Зінаіда Дудзюк прэзентавала раман “Слодыч і атрута”

Зінаіда Дудзюк прэзентавала раман “Слодыч і атрута”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

На прэзентацыі ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна вядомая пісьменніца Зінаіда Дудзюк расказала аб тым, як нарадзіўся раман “Слодыч і атрута”
Творчасць Зінаіды Іосіфаўны  добра вядома беларускаму  чытачу. Яна аўтар паэтычных зборнікаў, а таксама твораў для дзяцей, п’ес, эсэ, аповесцей і раманаў.
Пра што новы твор, над якім аўтар працавала ледзьве не ад пачатку гэтага стагоддзя? Калі гаварыць сцісла, ён пра жыццё людзей у Заходняй Беларусі на працягу ХХ стагоддзя. Бежанства пасля пачатку Першай сусветнай вайны, рэвалюцыя і грамадзянская вайна, Другая сусветная вайна, польскі рэжым і прыход Саветаў, рэпрэсіі і нямецкая акупацыя… Гэтыя і іншыя падзеі пададзены праз лёс звычайнай заходнебеларускай сям’і.
І яшчэ гэта кніга пра каханне.  Дзве родныя сястры закахаліся ў аднаго хлопца. І хоць абедзве не прызнаваліся ў гэтым, але паміж імі ішла  барацьба амаль што не на смерць. Урэшце адна з сясцёр з’ехала ў Амерыку, а другая засталася на радзіме, выйшла замуж. Што і як было далей? Каб даведацца, трэба чытаць раман…
Задумы маштабных літаратурных твораў узнікаюць па-рознаму.  У дадзеным выпадку  ва ўсім  аказалася “вінаватай”  вучаніца – а цяпер і сяброўка – Зінаіды Дудзюк, музыкант і неабыякавы да слова чалавек Галіна Гедзік. А было гэта так. Калі Зінаіда Іосіфаўна працавала карэспандэнтам у абласной газеце “Народная трыбуна”, Галіна прынесла ёй аднойчы навуковы трактат свайго дзеда – простага селяніна, былога вязня сталінскіх лагераў, – у якім той выклаў арыгінальнае бачанне працэсаў, што адбываюцца ў глыбінных пластах зямной кары. Штодня апускаючыся ў варкуцінскую шахту і назіраючы за пластамі зямлі на зрэзах, дапытлівы, разумны чалавек  прыйшоў да цікавых высноў. На схіле жыцця ён  даслаў свае развагі і заключэнні ў Акадэмію навук, але адтуль адно што падзякавалі за актыўнасць, і на гэтым усё закончылася. Зінаіда Дудзюк уважліва прачытала перададзены ёй рукапіс, і ў хуткім часе ў газеце быў надрукаваны нарыс “Самародак” пра няпросты жыццёвы шлях самадзейнага селяніна-даследчыка.
Між тым, Галіна падахвочвала да працягу працы – расказала пра бабулю, якой 90 гадоў. Яна надзвычай цікавы чалавек, самога Леніна бачыла…  “Як пачала бабуля мне расказваць!.. –
успамінае аўтар рамана.  – Толькі пасля той размовы яшчэ больш пытанняў узнікла”. Каб не адысці ад гістарычнай праўды, Зінаідзе Дудзюк давялося доўга і настойліва  працаваць з дакументамі ў дзяржаўных архівах. Так ткалася аснова будучага твора.
Пра асобу аўтара, шырыню яго творчага дыяпазону добрае слова сказалі прысутныя на прэзентацыі літаратары, навукоўцы, даўнія прыхільнікі таленту Зінаіды Дудзюк. У прыватнасці, старшыня абласнога аддзялення Саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч звярнуў увагу на рэдкую, нават у творчых колах, працавітасць віноўніцы ўрачыстасці. За багацце мовы, напружанасць сюжэтнага дзеяння дзякавала Зінаідзе Дудзюк намеснік старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Любоў Красеўская. А прафесар дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Зоя Мельнікава  выказала ёй  удзячнасць яшчэ і за тое, што  з’яўляецца частым госцем у вучэбных аўдыторыях.
Прачула, пачуццёва выказалася пра лёсы герояў твора  дырэктар бібліятэкі Святлана Сямашка. “Няхай сабе ў рамане “атруты” болей, чым “слодычы”, – сказала яна, – апошняя перамагае. Перамагае таму, што народжана такімі вечнымі пачуццямі, як каханне, пяшчота, сямейная вернасць, любоў да роднай зямлі”.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Куды прыводзяць мары?

Следующая запись

У Брэсцкім тэатры лялек адбылася прэм’ера спектакля “Самазванец”