Беларусь

  • Главная
  • Іскрынкі душы
  • Лепшая студэнтка вобласці 2012 года ў дзяцінстве пісала вершы пра вайну, на ранішніках была сіняй сняжынкай, а ў Францыі гэтым летам яе больш за ўсё здзівілі… каровы незвычайнага колеру

Лепшая студэнтка вобласці 2012 года ў дзяцінстве пісала вершы пра вайну, на ранішніках была сіняй сняжынкай, а ў Францыі гэтым летам яе больш за ўсё здзівілі… каровы незвычайнага колеру


Яну Буцкевіч, студэнтку-чацвёртакурсніцу БрДУ імя А.С. Пушкіна, будучага псіхолага, добра ведаюць не толькі ў родным універсітэце. Сёлета дзяўчына перамагла ў абласным этапе конкурсу “Студэнт года”, годна абараніла гонар Берасцейшчыны ў  Мінску. А яшчэ Яна – пераможца 5-га рэспубліканскага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Залатая ліра”, мае дыпломы іншых міжнародных і рэспубліканскіх песенных конкурсаў… У Яны хапае часу амаль на ўсё. Мо таму, што жыццёвым крэда дзяўчыны з першых дзён вучобы стала неаспрэчная, але не ўсімі намі паважаная ісціна: не адкладвай на заўтра тое, што можаш зрабіць сёння. Яшчэ адзін прынцып, якога непарушна прытрымліваецца Яна Буцкевіч, можна выказаць усяго адным  словам – “Усміхайся!”  На яе думку, усмешка, што ідзе з душы, дапамагае пераадолець любыя цяжкасці…
–  Я вельмі доўга верыла ў Дзеда Мароза, – усміхнулася Яна. –
Сядзелі, памятаю, з малодшым братам пад ёлкай. Прасілі: “Прыйдзі, Дзядуля Мароз! Мы хочам цябе пабачыць! Пакладзі нам што-небудзь у боцік!” Мы засыналі, а ноччу ён, і сапраўды, прыходзіў. І калі нехта ў школе казаў, што Дзеда Мароза не бывае, мы заўсёды пратэставалі: “Ёсць! Ён прыходзіў да нас, падарункі прыносіў!” А тата з мамай так і не прызналіся, хто быў у той вечар за шчодрага Дзеда. А пасля я і сама Дзеду Марозу дапамагала. З сёмага класа “працавала” Снягуркай. А вось на сваім першым ранішніку была, смешна ўспомніць… сіняй сняжынкай. Мне акурат перад тым купілі вельмі прыгожую сінюю сукенку, таму і сняжынка атрымалася такога незвычайнага колеру. І я ніколькі праз гэта не перажывала. Чаму б ёй не быць сіняй!..
–  А што раней, –  пытаюся, –
спачатку ты пачала чытаць ці выступаць са сцэны?
–  Спяваць, – не задумваючыся, адказала Яна. – Пачынаю прыгадваць свой “дэбют” – і мне бачыцца высокая сцэна, дзіцячы хор і я наперадзе. А свой першы клас  памятаю выдатна. Мы ўсе вельмі любілі нашу  настаўніцу Ларысу Гудлеўскую. Ларыса Міхайлаўна  вельмі прыгожа чытала вершы. Трохі пазней – класе ў сёмым – я і сама пачала нешта рыфмаваць. Праўда, у мяне  было ўсяго дзве тэмы: пра вайну і пра каханне.
Высветлілася, што дзяўчыне  да гэтага часу падабаюцца савецкія мультфільмы. А любімы мульт-герой – кот Матроскін.
– З людзьмі падобнага складу характару заўсёды цікава, – гаворыць Яна, – бо яны аптымісты, не паддаюцца скрусе, не жывуць па нейкіх  загадзя прапісаных законах.  Жыццё – цудоўнае! А ўсе праблемы –  гэта выпрабаванні, пераадолеўшы якія, мы робімся лепшымі, больш моцнымі. Ніколі нельга губляць веры ў добрыя змены. Зычлівая ўсмешка, як бы цяжка ні было, і тут прыйдзе на дапамогу.
Ведаючы, што сёлета, летам, Яна з танцавальным калектывам  была на гастролях у Францыі, спытаў, што яе найбольш уразіла. Чакаў, што раскажа пра цуды французскага дойлідства, кухні, урэшце. Ды, ведаеце, што прымусіла здзівіцца салістку брэсцкага танцавальнага ансамбля?  Французскія каровы. Яны такога  пяшчотна-карычневага колеру! Усюды толькі светла-карычневыя статкі на зялёных лугах.
– Яна, а ці былі ў тваім жыцці выпадкі, калі выратаваў толькі цуд? –
пацікавіўся я.
–  Былі, – пасур’ёзнела дзяўчына. – Не ведаю, ці цуд гэта, ці так лёсам наканавана. Пераходзіла вуліцу. Машын не было зусім. І раптам злева – адкуль толькі ён узяўся! – ляціць грузавік. Ляціць, як маланка, набліжаецца са страшэннай хуткасцю. І я разумею, што ўжо нічога не магу зрабіць. І тут адбыўся цуд: машына сарвала сумачку з правага пляча (а неслася ж злева!), абдала гарам, а я на некалькі хвілін у аняменні застыла на пераходзе…
Яшчэ я даведаўся, што мая суразмоўніца знаходзіцца ў выдатным настроі незалежна ад таго, якое надвор’е, і якая пара года на дварэ. Раней чамусьці не любіла зіму. Цяпер жа падабаецца слухаць, як злуецца завея, назіраць, як проста на вачах растуць сумёты. А восенню найвялікшае задавальненне слухаць дождж пад мелодыі непараўнальнай Лары Фабіян. Добра яшчэ, калі побач любімая кошка Герда муркае…
Кажуць, шчаслівым чалавек бывае тады, калі збываюцца ягоныя мары. А калі ажыццяўляюцца самыя запаветныя з іх – людзі адчуваюць сябе вельмі шчаслівымі. Дык няхай жа крылатая душа Яны Буцкевіч напаўняецца новымі марамі, якія абавязкова збудуцца. Бо мары любяць аптымістаў…
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.

Яна БУЦКЕВІЧ, студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна:
– Калі верыш у цуд – ён абавязкова адбудзецца. Прычым само чаканне, хваляванне таксама абуджае прыемныя эмоцыі. Але, каб цуд адбыўся, каб з ім не размінуцца, трэба многа і настойліва працаваць. Няхай ва ўсіх добрых людзей кожны новы дзень будзе лепшым, чым папярэдні, дадае радасці, аптымізму. Няхай людзі яшчэ больш палюбяць жыццё і ніколі не забываюць, што светам кіруе толькі любоў. Калі мы жывём і любім – усё будзе добра!
Яна БУЦКЕВІЧ, студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна: – Калі верыш у цуд – ён абавязкова адбудзецца. Прычым само чаканне, хваляванне таксама абуджае прыемныя эмоцыі. Але, каб цуд адбыўся, каб з ім не размінуцца, трэба многа і настойліва працаваць. Няхай ва ўсіх добрых людзей кожны новы дзень будзе лепшым, чым папярэдні, дадае радасці, аптымізму. Няхай людзі яшчэ больш палюбяць жыццё і ніколі не забываюць, што светам кіруе толькі любоў. Калі мы жывём і любім – усё будзе добра!

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля