Васілёк
Колькі разоў браўся за пяро, а далей загалоўка “Васілёк”, які спантанна ўзнік на рэдакцыйнай “лятучцы”, справа не ішла. Я перабіраў у памяці шматлікія нашы сустрэчы, вандроўкі – працяглы час мы жылі ў адным доме, працавалі ў адной газеце, на ўсё жыццё засталіся сябрамі, – а засяродзіць увагу на галоўным не мог. Пакуль, нарэшце, не адчуў: у ім, Васілю Жушме – усё галоўнае. Своеасаблівае… Непаўторнае!
Толькі зараз зразумеў, чаму часта перад камандзіроўкай самародак, цяпер ужо нябожчык, мой першы сапраўдны рэдактар Аляксей Трафімавіч Каўко раіў-прапаноўваў: “Васіля, Валодзя, з сабою вазьмі. Задыхаецца ў гэтых сценах хлопец. Хай паблукае па лесе. Акрыяе. А фотакарэспандэнта я ў іншае месца пашлю”.
Мы ўскоквалі ў рэдакцыйны газік і імчалі насустрач мэце. Бывала, Васіль тармазне машыну, выскачыць, паліто наросхрыст. Перад ім – дзяўчына з касой-красой. Фатаграфуе: і падскочыць, і прысядзе… Твар усмешкай зіхаціць.
Або: зімовы лес. Галаву задраў уверх. Шапка-вушанка вобзем. Топчацца па ёй. Носіцца між дрэў. Потым дзеліцца радасцю: “Дзве вавёрачкі ўпаляваў. Адразу дзве! Ганяліся адна за другой. Закаханыя, відаць. Толькі б “Зеніт” не падвёў. Гарэзы наўмысна аб’ектыў зацярушвалі”.
Або: “Крумкач насупіўся – бура будзе. Трэба ўцякаць”. І сапраўды, ледзь паспелі схавацца ад грымоты і граду. Мне ж і па сённяшні дзень загадка – дзе Васіль таго крумкача прыкмеціў.
Яшчэ прыгадалася: “Я сёння на стозе ў лесе начаваў. Месяц быў буры, як мядзведзь. Ваўкі падвывалі. Добрае надвор’е ўсталюецца на тыдні. Фотапаляванне забяспечана”.
…Такіх эпізодаў у маёй памяці – незлічонае мноства. Ніякіх газетных старонак не хопіць. Але ж паспрабую засяродзіць увагу на абразках, якія найбольш трапна, на мой погляд, высвечваюць самабытнасць творцы-самародка Васіля Жушмы.
САЛАВЕЙКА
Чарговы раз мы сустрэліся на “Лунінскай восені”. Сядзелі разам, хадзілі, успаміналі.
– Я ўжо на заслужаным… Работу ў рэдакцыі кінуў адразу. Усё ад абставін залежыць… Увесь час пра буракі прымушалі пісаць. Нудота брала. Я ж ужо пра кожны бурак у раёне асобна напісаў…
– Жывеш дзе?
– Перабраўся ў Хамічава да бацькоў. Там жа і завышанскі лес, і Дняпро-Бугскі канал. Непаўторнага хараства, загадак столькі! Не табе расказваць. Бывалі шмат разоў… Акрыяў за восень душою на бацькаўшчыне, пасвяжэў.
Мне чамусьці адразу прыгадаліся радкі з верша, прысвечанага Васілю:
Грэе сэрца ўспамін
пра Хамічава.
Хвоі, ліпы на ўскрайку сяла.
Тут, сваёю зямлёй
намагнічаны,
Даставаў нейкі скарб ён
з дупла…
Дрыготкай радасцю ўсхвалявалася, зашчымела душа ад успамінаў пра навагоднюю ноч у Хамічаве. Па запрашэнні Васіля сустрэць бой курантаў мы паехалі да яго бацькоў: разважлівых, чулых і незвычайна добрых людзей.
Віталі яны нас бы самых дарагіх гасцей. Атулілі кожнага невыказна-зычлівай пяшчотай, не гаворачы ўжо пра разнастайныя стравы і напоі.
