Валерый ГАПЕЕЎ: “Не даваць спаць душы…”

Валерый ГАПЕЕЎ: “Не даваць спаць душы…”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Валерый Гапееў – адзін з самых вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць для падлеткаў. Ён жыве ў Івацэвічах, працуе адказным сакратаром у раённай газеце “Івацэвіцкі веснік”, яго творы актыўна публікуюць літаратурныя часопісы, свет пабачылі ўжо некалькі кніг празаіка. Сёння Валерый Гапееў – госць “Берасцейскага вогнішча”.
–  Валерый Мікалаевіч, давайце пачнём, пэўна, з галоўнага… Скажыце, калі ласка, а ці ёсць, на Ваш погляд, будучыня ў беларускай літаратуры? Ці заўсёды літаратура здольная звязаць мінулае і сучаснасць?
– Хочаце пачуць ад мяне аптымістычна-ўпэўненае: “Вядома, ёсць!”? Не, не буду казаць так. Літаратура жыве, пакуль жыве мова, на якой яна пішацца (таму, дарэчы, для мяне дзікім абсурдам гучыць “рускамоўная беларуская літаратура”). Але ж вядома і тое, што мова можа памерці, знікнуць. Вунь знікае рэальна ірландская мова – катастрафічная сітуацыя, калі і дзяржава не можа кардынальна змяніць такі стан рэчаў. Падлічана, што кожны тыдзень на зямлі знікае адна мова.
– Жахлівая статыстыка…
– Не буду, што называецца, каркаць, але і прыхарошваць становішча не  магу лічыць за гераізм.
Наконт таго, ці здольная літаратура звязваць мінулае і сучаснае. А яна павінна гэта рабіць? Задача літаратуры як часткі агульнай культуры – быць, існаваць. Вось, на мой погляд, яе галоўная задача, больш літаратура нікому нічога не павінна. (Толькі ў гэтым выпадку мы кажам пра сапраўдную літаратуру, значэнне якой тут, думаю, зразумела).
– У грамадстве часта ўзнікаюць дыскусіі пра тое, як кніга ўздзейнічае на чытача,  альбо пра тое, як чытач сваімі развагамі пра жыццё, сваёй, няхай сабе і суб’ектыўнай, філасофіяй уплывае на развіццё літаратуры… Хто, на Ваш погляд, знаходзіцца пад большым уплывам — чытач альбо кніга? Ці сама літаратура залежная ад чытацкага мыслення, развіцця чытача і, адпаведна, грамадства?
– Рашуча  выкажуся супраць таго, каб на пісьменніка навешвалі адказнасць за тое, што яго кнігі павінны нечаму там вучыць. Пісьменнік так,  а не іначай,  бачыць свет вакол сябе. Ён – з гэтага грамадства, плод яго, плоць ад плоці і дух ад духу. Ён проста ўмее сканцэнтраваць нешта асаблівае з таго, што бачна ўсім, і паказаць з іншага боку. Кніга ўздзейнічае? Значыць, яна з’яўляецца прадметам мастацтва. Кніга і павінна ўздзейнічаць: абуджаць душу і дух, прымушаць іх працаваць. Гэта задача літаратуры – не даваць спаць душы. Але прама, у лоб  не вучыць, не весці за сабой, не натхняць. Калі літаратура пачынае гэтым займацца – гэта кан’юнктуршчына палітычная, сацыяльная, іншая… Калі кніга пачынае залежаць ад патрабаванняў чытача, яна становіцца таварам па запатрабаванні, на сёння – чытвом. Што мы ў большасці выпадкаў і маем.
– З вялікай павагай ставіліся да беларускай мовы класікі айчыннай літаратуры. Зроблена неверагодна шмат для пашырэння і развіцця прасторы беларускай мовы. І ўсё ж неаднойчы даводзілася чуць: беларуская мова знаходзіцца ў заняпадзе. Ці згодны Вы з гэтым?
– Хаця і пачалі мы гаворку з сумнага… Заняпад – не скажу. Скажу, што ўсё беларускае страціла значнасць найперш у вачах тых, ад каго напрамую залежыць яе развіццё і значнасць. Баюся, калі спахопяцца – будзе позна. Вы гаворыце, зроблена шмат для пашырэння беларускай мовы. Гэта сёння, калі колькасць беларускамоўных класаў (ужо не школ – класаў!) скарачаецца год ад году? Казаць пра адно свята ў годзе – Дзень беларускага пісьменства як пра “неверагодна шмат”, язык не павернецца. Сёння пісьменнік для грамадства не мае ніякага кошту – яго праца над творамі аплачваецца ніжэй за ўсякія магчымыя сумы. Працаваць над раманам, напрыклад, тры гады і атрымаць ганарар  у выглядзе двухмесячнага заробку дворніка – гэта павага да літаратуры? Літаратура развіваецца, яна не ў заняпадзе, няхай і развіваецца не дзякуючы, а насуперак. У заняпадзе  знаходзіцца работа над маральнымі, этычнымі і духоўнымі каштоўнасцямі грамадства – вось гэта маё перакананне. Нельга рабіць лозунгам нармальнага жыцця чалавека чарку ды шкварку.
