Беларусь

І майстрыха, і краязнаўца


З гонарам дэманструе свае вышыванкі на розных выставах былая настаўніца Зінаіда Сяргейчык
Мода на вышыванкі нагадвае мне спіраль: то імі доўгі час упрыгожвалі вясковыя хаты і нават гарадскія кватэры, то дружна здымалі маляўнічыя карціны і адпраўлялі ў шафу, а здаралася – і на сметнік: маўляў, нямодна, несучасна, ды і каму яны патрэбны?! Цяпер зноўку многія захапіліся гэтым рукадзеллем і з гонарам дэманструюць свае набыткі падчас розных выстаў.
Зінаіда Сяргейчык, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Салаўскай базавай школы, што на Драгічыншчыне, таксама ў свой час зняла са сцяны некалькі ўласнаручна вышытых карцін і паклала ў куфар. Сёння ж гэтыя вырабы зноў упрыгожваюць яе дом. Цяжка паверыць, што створаны яны больш як паўстагоддзя таму: колеры яркія, шыўкі не пашкоджаны.
– Тады рука не паднялася выкінуць свае работы, таму што люблю ўсё гэта. А яшчэ спадзявалася, што вернецца мода на такія рэчы, – распавяла Зінаіда Георгіеўна. –
Мне не было яшчэ і трох гадоў, калі ў верасні 1940 года бацьку забралі ў армію. Брату Георгію споўнілася толькі паўгодзіка. Вайна заспела нашу сям’ю на Пружаншчыне. У лістападзе 1944-га прапаў без вестак бацька. Час быў цяжкі, пасляваенны. Мая маці, Надзея Канстанцінаўна, шмат вязала, шыла і вельмі прыгожа вышывала. Прыкладна ў шасцігадовым узросце я папрасіла маці, каб навучыла мяне вязаць. Нітак жа не было. Распусцілі нейкую старую рэч, і я пачала вязаць шалік. Калі справілася з ім, маці паказала іншыя ўзоры. Адным словам, з тых жа нітак доўга вязала розныя ўзоры і розныя рэчы. Вельмі хацелася мець лялькі. Але за што іх купіць? Пачала і лялькі шыць сама…
– Вельмі люблю прыроду, – гаворыць жанчына. – Светлыя і радасныя сімвалы, асабліва кранаюць тыя, што звязаны з сям’ёю. Вырасла я ў райскім куточку – на хутары, дзе было шмат птушак і жывёл. Таму і старалася перш за ўсё іх адлюстраваць. Прыйшліся даспадобы алені як сімвал мацярынства – вышыла. Убачыла карціну з двума лебедзямі – сімвалам вернасці –
таксама некалькі месяцаў ся-дзела з іголкаю і ніткамі.
Падчас вучобы ў Пружанскім педвучылішчы Зінаіда Георгіеўна з задавальненнем наведвала заняткі па рукадзеллі. Будучыя настаўніцы пачатковых класаў вучыліся шыць нескладаныя рэчы, вышываць, каб потым на ўроках працы перадаць гэтае майстэрства дзецям. Дарэчы, з тых часоў захавалася ў жанчыны вышытая падушачка, якую некалькі гадоў таму падарыла ўнучцы Каці. Дзяўчынка ёю даражыць, беражэ.
– Неяк Каця папрасіла мяне: “Бабуля, навучы вышываць”, –
расказала Зінаіда Георгіеўна. –
Пачалі з простага крыжыка, адолелі ўжо і балгарскі. Потым я знайшла мадэль вязанай дзіцячай кофтачкі з коцікам і зайчыкамі. Каця прапанавала іх вышыць. Чаму б і не? Вышыванку падарыла сваёй заказчыцы-ўнучцы.
Сярод здабыткаў майстрыхі ёсць і вышытыя ручнікі. Яна стараецца ўнесці ў кожным выраб штосьці новае, асабістае. Здаецца, ну што для вопытнага чалавека вышыць ружу? Але не кожнаму ўдаецца так затаніраваць яе ды зрабіць такімі няўлоўнымі пераходы, каб кветка глядзелася, як жывая.
– Іншы раз столькі часу ідзе на адну кветачку, але я ніколечкі пра гэта не шкадую, – распавядае далей рукадзельніца. – Магу вышываць гадзінамі, забыўшыся пра абед.
Прыгожыя ручнікі не затрымліваюцца ў доме гаспадыні. Некалькі вырабаў падарыла родным – брату, пляменніцы. Ужо нават заказы паступаюць, асабліва на вышываныя ручнікі. Праўда, блізкія людзі просяць яе не стамляцца, бо не так многа часу прайшло пасля цяжкай хваробы і некалькіх аперацый, але Зінаіда Георгіеўна ўсё роўна амаль штодня бярэ ў рукі іголку. А ў самой вёсцы суполка аматараў вышыўкі пашыраецца. Жанчыны дапамагаюць адна адной набыць ніткі, тканіну, дзеляцца ўзорамі.
А  яшчэ ў жыцці Зінаіды Сяргейчык значнае месца займае краязнаўства.
– Падчас вучобы ў Белдзяржуніверсітэце нас знаёмілі з беларускім фальклорам. Яшчэ на першым курсе, у 1965 годзе, я падрыхтавала да заліку (была ж завочніцай) работу “Паходжанне назвы вёскі Салава і навакольных урочышч”, у якой падрабязна даследавала, адкуль яны пайшлі. Паралельна запісвала ад мясцовых жыхароў прымаўкі, прыказкі, песні. Калі ў школе вяла яшчэ і спевы, кіравала драмгуртком і мастацкай самадзейнасцю, старалася прывіць дзецям любоў да народных песень і танцаў.
Потым была вельмі цікавая для мяне курсавая работа “Уплыў мясцовай гаворкі на памылкі вучняў”. А для дыпломнай работы выбрала тэму “Вясельныя абрады ў сучасных запісах” – першы раз за ўсю гісторыю БДУ дазволілі рыхтаваць дыплом па фальклоры! Два гады я запісвала на магнітафон неабходны мне матэрыял, рабіла здымкі. Слухала і глядзела, як праходзяць вяселлі, распытвала старажылаў. Запісвала толькі салаўскі абрад –
атрымалася 150 рукапісных лістоў. Ды яшчэ 50 фотаздымкаў і дзве магнітафонныя бабіны. У другой папцы – падрабязны аналіз абраду. Вельмі прыемна, што мая работа засталася на філфаку ў якасці дапаможніка для студэнтаў. Пасля пачула па рэспубліканскім радыё ўрыўкі з маёй дыпломнай, гучалі і песні ў выкананні нашых жанчын. Дарэчы, што вельмі прыемна, мая дыпломная амаль поўнасцю ўвайшла ў зборнік “Беларускі фальклор у сучасных запісах. Брэсцкая вобласць”…
Працуючы ў школе, Зінаіда Георгіеўна разам з вучнямі аформіла альбом “Успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны” і стэнды, прысвечаныя землякам, якія змагаліся з ворагам на фронце і ў партызанах. Пастараліся захаваць памяць пра іх. Правялі нямала незабыўных сустрэч з ветэранамі вайны, былымі вязнямі, удовамі загінулых…
Набліжаўся стагадовы юбілей школы. У настаўніцы сабраўся багаты краязнаўчы матэрыял. Узнікла ідэя: чаму б не напісаць летапіс вёскі Салава, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1778 го-дзе? Потым разам з вучнямі занатавала летапіс калгаса “Праўда” і стварыла этнаграфічны куток “Наша спадчына”. З вялікім натхненнем склала жанчына і ўласны радавод. Дзіма Усціянчык, яе вучань, таксама напісаў радавод сваёй сям’і. Можа, з часам яшчэ хтосьці з вяскоўцаў зацікавіцца краязнаўствам…
Раіса МАРЧУК,
Драгічынскі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля