Студзеньскіх музычных вечароў” без перабольшання можна назваць чароўным. Першым на сцэне з’явіўся “Новы рускі квартэт”. Выканаўцы з Расіі адразу ж прыцягнулі ўвагу чыстымі і тонкімі гукамі. Музычную эстафету падхапіў наш сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага – пастаянны ўдзельнік берасцейскіх фестываляў. У гэты раз з ім сыграў часты госць фэсту і бліскучы флейтыст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, прафесар, першая флейта оперных тэатраў Мілана і Рыма Антоніа Амендуні. Лёгкасць ігры, тэмперамент Антоніа паўтарыць немагчыма. Флейтыст выканаў “Швейцарскую пастараль”. Флейта ў яго руках была падобна на чароўны музычны кіёчак – так казачна і ўзнёсла гучаў інструмент!
Наш зямляк, піяніст Юрый Бліноў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, літаральна ўварваўся ў залу, далучыўшыся да аркестра. Ён даў акорды, поўныя сілы, магутнасці.
Салістка Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі Ганна Агатава ў трэці раз удзельнічала ў “Вечарах”. Выкананне “Вальса Джульеты” з оперы “Рамэа і Джульета”, іншых твораў было дзіўным. Яна падалася слухачам грэчаскай німфай з голасам пералівістым ды звонкім.
Выдатныя спевакі – італьянцы. У іх галасах ёсць штосьці асаблівае. А калі гэта яшчэ і італьянскія тэнары, і знакамітая манера спеву бельканта! У берасцейцаў была магчымасць пачуць Дамінга Стасі, знаёмага па мінулагоднім фэсце. Чыліец Хуан Пабла Дзюпрэ Фернандэс прымусіў аддацца музыцы, спевам усім сэрцам…
Ах, як шкада, што фестываль прайшоў так імкліва! Яшчэ адны цудоўныя “Студзеньскія музычныя вечары” сталі гісторыяй. Ды не будзем журыцца: наперадзе ўсяго толькі год – а там і новы 27-ы фэст музычнай класікі.
Ганна ІВАШЧАНКА.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.