Беларусь

Надакучлівыя валасы


Папулярная ў дзяўчат эпіляцыя мае не толькі плюсы, але і мінусы, ігнараваць якія касметолагі і дэрматолагі не рэкамендуюць
Якой дзяўчыне не хочацца выглядаць прыгожа?! Усе мы жадаем пазбавіцца надакучлівых праблем са скурай, лішніх кілаграмаў і… непажаданых валасоў. Але, звяртаючы ўвагу на знешні выгляд, часам забываемся на сваё здароўе. Пачуўшы рэкламу, напрыклад, пра новы спосаб эпіляцыі, які нібы павінен разам вырашыць усе  праблемы, ідзём у магазін і купляем электраэпілятар ці васковыя палоскі. А ці бяспечна ліквідаваць валасы ў хатніх умовах, не просячы дапамогі ў спецыялістаў?
Перачытаўшы вялікую колькасць матэрыялаў наконт эпіляцыі, я канчаткова заблыталася. Зразумеўшы, што без кансультацыі ўрача-дэрматолага не абысціся, зазірнула ў кабінет Вікторыі Каралюк, загадчыцы касметалагічнага аддзялення Брэсцкага гарадскога цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі. Яна і дапамагла сістэматызаваць інфармацыю па гэтай тэме.
Самы лёгкі і даступны спосаб эпіляцыі – звычайная брытва. Але ён неэфектыўны, бо валасы пачынаюць расці яшчэ хутчэй, робяцца больш цёмнымі, моцнымі і тоўстымі. Ёсць таксама электраэпіляцыя, дэпіляцыя воскам і фотаэпіляцыя.
Выбраць адназначна найлепшы метад нельга, таму што кожны з іх мае свае плюсы і мінусы. Напрыклад, пры электраэпіляцыі немагчыма пазбавіцца ад валасоў на вялікім участку скуры – складана і балюча. Па гэтай прычыне ў салоне такі спосаб звычайна ўжываюць для знішчэння непажаданых валасоў толькі на твары. Але ўрачы-дэрматолагі папярэ-джваюць: праз некалькі гадоў на скуры могуць утварыцца невялікія рубчыкі. А яшчэ пры самастойнай электраэпіляцыі частая з’ява – урастанне валасоў. Выходзіць, што лепш выкарыстоўваць васковыя палоскі, ды і яны не гарантуюць адсутнасць такіх ускладненняў, як кровападцёкі, алергічныя рэакцыі і заражэнне скуры.
Модная на сённяшні дзень альтэрнатыва дэпіляцыі – фотаэпіляцыя – таксама мае свае недахопы. Па-першае, светлыя і сівыя валасы не падыходзяць для яе. Па-другое, нельга забывацца на супрацьпаказанне: пры свежым загары ўзрастае верагоднасць атрымання апёку. Акрамя таго, абяцанне пазбаўлення валасоў пры фотаэпіляцыі назаўсёды – усяго толькі рэкламны ход. Эфекту хапае на некалькі гадоў – пры тым, што трэба прайсці 5-10 сеансаў з інтэрвалам у 1-2 месяцы.
Але калі перад фотаэпіляцыяй мы так ці іначай атрымліваем кансультацыю ў спецыяліста, дык астатнія спосабы ліквідавання валасоў дзяўчаты выпрабоўваюць самастойна, як кажуць, “на ўласнай скуры”. І часцей за ўсё ніхто з нас нават не задумваецца аб выніках. Вікторыя Львоўна зазначыла, што больш бяспечна праводзіць эпіляцыю, безумоўна, у салоне.
А калі не можаш дазволіць платныя паслугі? “Трэба заўсёды памятаць, што асноўная ўмова эпіляцыі – чыстыя рукі і прылады, – рэкамендуе загадчыца касметалагічнага аддзялення. – Ні ў якім выпадку не зацягвайце і зазірніце ў касметычны салон або змяніце метад эпіляцыі, калі заўважыце, што пачалося ўрастанне валасоў”.
Ёсць шмат розных крэмаў, ласьёнаў і тонікаў, якія можна выкарыстоўваць перад і пасля эпіляцыі. Усе гэтыя сродкі сёння лёгка знайсці ў любой касметычнай краме або аптэцы. Галоўнае – не грэбаваць парадамі ўрачоў. Бо пра сваё здароўе трэба  клапаціцца ў першую чаргу. Будзем мы здаровыя – будзем і прыгожыя!
Станіслава УМЕЦ,
студэнтка  Інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля