Ці патрэбна тэсціраваць беларускіх педагогаў на прафпрыгоднасць?
Пытанне аб тым, як набіраюць кадры ва ўстановы, дзе працуюць з дзецьмі, стала рубам пасля гучнага затрымання педагога-педафіла, які працаваў у адной са сталічных школ. У пачатку лета інтэрнэт, у прыватнасці, брэсцкую блогасферу, таксама абляцела навіна аб скандальным выкрыцці выкладчыка аднаго з прафтэхкаледжаў у абласным цэнтры. Відэа са знішчальным кампраматам на педагога знялі і выклалі ў сацыяльныя сеткі актывісты руху “Стоп, вырадкі”…
Нядаўна Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала ад Следчага камітэта прадстаўленне з прапановай унесці змяненні ў існуючы парадак і ўмовы падбору кваліфікаваных кадраў ва ўстановы адукацыі і назначэнні іх на пасады. А ўсё таму, што пры цяперашнім становішчы рэчаў бацькі, адпраўляючы дзяцей у школу, не маюць ніякіх гарантый аб псіхалагічнай адэкватнасці чалавека, у рукі якога трапляе дзіця. Ёсць небяспечная верагоднасць натыкнуцца на маньяка, неўрастэніка ці закамплексаваную асобу, якая самасцвярджаецца за кошт падапечных.
На бацькоўскіх форумах у інтэрнэце “неадэкватныя” настаўнікі –
адна з самых папулярных тэм. Педагог аблаяў, накрычаў, публічна прынізіў юнака ці дзяўчыну. На думку многіх бацькоў, такія гісторыі бываюць амаль у кожнай школе і сталі ўжо звыклымі, аднак зрэдку хто задумваецца аб выніках такога ўздзеяння на дзіцячую псіхіку і тым больш прымае нейкія меры. Часцей за ўсё, канфлікт не выходзіць за сцены ўстановы.
Да гэтага часу на работу ў школу траплялі гэтак жа, як і на завод, магазін ці ЖЭС. Ніякіх дадатковых працэдур, напрыклад, псіхалагічнага тэсціравання для выяўлення прафпрыгоднасці не праводзілася. Ды цяпер ёсць верагоднасць, што магчымасць сеяць разумнае, добрае, вечнае будуць атрымліваць не ўсе.
У правілах унутранага распарадку школ, які складаецца на аснове Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, чорным па белым напісана, што патэнцыяльны педагог павінен мець пры працаўладкаванні дыплом, працоўную кніжку, медыцынскае заключэнне аб адсутнасці проціпаказанняў да работы, дакументы воінскага ўліку. Дакументы, якія не прапісаны заканадаўча, працадаўца патрабаваць не можа.
Прымаючы на працу новага чалавека, дырэктар школы ці дзіцячага сада абапіраецца і на сваё ўражанне аб чалавеку, а пры ўзнікненні сумненняў можа адмовіць. Аднак хіба мы не ведаем, якім памылковым можа быць першае ўражанне?..
Да таго ж, не ўсе школы могуць дазволіць такую раскошу, як выбар кадраў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Па дадзеных Белстата, за першую палову 2012 года колькасць занятых у сферы адукацыі скарацілася ў Беларусі на 15 тысяч чалавек. А тых, для каго педагогіка з’яўляецца прызваннем і справай любімай, увогуле адзінкі.
Яшчэ больш складанай падаецца сітуацыя з прыёмам на работу маладых спецыялістаў. Карацей кажучы, каго накіруюць – таго адміністрацыі школы і неабходна ўзяць на работу. Адмовіць можна толькі ў выключных выпадках. Дарэчы, той самы педафіл у Мінску з нядаўняга гучнага працэсу і быў размеркаваны ў школу. Ёсць аб чым задумацца…
Для параўнання, у іншых еўрапейскіх краінах і ЗША, дзе таксама ёсць праблема з педагагічнымі кадрамі, для працаўладкавання настаўнікам, нягледзячы на наяўнасць дыплома, неабходна прайсці спецыяльныя экзамены, якія складаюцца з пісьмовага тэста і вуснай гутаркі.
На ўсё жыццё запомню словы маёй настаўніцы французскай мовы Тамары Рыгораўны. Яна гаварыла, што ў школу мы прыходзім вучыцца, а за выхаваннем няхай сочаць нашы бацькі. Больш за ўсё простых жыццёвых ісцін стала зразумела, дзякуючы вопытнаму педагогу, якая нават не імкнулася спецыяльна навучыць нас людскасці, уменню адрозніваць дрэннае ад добрага… Хаця, можа, нам здавалася ў той час, што гэта было неспецыяльна. І думка пра яе адэкватнасць ці неадэкватнасць і ў галаву нікому не магла прыйсці.
Пытанне пра выхаванне дзяцей у школе з’яўляецца вельмі спрэчным. Ёсць прыхільнікі тэорыі таго, што дзеці большасць свайго часу праводзяць у навучальнай установе, а таму і азы выхавання атрымліваюць менавіта там. А ёсць тыя, хто лічыць, што ўсё паходзіць з сям’і.
Калі ў інтэрнэце з’явілася навіна аб тым, што настаўнікаў магчыма будуць правяраць на адэкватнасць, сярод шматлікіх каментарыяў паўтаралася прапанова яшчэ і бацькоў з дзецьмі на адэкватнасць тэсціраваць. Можа, і ёсць у гэтым рацыя. Толькі вось да чаго мы дакаціліся? Адзін аднаго правяраць будзем? А хто ўстановіць норму адэкватнасці?
Прымушае не на жарт хвалявацца, што ўсё часцей людзі з нездаровымі сексуальнымі схільнасцямі становяцца педагогамі і атрымліваюць магчымасць рэалізоўваць свае нездаровыя фантазіі. Такім жа распаўсюджаным можа стаць і маральнае насілле. Выйсцем з гэтай сітуацыі, магчыма, стала б правядзенне псіхалагічнага тэсціравання педагогаў і выхавальнікаў перад прыёмам на работу ў школы, дзіцячыя садкі. Можа, паўплывала б на сумную, не пабаюся слова, тэндэнцыю і больш жорсткае крымінальнае пакаранне. Пакуль гэта толькі “можа”, ды настаў час сур’ёзна пагаварыць “пра гэта” і вынесці пытанне на грамадскае абмеркаванне.
Ініцыятыва, здаецца, добрая, са станоўчым пасылам, толькі заўсёды знойдуцца тыя, хто абавязкова перагне палку. Ці не ўдарыць новая сістэма па і без таго шматпакутнай адукацыйнай сферы? І ці не збягуць настаўнікі, якія проста палічаць неадэкватным даказваць сваю адэкватнасць?
Давайце пагаворым, як быць. Што мяркуеце наконт неардынарнай ініцыятывы? Можа, маеце нейкія канкрэтныя прапановы ці падзеліцеся прыкладамі выпадкаў з жыцця? Міністэрства адукацыі павінна адрэагаваць на прапанову: у хуткім часе даць адказ і нават паведаміць аб сваіх ідэях на гэты конт. А што скажам мы – дзеці і бацькі, вучні і настаўнікі? Запрашаем да размовы!
Дзяжурная па дыскусіі
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Як Вы лічыце, ці патрэбна тэсціраваць беларускіх педагогаў на прафпрыгоднасць?
Так (100.0%, 2 по голосам)
Не (0.0%, 0 по голосам)
Всего проголосовавших: 2
Loading …
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.