Беларусь

  • Главная
  • Думкі ўслых
  • Ненарматыўная лексіка прыводзіць да праблем з нараджэннем дзяцей у жанчын і… імпатэнцыі ў мужчын

Ненарматыўная лексіка прыводзіць да праблем з нараджэннем дзяцей у жанчын і… імпатэнцыі ў мужчын


“Праграма самаліквідацыі”
Нішто не зачароўвае так, як прыгажосць. А яе вакол столькі!.. Прыгажосць у прыродзе, у мастацтве, у знешнасці чалавека, у адзенні… Прыгажосць у Слове! Некалі інтэлігент вылучаўся культурай у адзенні, паводзінах, разумовай прафесіяй. Але найперш – мовай. Мовай выхаванага, адукаванага чалавека. Сёння хвалюе лексікон многіх людзей, асабліва моладзі, дзяцей. Як часта з вуснаў прыгожа апранутых людзей сыплюцца (іменна не зрываюцца зрэдку, а сыплюцца градам) такія словы, што вакол, здаецца, усё ўмомант чарнее?! Мала таго, што мова маладых людзей бедная, размаўляюць яны часцяком, асабліва ў асяродку равеснікаў, слэнгам, дык яшчэ разбаўляюць яго ненарматыўнай лексікай.
Калі спадзяванне на тое, што са сталеннем маладыя людзі загавораць нарматыўнай мовай ёсць, дык надзеі, што мацюкі знікнуць самі па сабе, няма ніякай. З цягам часу склад ненарматыўнай лексікі толькі будзе пашырацца і замацоўвацца, калі не весці з гэтай заганай барацьбы. А барацьбу весці трэба. І законамі, і іншымі сродкамі. Прытым неадкладна! Усім грамадствам. Не праходзіць міма, не быць абыякавымі. Трэба акружыць брыдкасловаў нецярпімасцю.
Вядома, што раней беларуская мова не мела ненарматыўнай лексікі: яна прыйшла да нас з-за мяжы ад татара-манголаў, з рускай мовы. Таму трэба вяртаць чысціню нашаму маўленню.
А які ж негатыў нясе брыдкаслоўе! Яно пранікла сёння ўсюды: у кіно, літаратуру, сродкі масавай інфармацыі. Яно – у мове старых, маладых, дзяцей, у мове жанчын…
Ці ўсе мы ведаем пра наступствы словаблуддзя? Прафесар, доктар філалагічных навук А. Алялін правёў навуковае даследаванне ненарматыўнай лексікі. Вось што ён піша: “Калі параўнаць родную лексіку з магутнай воднай плынню, дык мат – гэта выкіды нечыстот, якія забру-джваюць мову. Чалавек, вымаўляючы словы, якія называюцца мацюкамі, праклінае як сябе, так і навакольных людзей”.
Доктар-псіхафізіёлаг Леанід Кітаеў-Смык лічыць, што чалавек да ненарматыўнай лексікі звяртаецца тады, калі ён не ўпэўнены ў сабе, адчувае сваю непаўнацэннасць. Нармальны, здаровы чалавек далёкі ад падобнай лексікі.
Усім вядома выслоўе, якое сцвярджае, што па адзежы сустракаюць. А я б дапоўніла: і па тым, як гаворыш. Чалавек, які брыдкасловіць, не можа быць добрым, чулым, спагадлівым. Такое маё меркаванне.
Ужыванне мацерных слоў вядзе да гарманальных парушэнняў. Асабліва гэта ярка выражана ў жанчын. Голас такіх жанчын з цягам часу становіцца ўсё ніжэйшым. У іх арганізме наступае гарманальны дысбаланс. Успомнім галасы некаторых зорак расійскай эстрады. Ці быў ён у іх такім заўсёды? Адна з гэтых зорак, сама чула, хвалілася: “Я, як сапраўдная сібірачка, магу ўжыць моцнае слоўца”. Па-мойму, гэтага саромецца трэба, а тут – бахвальства.
Што да мужчын – аматараў мата, то ім, сцвярджаюць вучоныя, пагражае імпатэнцыя.
А самае страшнае, што нясуць такія словы – пад іх уздзеяннем храмасомы актыўна мяняюць сваю структуру: у малекулах ДНК выпрацоўваецца “адмоўная праграма”. Гэта ўсё перадаецца нашчадкам на генетычным узроўні. Вучоныя называюць такі працэс “праграмай самаліквідацыі”.
Вось яшчэ што фіксіруюць даследчыкі: брыдкія словы выклікаюць мутагенны працэс, падобны радыяцыйнаму апраменьванню. Асабліва шкоднае ўздзеянне аказваецца на дзетародныя органы і палавыя функцыі як мужчын, так і жанчын. У рэшце рэшт гэта можа прывесці напрамую да немагчымасці радзіць здаровае дзіця.
Помніцца, дзесьці чытала, што вучоныя нават у працэнтных адносінах пралічылі шкоду ад брыдкаслоўя і праклёнаў. Дык вось: 60 працэнтаў негатыву застаецца “гаспадару”-брыдкаслову, а 40 працэнтаў – таму, на каго ненарматыўная лексіка накіравана. Выходзіць, самую вялікую шкоду, мацюкаючыся, мы наносім сабе і сваім нашчадкам.
Прыгадаем вядомае выслоўе: слова лечыць і калечыць. Лечыць – добрае, ласкавае, шчырае, тое, што ад Бога. Калечыць – бруднае, злое, праклінаючае, тое, што нясе негатыў. Яно ж, вядома, ад д’ябла. Што мы возьмем сабе ў спадарожнікі – Боскае ці д’ябальскае – залежыць толькі ад нас саміх. Але ж мы хіба ворагі самі сабе?..
Ірына РУДКОЎСКАЯ,
в. Хатынічы, Ганцавіцкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля