Сцэну Брэсцкага тэатра лялек на два дні аддалі фестывалю “Дзве сястры: Беларусь і Расія” і конкурсу мастацкага чытання “Часоў сувязная ніць”
У першыню аддзел адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста злучыў у адно цэлае дзве творчыя імпрэзы – штогадовы конкурс мастацкага чытання “Часоў сувязная ніць” і адкрыты фестываль школьных тэатральных калектываў “Дзве сястры: Беларусь і Расія”, які праходзіць раз у два гады. Фэст мастацкага слова і тэатральнай дзеі, прымеркаваны да Дня адзінства народаў Беларусі і Расіі, сёлета падтрымалі генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, райкам БРСМ і суполка РГА “Белая Русь” Маскоўскага раёна. Адметнасцю мерапрыемства стала і месца яго правядзення – сцэна Брэсцкага тэатра лялек: прафесійныя артысты ўступілі яе юным талентам, а дырэктар тэатра Міхаіл Шавель, супрацоўнікі ўстановы гасцінна сустрэлі школьнікаў. Консул Расіі ў Брэсце Мікіта Маткоўскі палічыў імпрэзу вартым дыпламатычнай увагі мерапрыемствам. На цырымоніі адкрыцця ў панядзелак, 18 сакавіка, Мікіта Мікалаевіч гаварыў пра культурную еднасць беларускага і рускага народаў, а 19 сакавіка прагледзеў амаль усю праграму тэатральнага фестывалю “Дзве сястры: Беларусь і Расія”. І прызнаўся: “Я атрымаў вялікае задавальненне. Зайздрошчу брэсцкім настаўнікам, што ў іх такія таленавітыя вучні”.
А нашы юныя таленты парадавалі, здзівілі не толькі расійскага дыпламата. Раённы конкурс мастацкага чытання “Часоў сувязная ніць” паказаў, што сучасныя дзеці, незалежна ад узросту, любяць літаратуру, тонка адчуваюць слова і ўмеюць данесці сваё эмацыянальнае яго ўспрыняцце і равеснікам, і дарослым. Па словах старшыні журы метадыста аддзела адукацыі Святланы Смірновай, кожны раз чытальнікі радуюць і відавочна праца настаўнікаў, якія ўмеюць захапіць маладое пакаленне літаратурай. Сёлета ж асабліва феерычнымі былі выступленні ў старэйшай узроставай групе 9 – 11 класаў. Гран-пры тут атрымаў вучань СШ №35 Аляксей Соўпель. На п’едэстал таксама ўзышлі Іван Семкіў (ліцэй №1 імя А.С. Пушкіна, 1-е месца), Марына Баранчук (гімназія №6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава, 2-е месца) і Валерыя Еўцюхова (СШ №15, 3-е месца). Сярод чытальнікаў 7 – 8 класаў вызначыліся Аляксей Семянюк з 30-й школы (Гран-пры), Наталля Васілюк з СШ №12 імя К. Губарэвіча (1-е месца), Аляксандр Карпук з 6-й гімназіі (2-е месца), Ілья Крук са школы №23 (3-е месца). У малодшай групе, дзе выступалі вучні 5 – 6 класаў, Гран-пры журы аддало Лізавеце Хвяшчук з сярэдняй школы №12, а ў тройку лаўрэатаў увайшлі Аляксандр Патаповіч (СШ №28), Валерыя Сцепаненка (31-я школа) і Кацярына Боўш (СШ №6).
Здольнасці ў мастацкім чытанні прадэманстравалі і настаўнікі. Гран-пры заваявала Алена Канавалава, выкладчыца рускай мовы і літаратуры СШ №30 імя Д.Б. Гвішыяні.
Што да тэатральнага фестывалю “Дзве сястры: Беларусь і Расія”, дык было паказана 10 спектакляў. Драма, камедыя, сатыра, казка – у афішы суседнічалі пастаноўкі па творах У. Маякоўскага, М. Гогаля, К. Губарэвіча, Я. Шварца, А. Астроўскага, У. Караткевіча. Зала суперажывала героям “Звычайнага цуду” (СШ №35), “Каласоў пад сярпом тваім” (СШ №3), “Прынцэсы на гарошыне” (СШ №12). Крануў патрыятычным гучаннем спектакль “Непрыступныя сцены” па матывах губарэвічаўскай драмы “Брэсцкая крэпасць” у выкананні дзесяцікласнікаў 14-й школы. Захапіў “Клоп” Маякоўскага, сыграны навучэнцамі ліцэя №1 (на здымку). І “Казачныя сны” (29-я школа), і “Бедныя нявесты” (СШ №31), і “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі” (школа №15), і “Я – зорка! ці Калі ж пойдзе дождж?” ( СШ №12) далі падставу гаварыць аб захопленасці педагогаў, якія імкнуцца пашырыць для сваіх вучняў межы цудоўнага і далучыць іх да мастацтва, каб дзеці былі не толькі сузіральнікамі, але і стваральнікамі. Невыпадкова таму на закрыцці фэсту, якраз перад уручэннем усім удзельнікам імянных сертыфікатаў, начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Юрый Прасмыцкі сказаў: “Нас яднае мастацтва. Яно блізкае і Беларусі, і Расіі. Галоўнае – каб не было ніякіх фактараў, якія змаглі б парушыць адзінства духоўнае і творчае”.
Няма нічога мацнейшага за слова. Па-ранейшаму прывабным застаецца тэатр. Побач з дыялогам палітычна-эканамічным не губляе актуальнасці дыялог культурны. І гэта цудоўна, калі дарослыя праз слова, праз тэатральную дзею раскрываюць дзецям неабсяжны свет мастацтва. Бо не адзіным жа хлебам жывём усе мы…
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.