Міс Беларусь-2012 Юлія Скалковіч расказала пра свой цуд у навагоднюю ноч

Міс Беларусь-2012 Юлія Скалковіч расказала пра свой цуд у навагоднюю ноч

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Пераканана, што на маім месцы быў бы рады апынуцца любы мужчына ў нашай краіне, ды не толькі ў Беларусі. Шанс пазнаёміцца з уладальніцай тытула “Міс Беларусь-2012” выпадае не кожнаму. Юлія Скалковіч сёлета ўскалыхнула свет прыгажосці і ў каторы раз прымусіла ўспомніць пра вёску Клейнікі, што ў Брэсцкім раёне. Нагадаем, адсюль родам таксама Міс Беларусь-2002 Вольга Неўдах. Многія ўжо нават жартуюць, што вёска знаходзіцца ў нейкім асаблівым месцы. Можа, яно і так, дакладна сказаць не магу, а вось мая гераіня навагодняга нумара, сапраўды, чалавек неардынарны.
Пагадзіцеся, не кожны зможа прайсці выпрабаванне славай і не “падчапіць” зорную хваробу. Карона для Юліі з’яўляецца толькі аздабленнем, а не адмоўнай рысай характару, якая часам праяўляецца ў многіх прыгожых дзяўчат.
Вельмі сціплая і простая ў размове Юлія з гонарам нясе карону. Вядома ж, быць прыгожай – гэта не толькі цудоўна выглядаць: варта яшчэ мець і багаты ўнутраны свет. Дзяўчына з дзяцінства марыла стаць архітэктарам, таму з лёгкасцю паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Аб кар’еры мадэлі вельмі дамашняя Юля нават не думала. Аднак сапраўдную прыгажосць не схаваеш! Хоць і не любіла Юлія лішняй увагі з боку навакольных ды цікаўнасці да асабістага жыцця, давялося прайсці цяжкі экзамен і з галавой акунуцца ў новы свет, у якім каралева прыгажосці заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі.
На кастынг 20-гадовую Юлю за руку прывёў жаніх Андрэй і, пэўна ж, ведаў, што рабіў. Так-так, жаніх. Адразу разаб’ём мары і спадзяванні патэнцыяльных кавалераў. Сэрца Юліі Скалковіч занятае.
Вось так у маі адыходзячага года адной зоркай у нашай краіне стала больш. Варта адзначыць – вельмі абаяльнай зоркай. Размаўляючы з Юліяй, я таксама трапіла пад уплыў яе прыроднай прывабнасці і харызмы. Насуперак маім чаканням, калі вялі гаворку пра год адыходзячы, прыгажуня прызналася, што былі падзеі яшчэ больш яркія, чым перамога ў конкурсе прыгажосці.
– У мінулую навагоднюю ноч каханы Андрэй прапанаваў мне выйсці за яго замуж, – прызналася Юлія Скалковіч. – Калі ўзгадваць пра эмоцыі, дык менавіта гэта і быў сапраўдны цуд. Пра вяселле пакуль гаварыць рана, бо па кантракце Міс Беларусь не можа выходзіць замуж на працягу двух гадоў.
Гледзячы ў шчаслівыя Юліны вочы, разумею, што для такога кахання час – не перашкода. Сваю каралеву прыгажосці Андрэй будзе чакаць столькі, колькі спатрэбіцца.
Дзяўчына прызналася, што і ў наступным годзе чакае цудаў, а якіх – удакладняць не стала. Толькі падкрэсліла, што вельмі хоча, каб ва ўсіх усё ладзілася ды ўсе былі здаровыя і шчаслівыя.
Спадзяюся, Дзед Мароз пачуе жаданне каралевы прыгажосці і абавязкова здзейсніць яго.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Юлія СКАЛКОВІЧ, Міс Беларусь-2012:
– Я веру ў цуды! Толькі пераканана, што яны – гэта ўсяго толькі збег пэўных абставін. Варта апынуцца ў неабходным месцы ў неабходны час. І часта гэтыя цуды залежаць ад нас саміх. Не разгубіцеся, калі вам выпадзе шанс пабыць чараўніком!

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Люмьерам даже не снилось…

Следующая запись

Напярэдадні Новага года Таццяна і Сяргей Хамутовы, шасцёра іх прыёмных дзетак пасяліліся ў новым доме сямейнага тыпу ў Кобрыне