Далёка за поўнач мы апынуліся ў мясцовым клубе. Жвавых хлопцаў і самабытных прыгажунь было многа. Скрыпела, у асобных месцах прагінаючыся, падлога. Я іграў на гармоніку. Васіль галасамі розных птушак трапна падсвістваў у такт. Яго брат Валодзя біў у бубен. Васілёў посвіст настолькі бадзёрыў душу, што гармонік хадзіў ходырам, рыпелі мяхі. З грудзей многіх дзяўчат і хлопцаў вырываліся воклічы. Вальс! Полька! Факстрот! Кракавяк! Яблычка! Лявоніха! Сербіянка! Суцэльная кругаверць юнацкага шчасця! Нястрымная энергія, радасць ды запал!
Калі ж наш стомлены “аркестр” змоўк, нехта грымнуў на ўсю залу:
– Салавейка, давай яшчэ!
Васіль узяў з высокага акорда. Ягоны посвіст узарваў залу. У маіх руках ажыў гармонік. Зазвінеў бубен.
На досвітку Валера Кухарчук з Надзяй Кудласевіч паведамілі: “Мы вырашылі стаць мужам і жонкаю”.
Гэтую навіну мы ўспрынялі радасна-здзіўлена. Васіль уздыхнуў:
– Яшчэ адну дзяўчыну прасвістаў…
Наталіўшы смагу халоднай вадой, мы пайшлі ўсцяж вясковай вуліцы. Парыпваў снег. Гарлалі пеўні.
– Які казачны лес! Бярозы і хвоі ў вэлюмах з карункамі, – усклікнуў Васіль.
Ён выхапіў з-за пазухі свой “Зеніт” і пачаў шчоўкаць. Наўкол уладарыла невыказнае хараство. Марозік бадзёрыў грудзі. І лес, і Хамічава выглядалі ўрачыста.
ВОБЛАЧКА
На пасяджэнні нашага літаратурнага аб’яднання “Ясельда” пры газеце “Чырвоная звязда”, кіраўніком якога ў той час абралі мяне, Васіль прыходзіў са свежымі думкамі, з новымі творамі. Яго фотаэцюды, замалёўкі з зайздроснай паслядоўнасцю з’яўляліся ў літстаронцы, вылучаліся ўласцівымі толькі яму ўзнёсласцю, фантазіяй і каларытам. Таму стала дзіўна, калі аднойчы мяне папракнулі:
– Чаго ты скрозь Жушму лепіш? Я штатны фотакарэспандэнт, а ўсюды – яго эцюды. Няхай фермы здымае, сельгасвытворцаў…
Я зніякавеў, але не разгубіўся:
– Каўко парэкамендаваў. Ён і ўхваляе, і падбірае…
Гэта спрацавала. Высокі аўтарытэт Аляксея Трафімавіча дапамог.
Крыху пазней я спрабаваў растлумачыць калегу-нядобразычліўцу:
– У вочы зазірні Васілю. Нутро ў яго багатае. Ён адчувае чалавека, з’яву, наваколле. Нам з табою падобнага Бог не даў.
Штатны фотамайстра панура маўчаў. Канчаткова яго абяззброіў гісторыяй, якую расказала пачынаючая паэтэса, член нашага літаб’яднання: “Неяк Васіль наважыўся правесці мяне дахаты. Дарога вяла праз лугавіну з кустоўем лазняку і копамі сена. Прыселі пад капіцай. Васіль жартаваў, расказваў пра свае прыгоды. Раптам, бы перапалоханы ці апантаны чымсьці, падхапіўся і пабег. Неўзабаве вярнуўся. Без абцаса. У парванай кашулі. З ашкрабанай да крыві шчакою.
– Куды ты лётаў? – пытаюся.
– Воблачка даганяў. Зірні: месячык – бы дзіцятка пад коўдраю. Мне патрэбен быў фотаракурс з пагорка…”
Праз некаторы час наш фотакарэспандэнт прынёс мне стос даволі ўдалых фотаэцюдаў.
КАЖАНЫ
У тую восень ля райкамаўскай трохпавярхоўкі, у якой мы жылі з Васілём, дакладней – між ёю і ўніверсамам, дзе выстраіліся ў рад хляўчукі-падвалы, з’явіліся кажаны. Чаму яны аблюбавалі гэтае месца – загадка, але вечарамі мітуслівыя неўгамоны насіліся, выкручваючы піруэты. На ўзыходзе сонца іншы раз, бы пацеркі, віселі на дрэвах між барвова-жоўтай, месцамі не апалай лістоты.
Васіль па хлеўчуках узбіраўся на дрэвы, сачыў за кажанамі, фатаграфаваў.
На кажаноў мала хто звярнуў увагу. А Васіля на дрэвах прыкмецілі многія.
Аднойчы сталы, пры добрай пасадзе райкамаўскі работнік, які таксама жыў у нашым доме, запрасіў мяне на вячэру. Мы добра пад’елі. Разгаварыліся. Сусед па-змоўніцку запытаўся:
– Валодзя, нікому не сакрэт, што ты сябруеш з Жушмай… Усё будзе між намі. Растлумач, што з ім адбываецца? Чаго ён па дрэвах, бы лунацік, шастае?
Я знайшоўся на жарт, які паходзіў на праўду і быў адпаведна ўспрыняты. Акурат за некалькі тыдняў у адной жанчыны, якая, наглянцаваўшы сваё золата, прасушвала ўпрыгажэнні на падаконніку, знікла брошка. Злодзея не прыкмецілі. Цыган у тыя дні ў горадзе не было. Віну спіхнулі на птушак. Па вялікім сакрэце я паведаміў чыноўніку-суседу:
– Сарокі развешваюць на дрэвах залатыя кулоны, ланцужкі, пярсцёнкі. А Жушма багацее…
Неўзабаве пра сарок расказала раённае радыё. Дрэвы абляпіла дзятва. Кажаны зніклі. А суседзі з зайздрасцю пазіралі на Васіля. Ён жа, як і заўжды, ветліва ўсім усміхаўся, нічога нават не падазраючы.
ВЕРХАЛАЗ
Перакрываць пуню да бацькі я паехаў з Васілём. Прыкінулі фронт работ: да захаду сонца паспеем. Бацька вынес страмніну і аслупянеў: на самым струпку пуні, бы па зямлі, хадзіў Васіль.
– Як ён забраўся туды? Не інакш верхалазам працуе? – пытаецца бацька.
– Не, у газеце…
З работай мы ўправіліся загадзя. За вячэрай бацька не мог нахваліцца здатнасцю Васіля:
– Такога спрытнага чалавека ў нашай вёсцы няма.
– У мяне хобі – па дрэвах лазіць, – усміхнуўся Васіль. – З дзяцінства захварэў на гэта.
Праз некалькі тыдняў мой цікаўны бацька, у маладыя гады лепшы ў акрузе гарманіст і спявак, хто адыграў вяселлі амаль усім сваім равеснікам у нашай і суседніх вёсках, быў душою кампаніі, за што (а можа, і не толькі за гэта) у Гутаве яго паважліва звалі “Міронавіч”, пачаў распытваць пра Васіля падрабязна.
Я з задавальненнем расказваў пра Жушму: і як качкай кракае –
яны тут жа падплываюць да яго, воўкам завые – ваўкі адгукваюцца, касуль пакліча – тыя падбягуць. Бывае, на верхавіне дрэва начуе, каб вочы савы сфатаграфаваць.
– Такіх людзей на зямлі мала. Ён нечым значным надзелены, чаго спасцігнуць мы не можам. Беражыце гэтага хлопца –
бацькоўскі наказ па сённяшні дзень саграе мне душу.
ВАСЫЛЬКО
Сваім сватам, як і большасць хлопцаў з нашай “раёнкі” – Панасюк, Міхальчук, Крывецкі, Базан, Аляксейчык – Васіль выбраў мяне. Мы паехалі пад Любяшоў за ягонай выбранніцай – прыгажуняй Нінай, тады яшчэ школьніцай. Васіля там ужо добра ведалі, успрымалі як свайго, што значна аблегчыла маю ролю. Праўда, для дасціпных жартаў і прыкідаў раздолля хапіла.
– Што гэта за пасаг, які ў “козлік” месціцца, – жартаўліва прысароміў я Васілёвых сватоў.
Яны ўспрынялі рэпліку ўсур’ёз. Пачалі загружаць у машыну і кумпякі, і слоікі, і нейкія клункі.
– Васылько, мы хату пера-пішам, – шчабятала бабуля Ніны.
– І клуню з жыўнасцю, – падказваў я. – Гусей зараз забяром.
– Васілёк, другім разам няхай… І гусі, і качкі, і індыкі, і карова з цялушкай – усё будзе ваша. Ніначку толькі беражы, – пераконвала маці нявесты.
Яны яшчэ многа раз звярталіся да зяця. І кожны раз узвышана-ласкава, з гонарам называлі яго “Васілёк! Васылько!”
Такое трэба заслужыць!
Уладзімір СІТУХА, “НТ”,
Іванаўскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.