Беларусь

Матчына мова: стала елка ёлачкай


Навагодняя прыгажуня заўсёды вяртае нас у свет дзяцінства
Яны запомніліся з самага ранняга дзяцінства, цудоўныя радкі па-паляшуцку:
У тэмным-тэмным лісы,
Дэ ходыть хытрый лыс,
Росла собі ялыночка,
І зайчык з ею ріс…
Упершыню я пачуў іх ад нашай суседкі бабы Наталкі, якая  прыходзіла з суседняга хутара і частавала малых нейкімі асабліва смачнымі гарбузікамі. Да гэтага часу, на жаль, не ведаю аўтара выдатнага верша – хутчэй за ўсё, твор фальклорны – але ж колькі ў ім сапраўднай паэзіі! Лес таямнічы, цёмны-цёмны, а “хытрый лыс”, падобна  пушкінскаму “ученому коту”, надае радкам нейкую асаблівую загадкавасць. Дзіцячае ўяўленне, памятаю, малявала смешнае пушыстае зайчанятка пад густымі елачнымі лапкамі. Далей наша госця пераходзіла на прозу: “Накідала зіма белага-белага снегу. Прыйшоў зайка да ялінкі – а ялінкі няма”. Аднак зайчанятка не далі ў крыўду. Спагадлівыя дзеці паклікалі яго да сябе на свята. Чамусьці словы малых засталіся ў памяці на літаратурнай мове:
Ідзі ты, зайка міленькі,
Хутчэй ідзі да нас.
Глядзі: твая яліначка
Гарыць на ўвесь палац.
Ужо і вучнем, калі ў карагодзе спявалі “В лесу родилась елочка” і дабіраліся да “зайки-трусишки”, мне ўсё роўна ўяўляўся  разгублены зайка з першага завучанага на памяць верша.
Пераходзячы да “навуковай” часткі нашых разваг, заўважым, пасля таго, як  елка (ялінка, яліначка) трапляла ў “палац”, яна набывала  “статус” навагодняй ёлкі. Са школьнага падручніка запомнілася ў рыфму:
Стужачка ў іголачках –
Стала елка ёлачкай.
Такім чынам, словы “елка” і “ёлка” маюць значэнне “вечназялёнае дрэва з конусападобнай кронай”, але “ёлка” – гэта яшчэ і ўпрыгожаная елка, з якой сустракаюць Новы год, святкуюць Каляды. Дарэчы, само слова “ель” – агульнаславянскае, абазначае “востры, калючы” і ў рускай мове шырока выкарыстоўваецца, на думку даследчыкаў, пачынаючы з ХІ стагоддзя. “Ёлкай” называюць і само навагодняе свята з песнямі, танцамі, гульнямі і карагодамі вакол упрыгожанай елкі. Ад назоўніка “ёлачка” ўтворана аднакарэннае прыслоўе спосабу дзеяння: падымацца на лыжах угару лепш за ўсё “ёлачкай”, каб утрымацца, не саслізнуць. “Ёлачкай”  вышываюць, “у ёлачку” можа быць узор на адзенні. Апошнім часам, асабліва ў асяродку моладзі, бытуе і яшчэ адно, пераноснае, значэнне слова. “Ёлка” – гэта шыкоўна “разадзеты”, з мноствам упрыгажэнняў – кольцаў, ланцужкоў, бранзалетаў – чалавек, які намагаецца прыцягнуць да сябе ўвагу ў людным месцы. Чуў пра сучасную эстрадную спявачку з такім творчым псеўданімам…
Заплюшчваю вочы. Некалькі разоў прамаўляю “Ёлка!” – і вяртаюся ў чароўную краіну дзяцінства, бачу сябе на школьным калідоры з ёлкай пасярэдзіне. Пад дружнае “Ёлачка, гары!” адбываецца цуд: лясная прыгажуня ажывае, пачынае іскрыцца ўсімі колерамі вясёлкі…
А як таямніча гучалі незвычайныя, нібы з іншага свету, назвы ёлачных аздабленняў: серпанціны, гірлянды… Гэта цяпер можна заглянуць у адпаведныя слоўнікі і прачытаць, што “серпанцін” перакладаецца з лацінскага як “змяя”, бо напамінае яе па форме, а слова “гірлянда” запазычана з італьянскай мовы і абазначае не што іншае, як сплеценыя ў выглядзе стужкі кветкі і зелень.  А тады, калі, як кажуць, дрэвы былі вялікімі!..
Да свята рыхтаваліся загадзя. Вядома, у сярэдзіне 60-х ёлачныя цацкі можна было купіць, але ж многае рабілі і самі на ўроках працы. Найперш – папяровыя ланцужкі. Каляровая папера была вялікім, як трохі пазней сталі казаць, дэфіцытам, таму бралася звычайная, з альбомаў для малявання. Гэта ж колькі разоў трэба было завастрыць аловак, каб шчыльна, штрышок да штрышка, зафарбаваць ліст з аднага і з другога боку!.. Пасля яшчэ гэта ўсё расціралі прамакальнай паперай, разразалі на роўныя палоскі, склейвалі. А паглядзіш пасля, параўнаеш з тымі гірляндамі-ланцужкамі, што зроблены з “сапраўднай” каляровай паперы – і расчараванню няма канца. Адначасова рыхтавалі і пакеты для падарункаў. На гэты раз у ход ішлі школьныя сшыткі: двайныя лісты сшываліся па краях з двух бакоў. Іх размалёўвалі, як умелі. А пасля ўсе чакалі лясную прыгажуню. Навіна “Ёлку прывезлі!” умомант разляталася па школе, яе перадавалі замест прывітання.  Нарэшце надыходзіла і само свята: карагоды, вершы пра зіму, падарункі за выдатную вучобу і ўзорныя паводзіны…
На жаль, з узростам усё больш адыходзіць трапяткое хваляванне апошніх дзён снежня. Тым не менш, штогод загадваеш жаданні, прымушаеш сябе верыць у добрыя змены.  Навагодняе свята вяртае чалавека ў свет дзяцінства. А можа, усё намнога прасцей… У святара паважанага ўзросту і самага высокага духоўнага сану запыталіся, які жыццёвы ўрок вынес ён для сябе з таго бясконцага ліку споведзяў, якія давялося выслухаць. Бацюшка на хвіліну задумаўся і адказаў: “Дарослых людзей не бывае”. Давайце ж будзем марыць, верыць і спадзявацца, як дзеці!  Шчаслівага ўсім Новага года!
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля