Зімовыя матывы

Зімовыя матывы

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Завіруха
Зранку ў прыродзе было ціха, спакойна. І хоць у лесе многа снегу і па ім цяжкавата хадзіць, але было прыемна.
А пасля абеду неба пацямнела. Спачатку пайшоў снег, рэдкі, камкаваты, потым узмацніўся. Узмацніўся і вецер. Зашамацелі вершаліны дрэў, зарыпелі галіны. Яшчэ праз нейкія паўгадзіны тое ранейшае прыемнае адчуванне знікла і запанавала трывога, бо лес ужо быў ва ўладзе ветру: бярозы размахвалі галінамі-бізунамі, хвасталі адна адну, быццам уступілі ў злосную бойку; сосны гнуліся, навальваліся кронай на крону, незадаволена крахталі ці нават стагналі.
Трэба вяртацца дадому. Але ж што там, па-за лесам, у адкрытым месцы? А там, у полі, гуляла завіруха. Свістала, гула, сеяла-веяла. У снежнай віхуры зніклі хаты, хоць да вёскі рукой падаць. Куды ні глянь – усюды бела. Вецер то збаўляў свой напор, то, сабраўшы ўсю сваю моц, шугаў, падхопліваў мільярды сняжынак, круціў іх над зямлёю, збіраў у белыя шлейфы і складваў у зацішныя месцы ў гурбы або нёс некуды ўдаль, у замроеную снегам бездань.
Цяпло рабінавых ліхтарыкаў
На фоне снежнай белізны дзве рабіны, абвешаныя гронкамі, свяціліся яркай чырванню. З прыходам маразоў ягады яшчэ больш успыхнулі, заірдзелі вугольчыкамі.
Спакойныя амялушкі, прыціснутыя марозам, ажывіліся, паімчалі ў пошуках ежы.
Вялікая чарада гайданулася стракатым у паветры і шухнула на рабіны. Абляпілі птушкі дрэвы і пачалі церабіць гронкі. Прагна. І, здавалася, не клявалі, а пілі. Кожная амялушка сарве ягаду, задзярэ галоўку і глытне. Зноў сарве, задзярэ галоўку і каўтане…
І калі па дарозе хто ішоў ці ехаў, птушкі зрываліся на хвіліну з рабін, садзіліся непадалёк на клёны – і зноў назад. І так было доўга.
Паляцелі птушкі. Патухлі ліхтарыкі, а з імі – тая рабінавая прыгажосць, што была да прылёту амялушак. Але радавала, што яркія вугольчыкі, якія панеслі з сабой птушкі, будуць грэць іх, хай і нядоўга, але на-дзейна.

Лесвіцы да сонца
Прытаміўся за некалькі гадзін працы ў сасновым лесе, прысеў. Прыгледзеў-ся – і першае, што кінулася ў вочы ў гэтай немаладой ужо пасадцы, – у сосен, якія стаяць роўнымі радамі, пасля снегападу ярка выдзеліліся аблямаваныя снегам сукі і галіны. Яны – як ступені. Кожнае дрэва – гэта лесвіца. І здаецца, што кожная сасновая верхавіна ўзбіралася па гэтай лесвіцы, абганяючы адна адну, уверх, на прастор, да неба – да жыцця. Бо выжываюць тыя, што вырваліся да сонца…
Сцяпан НЕФІДОВІЧ,
Лунінецкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На мяжы даросласці

Следующая запись

Час для ёлак