Яе творы бяруць за жывое, чаруюць душу. І зусім не дзіўна, бо дзяўчына піша пра тое, што яе сапраўды хвалюе, аб чым думае. Завуць незвычайную асобу Марыя Варабей, і вучыцца яна ў 9 “А” класе сярэдняй школы №33 г. Брэста.
Машы толькі 15 год, а яна ўжо неаднойчы была ў ліку пераможцаў гарадскіх і абласных літаратурных конкурсаў. Зусім нядаўна пачынаючая пісьменніца заняла першае месца ў гарадскім конкурсе літаратурнай творчасці сярод школьнікаў “Голас дзяцінства”. На думку нашай гераіні, перамагаць прыемна, але дзяўчына не збіраецца спыняцца на дасягнутым.
Пісаць Маша пачала ў 9 год, і з таго часу ў яе назбіралася шмат мініяцюр і апавяданняў. Юнай стваральніцы падабаецца апісваць пачуцці і перажыванні людзей, цікавяць яе казкі і гістарычныя творы. Аднолькава лёгка піша яна і на рускай, і на беларускай мовах. Творы школьніцы друкаваліся ў рэспубліканскіх і мясцовых газетах, у калектыўным зборніку “Адкрыццё”.
Першай з творамі Машы знаёміцца яе мама, яна ж – самы шчыры крытык. Цэняць талент юнай пісьменніцы і сябры. Аднакласнікі не перастаюць здзіўляцца яе фантазіі і працаздольнасці. Часам натхненне прыходзіць да дзяўчыны на ўроку, і тады яна можа пісаць нават на шматках паперы.
На пытанне, адкуль Марыя бярэ ідэі для твораў, яна прызнаецца: “Пішу пад уражаннем ад падзей з жыцця, але часам сюжэты бачу ў сне”.
На творчым рахунку Марыі Варабей ужо ёсць дзве аповесці ў стылі фэнтэзі. Праўда, выдаць кнігі пакуль не атрымліваецца. Зараз яна працуе над новай аповесцю “Выдуманы сябар”. Спрабуе пісаць вершы. Свае творы публікуе ў інтэрнэце на сайце “Проза.ру”.
– Маша пачала актыўна ўдзельнічаць у конкурсах з 7 класа, – расказала класны кіраўнік 9 “А” класа Наталля Дзенісюк. – Яе цяжка прымусіць пісаць “на заказ” – гэта значыць, на вызначаныя тэмы. Яна шмат чытае, самаразвіваецца. У гэтага зусім яшчэ маладога аўтара такія глыбокія творы, як быццам іх пісаў дарослы чалавек з вышыні пражытых гадоў. Хацелася б, каб у гэтай творчасці быў працяг.
Марыя Варабей – лепшая вучаніца ў класе. У мінулым навучальным годзе яна заняла прызавыя месцы на раённых алімпіядах па беларускай і рускай мовах. А яшчэ Маша з’яўляецца пачынаючай артысткай. Яна займаецца ў гуртку “Журавінка” і ўдзельнічала ў шматлікіх тэатральных конкурсах.
Акрамя таго, наша гераіня любіць беларускую літаратуру. Асабліва ёй падабаюцца творы Уладзіміра Караткевіча і Яна Баршчэўскага.
Па словах Машы, свой талент неабходна ўпарта развіваць. З-за мімалётнай слабасці не варта адмаўляцца ад сваёй мэты. Уменне ствараць свой чароўны свет з’яўляецца лепшай якасцю чалавека.
Алена ДЗЕБІШ,
г. Брэст.
Главная Іскрынкі душы Юная брэсцкая пісьменніца лічыць, што ўменне ствараць свой свет – лепшая якасць чалавека
от8 февраля, 2019
Юная брэсцкая пісьменніца лічыць, што ўменне ствараць свой свет – лепшая якасць чалавека