– У Беларусі  ўжо традыцый-нымі сталі кніжныя выставы, Дні беларускага пісьменства… Як Вы лічыце, ці спрыяюць гэтыя святочныя імпрэзы захаванню прыярытэтаў друкаванай кнігі?
– Безумоўна. Трэба прыкладаць усе намаганні для таго, каб захаваць у грамадстве такую каштоўнасць як кніга друкаваная. Бо на самой справе, кніга – гэта не толькі твор аўтара, гэта работа мастака, выдаўца. Кніга – мастацкая адзінка. І гэтым яна розніцца сёння, і будзе розніцца надалей ад кнігі электроннай.
– Як Вы ставіцеся да таго, што для сённяшніх тынэйджараў хутчэй будзе ў Google знайсці кнігу і прачытаць, можа быць, і ў кароткім пераказе, чым наведаць звычайную бібліятэку?
– Калі знайсці як інфармацыю – выдатна. Калі прачытаць кароткі пераказ – вельмі адмоўна. Зрэшты, нельга абвінавачваць таго ж студэнта ў тым, што ён замест Нацыянальнай бібліятэкі “едзе” ў інтэрнет. Часу няма… Загрузка велізарная. Будзем спадзявацца, што нешта чытае. Магчыма, некалі прачытае. Зрэшты, я вось успамінаю сваё дзяцінства і юнацтва – думаеце, у нас у класе было многа аматараў чытаць? Ды чацвёра-пяцёра былі запісаныя ў вясковую бібліятэку. І, на маю думку,  вельмі і вельмі перабольшаны тэзіс пра ўчарашняе “усё было добра”: “Раней дзеці чыталі, а сёння не чытаюць”. Вось на нядаўняй сустрэчы ў бібліятэцы адной мы якраз і ўзнялі гэтую тэму. І раптам бібліятэкары прыйшлі да высновы, што 15-20 гадоў таму чыталі дзеці ну зусім не на шмат больш.
– У Вашай кнізе “Урокі першага кахання” дэталёва апісваюцца ўсе надзённыя праблемы юнакоў, дзяўчат: першае каханне, сяброўства, адносіны з бацькамі ва ўзросце 14-15 гадоў…  Наколькі складана Вам знаходзіць матэрыял? Вы пішаце пра сябе, свае ўяўленні ці расказваеце пра вопыт знаёмых вам дзяцей?
– Перад дзецьмі ўсіх пакаленняў як перад любым чалавекам, які расце, развіваецца, паўстаюць зазвычай адны і тыя ж праблемы, якія ўзнікаюць ад сустрэтага першы раз у жыцці нейкага адмоўнага ці станоўчага вопыту. Той жа выбар паміж тваім сумленнем і набыццём нечага матэрыяльнага. Вопыт няспраўджанага кахання. Іншая атрыбутыка, афармленне, а сутнасць не мяняецца. Адкуль мне вядомая атрыбутыка? Дапамагае інтэрнет, дапамагаюць самі падлеткі. Кожны з іх у рэальным жыцці гатовы падзяліцца сваімі праблемамі, важна толькі чуць іх, слухаць – і  зразумець, наколькі для іх гэта важна. Ну, і не кідаць з вышыні свайго вопыту: “Гэта глупства, загоіцца…”. Для нас было гэта глупствам?  Не. Дык чаму для іх іначай?
– Пра што Вам хацелася б напісаць, што збіраецеся яшчэ данесці да людзей? Якія перакананні выпрацоўваюцца ў Вас пасля такіх доўгіх разважанняў пра нашых юных сучаснікаў?
– Мне зараз у многім шкада цяперашніх падлеткаў. Я бачыў па сыне, бачу па дачцэ, што ў іх дзяцінства куды больш кароткае, чым было ў нас. Сённяшнія падлеткі імкліва, проста лавінай нейкай ляцяць у дарослае жыццё. І не яны ў гэтым вінаватыя. Дзяцінства – гэта час без клопатаў. Той час, калі дарослыя засцерагалі нас ад сапраўдных праблем. Сёння нішто не можа захаваць падлетка ад вонкавага жыцця, ад яго жорсткасцей. Сутыкненне з рэчаіснасцю адбываецца вельмі рана.
Пра што хацелася б напісаць? Нейкія накіды ёсць, але яшчэ ўсё ў стане фарміравання. Падрыхтаваны рукапіс другой кнігі, якая можа стаць арганічным працягам “Урокаў першага кахання”. Ляжыць у выдавецтве “Мастацкая літаратура” рукапіс “Ведзьмінай тоні”. Хацелася б пабачыць лагічнае завяршэнне сваёй справы і тут, у тым, што даўно распачаў.
Гутарыла Дар’я ШОЦІК,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Зона ЗАДАВАЛЬНЕННЯ. Драгічын.

Следующая запись

Люсінцы вельмі ганарацца тым, што ў іх вёсцы настаўнічаў сам Якуб Колас