Напярэдадні Новага года Таццяна і Сяргей Хамутовы, шасцёра іх прыёмных дзетак пасяліліся ў новым доме сямейнага тыпу ў Кобрыне
Двухпавярховы дыхтоўны будынак на вуліцы Савецкай, 138 “А”, здавалася, свеціцца ды звініць радасцю. А інакш і быць не магло, калі ў двары – прыбраная ў навагодні строй ёлачка, зычліва ўсміхаюцца шматлікія госці, гучыць вясёлая музыка ды шчабечуць дзеці. Таццяна і Сяргей Хамутовы, былая настаўніца Луцкай сярэдняй школы і рабочы ТАА “ВЕЛПАК”,
прайшоўшы сур’ёзны адбор, атрымалі права звацца шматдзетнай сям’ёй. Разам са Снягуркай і катом Матроскіным у новы дом з мамай Таняй і татам Сяргеем увайшлі Вікторыя, Соф’я, Марыя і Яўген. Па ўважлівай прычыне наваселле прапусцілі Аляксандр і Іван – хлопчыкі адпачываюць у Італіі, але дакладна ведаюць, што з-за мяжы яны вернуцца не ў Дзівінскі дзіцячы дом, дзе выхоўваліся раней, а сюды – у сваю новую сям’ю.
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, перш чым перадаць гаспадыні дома Таццяне Хамутовай сімвалічны залаты ключык і перарэзаць чырвоную стужку, падкрэсліў, што высакародныя мэты вызначаюць жаданні беларускай дзяржавы, а дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая праходзіць пад патранажам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і ў якой актыўна ўдзельнічаюць улада, прадпрыемствы, прадпрымальнікі, сотні неабыякавых людзей, дапамагае рэалізаваць значныя сацыяльныя праекты. Дом сямейнага тыпу ў Кобрыне –
пяты ў ліку адкрытых сёлета на Брэстчыне. Яго пабудавалі за бюджэтныя сродкі і пры фінансавай падтрымцы ААТ “Белаграпрамбанк”.
– У вобласці цяпер пражываюць у дамах-інтэрнатах і прытулках каля 700 дзяцей без бацькоўскай апекі. Таму такія дамы, накшталт адкрытага ў Кобрыне, мы будзем прадаўжаць і надалей будаваць, –
зазначыў Канстанцін Андрэевіч. – Сям’я – гэта самае дарагое, што ёсць на свеце. Сюды ідуць з усім: радасцю, бядой, горыччу, але самае галоўнае, што любы чалавек ідзе ў сям’ю з надзеяй. І ў гэты дом няхай вяртаюцца дзеці і заўсёды з удзячнасцю ўспамінаюць бацькоў, якія дадуць ім не толькі дах над галавой, але, галоўнае, дадуць выхаванне і выгадуюць іх людзьмі.
Да Хамутовых прыйшлі дзеці з трох розных сем’яў. Узрост – ад 4 да 9 год. Старэйшыя былі ў дзіцячым доме ў Дзівіне, меншыя –
у Кобрынскім дзіцячым доме. Кіраўнікі гэтых устаноў, а таксама суседзі з Кобрынскай дзіцячай вёскі завіталі на наваселле. Малыя навасёлы з удзячнасцю прымалі падарункі, з гонарам паказвалі гасцям свае пакоі, кухню, гасцявую залу, душавую. Раз-пораз чулася: “мама”, “тата”. Таццяна з Сяргеем, шчасліва ўсміхаючыся, адгукаліся на просьбы ды пытанні сваіх дзяцей. Яны паспелі ўжо малых палюбіць. Дарэчы, ідэя стаць мамай-выхавальніцай належыла Таццяне Хамутовай. Прызналася: марыла пра вялікую сям’ю. Муж трошачкі сумняваўся напачатку, але цяпер і ценю сумнення ў правільнасці зробленага жыццёвага кроку ў маладога мужчыны няма: “У нашых дзецях – наша сіла”.
Сярод святочнага ажыятажу наваселля выспявае ўпэўненасць: Беларусь не пакіне сваіх дзяцей сам-насам з недзіцячымі выпрабаваннямі лёсу. І яшчэ: з 26 снежня 2012 года ў Вікі Верацінскай, Соні і Жэні Старынскіх, Машы, Сашы і Вані Паповых ёсць дом, ёсць мама Таня і тата Сяргей, а ўсе разам яны абавязкова стануць сям’ёй. Новы ж год – цуды пачынаюцца!
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Кобрын.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.