Беларусь

Час для ёлак


Каля 60 кірмашоў па продажы навагодніх прыгажунь арганізавана ў вобласці
Шмат чаго трэба паспець, пакуль выніковы бой курантаў не адправіў год Тыгра ў мінулае. Па-першае, варта добра падрыхтавацца да традыцыйных зімовых свят, сімвалам якіх лічыцца навагодняя ёлка. Купіць вечназялёнае дрэва можна ўжо зараз амаль на 60 ёлачных кірмашах, 14 з іх прапісаліся ў Брэсце. Перад тым, як трапіць на продаж, а пасля і ў наш дом, навагоднія дрэвы гадаваліся ў пітомніках. Каб задаволіць патрэбы жыхароў Брэстчыны, усяго будзе пастаўлена каля 46,5 тысячы лясных прыгажунь. Навагодняе дрэва вышынёй у адзін метр каштуе каля 11 тысяч рублёў.
Яркую “вопратку” для галоўнай гераіні свята ў выглядзе шарыкаў, зорачак і гірлянд звычайна падбіраюць на навагодніх кірмашах, якія ўжо заклікаюць пакупнікоў. Самы буйны – па вуліцы Гогаля ў абласным цэнтры. Жыхары райцэнтраў тым не менш не адчуваюць сябе пакрыўджанымі. Розныя ёлачныя ўпрыгажэнні, свечкі, карнавальныя маскі, сувеніры з сімволікай надыходзячага года без праблем можна купіць у Пінску, Драгічыне, Баранавічах, Кобрыне – тут маштабны пераднавагодні продаж разгарнуўся ў другой дэкадзе снежня.
Смакатой да стала таксама можна запасацца, ды для самых цярплівых гандлёвыя аб’екты вобласці падрыхтавалі святочныя “бонусы”, а дакладней – 5-20-працэнтнае зніжэнне кошту на прадукты харчавання, кулінарныя вырабы. Як паказвае леташні вопыт, акцыі пачынаюць дзейнічаць напярэдадні навагодняй містэрыі.
Ёлкі на гарадскіх плошчах ужо запалілі агні. Велічная 24-метровая прыгажуня на плошчы Леніна ў абласным цэнтры сёлета свеціцца амаль пяццю тысячамі рознакаляровых ліхтарыкаў, абвітых гірляндай вакол яе. На пачатку снежня разам з Дзедам Марозам і яго ўнучкай Снягуркай адкрылася галоўная ёлка і ў Баранавічах – сотнямі прыгожых агеньчыкаў зазіхацела па-святочнаму прыбраная лясная жыхарка. У Пінску верхавіну гаспадыні свята ўпрыгожыла незвычайная святлодыёдная зорка коштам у 10 мільёнаў рублёў.
Для брастаўчан своеасаблівым ноу-хау ў плане афармлення горада сталі падсвечаныя сінімі, зялёнымі, белымі агнямі невялічкія ёлачкі: нібы сястрычкі-блізняткі аднолькавага росту і памеру, яны “выраслі” на раздзяляльнай паласе па вуліцы Маскоўскай. Фасады будынкаў, вітрыны магазінаў таксама не засталіся без навагодняй ілюмінацыі…
Калі гадзіннік праб’е дванаццаць разоў, выпраўляючы стары год за вароты, каля цэнтральных ёлак у кожным населеным пункце вобласці адбудзецца сапраўднае святкаванне. Урачыстасці ў горадзе над Бугам пройдуць у другой палове ночы на адкрытых пляцоўках па адрасах: Дуброўская, 5, Смірнова, 23, Маскоўская, 300, Я. Купалы, 3, Суворава, 106, а таксама каля Палаца культуры прафсаюзаў, на плошчы Леніна, у паўднёва-заходнім мікрараёне Вулька-1. Супрацоўнікі аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама загадзя падрыхтавалі для мясцовых жыхароў і гасцей тэатралізаванае прадстаўленне пад назвай “Навагодні заклік”, якое парадуе ўсіх, хто збярэцца на галоўнай плошчы ў першай гадзіне ночы. А вось у Ганцавічах сустрэча года труса запланавана ў выглядзе эстраднага шоу “Карнавальная ноч” – мяркуючы па назве, здаецца, што абавязковым “дрэс-кодам” на гэтай імпрэзе будзе навагодні касцюм ці маска. Таму раю не губляць часу, а рыхтавацца, рыхтавацца і яшчэ раз рыхтавацца…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля