Беларусь

  • Главная
  • Экалогія
  • 22 сакавіка грамадскасць адзначыла Сусветны дзень водных рэсурсаў

22 сакавіка грамадскасць адзначыла Сусветны дзень водных рэсурсаў


Тыя, хто адпачываў у дзіцячых летніках, пэўна, хаця б аднойчы ўдзельнічалі ў так званым дні Нептуна. Імправізаванае свята ў гонар уладара воднай стыхіі хоць і насіла жартоўны характар, аднак цудоўна падкрэслівала важнасць для чалавека жыватворнай вільгаці. Зрэшты, сусветная грамадскасць на чале са спецыялістамі-эколагамі даўно заклікае задумацца над праблемамі аховы водных рэсурсаў планеты. Яны адносяцца да ліку найбольш каштоўных і ўразлівых, а таму патрабуюць асцярожнага да сябе стаўлення.
АД НЕПТУНА – ДА КОДЭКСА
Ды пакуль дзеткі ад усяго сэрца славяць дзядулю Нептуна, дарослыя абмяркоўваюць водныя пытанні на разнастайных канферэнцыях. На адной з такіх у спякотным Рыа-дэ-Жанейра, дарэчы, і нарадзілася ідэя правядзення Міжнароднага дня вады. Адбылося гэта ў 1992 годзе падчас канферэнцыі ААН па ахове навакольнага асяроддзя і развіцці
(ЮНСЕД), вядомай таксама як Саміт Зямлі. Ужо з наступнага года задуму паспрабавалі ператварыць у рэальнасць. Свята займела ўласны характар і перыядычнасць, а ў сакавіку 1995-га з дэвізам “Вада – гэта жыццё” да яго далучылася і наша краіна.
Новы 2013-ы Генеральная асамблея ААН абвясціла Годам міжнароднага воднага супрацоўніцтва, у баку аб якога не засталася і Беларусь. На тэрыторыі нашай краіны ў цэлым і на Брэстчыне ў прыватнасці знаходзіцца шэраг трасгранічных водных аб’ектаў. За паляпшэннем іх стану сочаць міжнародныя рачныя камісіі, якія функцыянуюць у басейнах рэк, а рэгламентавана такая дзейнасць Рамачнай воднай дырэктывай.
– Вада не мае палітычных меж і на міжнародным узроўні можа быць як падставай для канфліктаў, так і асновай для плённага супрацоўніцтва, – тлумачыць Алена Пратасевіч, галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўнага  кантролю за аховай і выкарыстаннем водных рэсурсаў абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Сёння гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі вада, сапраўды, аб’ядноўвала людзей. Нядаўна даведалася, што нават падчас ваенных дзеянняў у Іарданіі водная прастора не была ў іх задзейнічана. За апошняе 50-годдзе зафіксавана каля 37 міждзяржаўных водных канфліктаў і складзена звыш 200 дагавораў.
Што да нашай краіны – дык яна звыкла дамаўляецца і сябруе, бо варагаваць не дазваляе менталітэт. На дадзены момант Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі рэалізуе сумесны праект ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. У рамках яго распрацоўваецца новы Водны кодэкс і шэраг іншых дакументаў, у абмеркаванні якіх прымае самы актыўны ўдзел і абласны камітэт прыродных рэсурсаў.
Па словах Алены Пратасевіч, абноўлены кодэкс павінен рэгламентаваць дзейнасць рачных камісій. У гэтым і заключаецца яго ўнікальнасць. Паводле новай стратэгіі класіфікацыя і нарміраванне водных аб’ектаў стануць больш падрабязнымі: для кожнага ўчастка блакітных артэрый будуць запланаваны свае нарматывы забруджвання.
СЯБРОЎСТВА ПАВОДЛЕ ГЕАГРАФІІ
Калі закрануць геаграфію воднага “сяброўства”, дык Брэстчына найбольш актыўна супрацоўнічае з Украінай –
а дакладней, з Валынскай і Ровенскай яе абласцямі. Прыязныя эколагі не абдзяляюць увагай і бліжэйшую суседку – Польшчу. У гэтай краіне абласны камітэт прыродных рэсурсаў даўно абзавёўся аднадумцамі з ліку бяла-падляскіх і беластоцкіх інспектараў па ахове навакольнага асяроддзя.
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што прыяцелям звычайна дзяліць няма чаго, у галіне экалогіі справы ідуць якраз наадварот. Беларусь, Украіна ды Польшча ахвотна падзялілі між сабой адказнасць за раку Заходні Буг. 50 працэнтаў паверхні яе басейна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, 27 – ва Украіне і 23 працэнты належаць Беларусі. На працягу 366,8 кіламетра Буг з’яўляецца мяжой паміж трыма краінамі і адначасова служыць часткай воднай мяжы Еўрапейскага саюза. Клопаты па ахове і выкарыстанні трансгранічнай сістэмы, а таксама абмен гідралагічнай і гідрахімічнай інфармацыяй сёння ратыфікаваны сумеснай Воднай канвенцыяй.
– Міжнароднае супрацоўніцтва ў басейне ракі Буг налічвае ўжо чатыры дзясяткі гадоў, – працягвае тэму Алена Васільеўна. – Першы падобны дагавор вядзе адлік яшчэ з 1964-га. Тады ён уяўляў сабой пагадненне, падпісанае ўрадамі Рэспублікі Польшча і СССР. Пачаткам трохбаковага сяброўства паміж Беларуссю, Украінай і Польшчай на сучасным этапе стала канферэнцыя “Па ахове Буга” ў 1995 годзе. Сёння, каб знізіць забруджванне ракі з боку ачышчальных збудаванняў, КВУП “Брэстводаканал” выкарыстоўвае фільтруючае абсталяванне, набытае за кошт гранта Нацыянальнага фонду аховы навакольнай прыроды і воднай гаспадаркі Польшчы.
Абласны камітэт прыродных рэсурсаў, акрамя гэтага, упісаў у сваю прафесійную біяграфію і шэраг актуальных праектаў, рэалізаваных пад эгідай транс-гранічнага супра-цоўніцтва. Адзін з такіх мае назву “Стварэнне польска-беларуска-ўкраінскай палітыкі ў сферы воднай гаспадаркі ў басейне ракі Буг”. Вынікам работы над ім стаў трохбаковы праект Дагавора па стварэнні міжнароднай камісіі ў басейне Заходняга Буга, распрацаваны брэсцкімі эколагамі разам з польскімі калегамі. З прыцягненнем замежных фінансавых сродкаў, дарэчы, ажыццяўляецца і рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у Брэсце, Баранавічах і Ганцавічах. Нельга забываць і пра абласныя мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада” на 2011-2015 гады. Тым больш, што яны ахопліваюць аж 13 аб’ектаў каналізацыі і маюць аб’ёмы фінансавання больш чым 400 мільярдаў рублёў. Гэта павінна дазволіць выканаць паказчыкі Воднай стратэгіі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года, у прыватнасці, скараціць на 10-15 працэнтаў (у параўнанні з 2010-м) паступленне ў вадаёмы і вадацёкі азоту ды фосфару і на 25-30 працэнтаў зменшыць забруджванне цяжкімі металамі.
ВОДНЫ АПАКАЛІПСІС НЕ ЗА ГАРАМІ
Так, сярод знамянальных дат “зялёнага” календара Сусветны дзень водных рэсурсаў мае асаблівую важнасць. Ён яшчэ раз акцэнтуе ўвагу на найбольш набалелых экалагічных праблемах, выправіць якія, аказваецца, значна лягчэй, чым потым змагацца з наступствамі. “Калі падчас элементарных паўсядзённых дзеянняў – чысткі зубоў, галення, размарозкі прадуктаў, – хоць на некаторы час закрываць кран з вадой, можна сэканоміць дзясяткі тысяч літраў жыватворнай вільгаці на душу насельніцтва”, – лічыць Алена Пратасевіч.
Скажаце, дробязі? Але ў спецыялістаў на гэты конт іншае меркаванне. Яны ўсё часцей прадракаюць недахоп вады, з якім насельніцтва планеты можа сутыкнуцца ў хуткім будучым, а дакладней – ужо ў 2020 годзе.
Кожны з нас штодзённа выпівае прыкладна каля 1,5-2,5 літраў вады, гаспадарчыя патрэбы на Брэстчыне прадугледжваюць у суткі 141 літр на чалавека. Гэты нарматыў блізкі да еўрапейскага, які складае да 150 літраў. Значная колькасць вадкасці пітной якасці расходуецца таксама на вытворчасць прадуктаў харчавання. Напрыклад, для перапрацоўкі тоны малака спатрэбіцца ад 2500 да 5400 літраў вады, на 1000 літраў піва прыйдзецца прыкладна 10 000 літраў чыстай і празрыстай, а вырошчванне кілаграма цыбулі прадугледжвае 130 літраў вадкасці. З падобнымі “апетытамі” абяцаны водны апакаліпсіс можа спраўдзіцца значна раней, чым мы думаем.
Існуе меркаванне, што недахоп вады ў першую чаргу паўплывае на жанчын. Незвычайную сувязь стыхіі з фізіялогіяй прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва ў 1995 годзе нават зрабілі дэвізам Сусветнага дня вады. “Вада і жанчыны” – менавіта так ён гучаў.
Дарэчы, унікальнасць гэтай прыроднай стыхіі яшчэ і ў тым, што яна валодае… памяццю. Шэраг эксперыментаў пацвердзіў: вада насамрэч запамінае рэчывы, якія раней у ёй раствараліся. Некаторыя калянавуковыя гіпотэзы далі падставы меркаваць, быццам бы вада можа запамінаць і вымаўленыя словы або эмоцыі. А калі так, дык ці значыць гэта, што жыватворная вільгаць фіксуе ўсе крыўды, нанесеныя ёй чалавекам? І што яна абавязкова адпомсціць, калі мы не паспрабуем хаця б часткова загладзіць сваю віну?..
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля