Беларусь

Асалода ад натхнення


Пераможцу нацыянальнага адбору на Міжнародны песенны конкурс “Еўрабачанне-2014” вызначалі ўсёй краінай. 10 студзеня на тэлеканалах “Беларусь-1” і “Беларусь-24” у прамым эфіры адбылося галасаванне за фіналістаў, па выніках якога ў Капенгаген паедзе спявак Тэа (на здымку – у цэнтры), які нарадзіўся на Кобрыншчыне. Па выніках галасавання гледачоў і журы ён набраў 20 балаў (8+12 адпаведна). Аднак такая ж колькасць балаў была атрымана дуэтам Макса Лорэнса і ДзіДзюЛі, толькі наадварот: 12 – ад гледачоў і 8 – ад журы. Згодна з Палажэннем аб нацыянальным адборы ў такім выпадку журы трэба прагаласаваць яшчэ раз, што і было зроблена. У другі раз журы аднагалосна аддало перамогу Тэа. Да таго ж, ён і ўся яго творчая група атрымалі падарункі: гадзіннікі ад мінскага завода “Прамень” і крыштальнае еўравізійнае сэрца. Пасля сваёй перамогі Тэа (ён жа Юрый Вашчук) знайшоў у сваім шчыльным графіку час, каб даць інтэрв’ю спецыяльна для “Народнай трыбуны”.

– Юра, раскажы пра свае ўражанні пасля перамогі на нацыянальным адборы.
– Адразу было адчуванне нейкай шалёнай радасці і шоку. У першыя імгненні я проста не мог паверыць, што паеду ў Капенгаген. Тым больш што наогул адносіны да ўдзелу ў нацыянальным адборы ў мяне былі простыя. Я і заяўку падаў за два дні да заканчэння прыёму. Неяк спантанна ўсё адбылося. Разам з Леанідам Шырыным напісалі песню “Empty Universe” (“Пусты Сусвет”) для Наталлі Адзінцовай, з якой яна ўдзельнічала ў адборы як Tasha Odi. Ды і сярод маіх калег тэма “Еўрабачання” абмяркоўвалася найбольш актыўна. Сябры нават пачалі прапаноўваць мне таксама ўзяць удзел у ім. Я падумаў: а чаму б
і не паспрабаваць? Тым больш, што немалаважна – падыхо-дзячая песня ўжо была. Я напісаў “Cheesecake” даўно разам з паэтам Дзмітрыем Новікам і ніяк не мог вырашыць, каму з артыстаў прапанаваць. Атрымліваецца, песня чакала мяне самога.
– Да сцэны, гледачоў і журы табе не прывыкаць, бо з дзяцінства ўдзельнічаеш і перамагаеш у многіх конкурсах. Але ўсё ж такі, што было самым складаным у гэтым выступленні?
– Для мяне ў першую чаргу важна было годна выступіць, таму я проста “адпусціў” усе думкі і атрымліваў задавальненне ад сцэны. Пра перамогу ў той час нават і не марыў. А вось калі мы з Максам Лорэнсам выйшлі наперад да вядучага – гэта якраз быў самы цяжкі момант. Невядомасць таго, што будзе далей, абудзіла маю фантазію – і што толькі я не перадумаў за гэтыя імгненні!
– “Пуцёўка” на “Еўрабачанне” ў тваіх руках. Што плануеш рабіць далей?
– Пакуль яшчэ мае далейшыя крокі пакрыты туманам. Я ўжо сустракаўся з міністрам культуры, і ён прапанаваў усялякую падтрымку. Спадзяюся, што агульнымі намаганнямі мы зробім усё, каб вандроўка ў Капенгаген была эфектыўнай. Цяпер на мае плечы кладзецца груз адказнасці за краіну – а гэта да многага абавязвае. Пастараюся апраўдаць спадзяванні беларусаў, і ў першую чаргу – сваіх землякоў. Дарэчы, я адчуваў падтрымку не толькі кабрынчан, але і жыхароў усёй Брэсцкай вобласці. На маю асабістую пошту прыйшло шмат віншаванняў, якія з-за недахопу часу яшчэ не ўсе прачытаны. Тым не менш, хачу сказаць усім: вялікі дзякуй! Асаблівае ўражанне на мяне зрабіла тэлеграма ад старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандра Зазулі. Вельмі прыемна, калі пра цябе помняць і сочаць за тваім творчым жыццём.
– Юрый, напэўна, ты ведаеш, што не ўсе ўзрадаваліся тваёй перамозе. Як рэагуеш на выпады супраць цябе ў інтэрнэце?
– Што да розных інтэрнэт-постаў, я яшчэ не зусім у тэме. Мне проста няма часу маніторыць гэтыя запісы. Ведаю пра ўсё толькі са слоў сяброў. Але, праўду кажучы, мяне гэта не надта хвалюе. Усё адбылося сумленна, па правілах нацыянальнага адбору. І калі ў Макса Лорэнса і яго прыхільнікаў не хапае мужнасці выказаць свае прэтэнзіі мне ў твар і яны робяць выпады за маёй спінай, дык гэта іх праблемы. Калегі па музыцы, таксама многія іншыя людзі, з якімі сустракаюся, радуюцца за мяне. Гэта я адчуў і на прыёме ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 13 студзеня.
– Што прынеслі табе першыя дні 2014 года – ужо вядома. А чым быў адзначаны год 2013-ы?
–  Пра “Песню года Беларусі” і Нацыянальную музычную прэмію вы, напэўна, ужо ведаеце. Наогул, летась было шмат цікавых работ з рознымі выканаўцамі. Разам з Леанідам Шырыным напісалі песню для Уладзіміра Праснякова. Прычым ён жадае працягу супрацоўніцтва з намі як з аўтарамі для свайго рэпертуару.
– Юра, пэўны прамежак твайго жыцця прысвечаны тэлепраекту “Наперад у мінулае”. Што дае гэтая праца над аўтэнтычнымі песнямі?
– Ідэя праекта прыйшла да Анатоля Вечара. Ён патэлефанаваў і прапанаваў падтрымаць яго, я згадзіўся. Вельмі цікава працаваць з гісторыяй. Мы ездзім у творчыя камандзіроўкі па ўсёй краіне і збіраем народныя песні, якія на мяжы знікнення. Звычайна іх ведаюць толькі бабулі і дзядулі, але яны, на жаль, паступова пакідаюць гэты свет. Таму вельмі важна, каб з іх адыходам не памерла народная песня. Мае аранжыроўкі ў сучаснай апрацоўцы даюць гэтым творам новае жыццё. На сённяшні дзень мы сабралі ўжо больш за тысячу песень, больш чым на сто з іх зроблены аранжыроўкі. Першапачаткова многія спевакі, якім я прапаную выканаць песні ў праекце, ставяцца да гэтага скептычна. Але потым у іх вачах з’яўляецца захапленне, яны разумеюць, што са звычайнага беларускага фальклору можна зрабіць вельмі цікавую песню.
– Хто ці што натхняе цябе на творчасць?
– Для мяне натхненне – стан душы, а хто ці што з’яўляецца раздражняльнікам або стымулятарам гэтага, я не ведаю. У такім стане знаходжуся амаль заўсёды – ад чаго атрымліваю сапраўдную асалоду.
– Што, на тваю думку, галоўнае ў творчасці?
– Быць шчырым з самім сабой. Тады песня атрымаецца сапраўднай.
– Ці супадаюць тваё творчае крэда і жыццёвы дэвіз?
– Магчыма, не зусім. Жыццёвы дэвіз у мяне такі: ні дня без добрай справы. А што да творчага крэда, яно гучыць не вельмі паэтычна: не дапусціць халтуры. Творчасць павінна быць яшчэ і прафесійнай.
– Ці спраўдзілася твая дзіцячая мара?
– Ведаеце, я быў вялікім летуценнікам. Марыў нават стаць вадзіцелем-дальнабойшчыкам. Пасля прагляду фільма “Гардэмарыны, наперад!” захацеў здымацца ў кіно (гэта было ў пятым класе). Цяжка сказаць, якая мара была дамінуючай, але ж усе яны зводзіліся да аднаго – музыкі. Так што цяпер я займаюся любімай справай, таму ў жыцці адчуваю сябе камфортна. А галоўнае, каб мае блізкія і родныя былі здаровымі ды рэалізоўваліся мае жаданні. Вось і ўсё!
Гутарыла
Таліна ПЯТРОЎСКАЯ.
БЛІЦ-АПЫТАННЕ
“ПРАЦЯГНІ ФРАЗУ”

Я шчаслівы, таму што… мае бацькі здаровыя і ў іх усё добра.
Я веру… што ўсё задуманае і тое, пра што я мару, спраўдзіцца.
Я аддам любыя грошы за… мір ва ўсім свеце.
Я ўсё зраблю для таго, каб… пра нашу краіну даведаліся як пра дзяржаву, у якой ёсць крэатыўная, якасная музыка, годныя выканаўцы, каб Беларусь заняла ўпэўненую пазіцыю ў еўрапейскім рэйтынгу. Гэта я кажу не пра сябе, а ў цэлым пра краіну.
Я ніколі не… краў.
Я не люблю… тэкілу.
Самае галоўнае ў чалавеку – гэта… чалавек.

Даведка “НТ”
Юрый ВАШЧУК нарадзіўся ў вёсцы (цяпер аграгарадок) Хідры Кобрынскага раёна 24 студзеня 1983 года. Бацька Аляксей Вашчук – настаўнік гісторыі, зараз на пенсіі. Маці Яніна Вашчук працуе загадчыцай Хідрынскага сельскага Дома культуры. Музычную адукацыю Юрый пачаў у музычнай школе па класе баяна, затым – Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў  па класе эстраднага вакалу.
Пасля перамогі ў “Зорнай ростані” Юрый Вашчук быў запрошаны на працу ў якасці вакаліста ў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Таксама працуе вядучым і аранжыроўшчыкам тэлепраекта “Наперад у мінулае” на тэлеканале “Беларусь-3”. З’яўляецца аўтарам і аранжыроўшчыкам песень для знакамітых беларускіх і расійскіх выканаўцаў. Разам з іншымі кампазітарамі напісаў музыку да фільмаў “Маёр Ветраў” і “У чэрвені 41-га”. З 2010 года з’яўляецца пераможцам конкурсу “Песня года Беларусі” ў розных намінацыях.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля