Гаспадыня для кацяняці
Члены Брэсцкага грамадскага аб’яднання дапамогі жывёлам “Дабрыня” правялі дабрачынную акцыю
У кінатэатры “1 Мая” кожны жадаючы мог бясплатна ўзяць сабе прышчэпленых і стэрылізаваных катоў ці сабак з ветэрынарнай даведкай аб іх стане здароўя.
У паўгадавалага кацяняці Цвічка крышку спалоханы выгляд. Яго новая гаспадыня – студэнтка філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна Лізавета Ільеўская, а прынесла яго, каб здаць “у добрыя рукі”, пенсіянерка Ганна Сямёнаўна. Справа ў тым, што яе суседка запіла “горкую” і малы апынуўся на вуліцы. Жанчына ўзяла Цвічка да сябе, але яе дарослы хатні кот не ўжыўся з новым кватарантам. Вось такая драма, амаль як у людзей.
А на руках у высокага спартыўнага хлопца – маленькі шчанюк Багі. “Заўсёды марыў трымаць дома сабаку, ды бацькі не дазвалялі”, – падзяліўся з карэспандэнтам “НТ” Яўген Ляўша. Цяпер ён жыве асобна, у сваёй кватэры, і змог ажыццявіць сваю дзіцячую мару. Па тым, як пяшчотна трымае спартсмен-каратыст Багі, разумееш: сабачку пашанцавала.
Як расказалі арганізатары, першая вялікая акцыя “Дабрыні” мела поспех. Новых гаспадароў набылі чатыры шчанюкі і 13 кошак. Многія наведвальнікі зрабілі грашовыя ахвяраванні ў фонд грамадскага аб’яднання, а некаторыя прынеслі з сабою пакункі з сухім кормам. Ветэрынарная клініка “Айбаліт” зрабіла зніжкі на аперацыі па стэрылізацыі жывёлін.
Цяпер члены грамадскага аб’яднання ставяць перад сабой новую задачу: арганізаваць у Брэсце прытулак для бяздомных сабак і кошак, а таксама праводзіць новыя дабрачынныя акцыі.
Юрый МАКАРЧУК, “НТ”.
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.