На мяжы даросласці
Імкненне хутчэй пакінуць дзяцінства – памылковае жаданне
“Які цудоўны зімовы пейзаж!..” – у роздуме разглядала я ўсланую пухкім ды бялюткім дываном са снегу пляцоўку школьнага двара, седзячы ля акна ў кабінеце хіміі. Як жа хораша тут ся-дзець, цераз раз глядзець то на настаўніцу, то ў акно. Ні аб чым не турбавацца і, як узорыстыя сняжынкі, павольна кружыцца ва ўласных думках.
Маё задуменне перарваў строгі позірк настаўніцы, міжволі давялося заняцца хіміяй. Але разважанні ўзнавіліся, калі я прыйшла са школы дахаты.
Уладкавалася ў крэсле і падумала: “Вось зараз хуценька пераапрануся, паабедаю, падрыхтую ўрокі – і ўсё, што трэба зрабіць сёння, на гэтым скончыцца. Эх, як добра!..” Нездарма ж людзі кажуць, што дзяцінства – самая лепшая пара ў жыцці кожнага чалавека, а школьныя гады – самыя шчаслівыя.
Згодна з такім меркаваннем. Таму не ўспрымаю ўсур’ёз, калі равеснікі гавораць: “Хутчэй бы гэтыя некалькі гадоў прайшлі, каб скончыць школу, стаць па-сапраўднаму дарослымі і, у рэшце рэшт (о, шчасце!), вырвацца з-пад пільнага нагляду бацькоў, якія зараз не разумеюць, што мы ўжо выраслі”.
Стапрацэнтна магу сцвярджаць, чуючы такія разважанні сяброў, што розумам яны яшчэ дзеці, бо пакуль не зразумелі ўсю каштоўнасць бесклапотнай пары дзяцінства. На нашых плячах не ляжыць цяжар вялікай адказнасці за штосьці, а ўсе турботы – гэта старанна вучыцца.
Але, на вялікі жаль, час такі хуткаплынны! Хочам мы таго ці не, прыйдзецца вылятаць з-пад цёплага мамінага крыла, з утульнага бацькоўскага гнязда, каб закружыцца ў няспынным жыццёвым віры з усімі яго складанасцямі і праблемамі.
Так не хочацца гэтага! Ёсць жаданне хоць крышачку яшчэ затрымацца на гэтай мяжы паміж дзяцінствам і даросласцю. Але толькі на кароткае імгненне дзеля таго, каб запомніць тое цудадзейнае цяпло, якое зыходзіць ад самай лепшай і непаўторнай пары ў маім жыцці…
Дар’я ГАРБАЦКАЯ,
вучаніца Адрыжынскай СШ,
Іванаўскі раён
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.