Беларусь

  • Главная
  • Экалогія
  • Ці супадаюць нашы ўяўленні пра экалагічную культуру з меркаваннямі спецыялістаў-эколагаў?

Ці супадаюць нашы ўяўленні пра экалагічную культуру з меркаваннямі спецыялістаў-эколагаў?


Жыццё паказвае, што выхад з любой складанай сітуацыі звычайна знаходзіцца там, дзе і ўваход. Таму і кожны жыхар вобласці, які нярэдка, нават сам таго не жадаючы, крыўдзіць прыроду, здольны выправіць негатыўныя наступствы сваіх учынкаў. Напярэдадні Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя, які адзначаецца 5 чэрвеня, варта паразважаць наконт таго, чым сёння заклапочаны берасцейскія эколагі, а на што павінны звярнуць увагу мы – звычайныя прыродакарыстальнікі. З такімі думкамі накіроўваюся ў абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
ПАВЕТРА,
ЯКІМ МЫ ДЫХАЕМ
Кіраўнік аддзела дзяржкантролю за аховай атмасфернага паветра Лілія Стрэльнікава ахвотна падзялілася праблемамі, якія сёння хвалююць супрацоўнікаў гэтага структурнага падраздзялення:
– Непрыемным для нас па-ранейшаму застаецца пытанне забруджвання паветранага басейна гарадоў фармальдэгідам і цвёрдымі часцінкамі. Зараз, у цёплы перыяд, праблема набывае асаблівую вастрыню. Тым не менш, агульная сітуацыя ў сферы аховы паветра характарызуецца досыць станоўчай дынамікай. Для змяншэння шкодных выкідаў у атмасферу прадпрыемствы вобласці, у прыватнасці, кампаніі “Пінскдрэў”, “Граніт”, “Івацэвічыдрэў”, Жабінкаўскі камбікормавы завод, устанавілі  больш дасканалае газаачышчальнае абсталяванне і фільтры. А пераход на газ кацельняў таго ж “Граніта”, “Івацэвічырайгаза” і Івацэвіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі дазволіць знізіць выкіды забру-джвальных рэчываў дзесьці на 37 тон. Летась за кошт мадэрнізацыі і саміх прадпрыемстваў, і газаачышчальных установак абясшкоджана звыш 150 тон забру-джвальных рэчываў.  Па дадзеных лакальнага маніторынгу на прадпрыемствах не заўважана  перавышэнняў устаноўленых лімітава-дапушчальных значэнняў выкідаў.
Тым не менш, адной з сёлетніх задач па-ранейшаму застаецца ўзмацненне кантролю за рэалізацыяй асноўных кірункаў у вобласці аховы атмасфернага паветра. А гэта і будаўніцтва новых газаачышчальных установак, і скарачэнне спажывання вугляроднага паліва, і павышэнне экалагічнай бяспекі транспарту шляхам пераходу на экалагічныя віды паліва.
Прыродакарыстальнікам, асабліва з ліку аўтааматараў, варта паклапаціцца пра тэхнічны стан сваіх транспартных сродкаў. У мінулым годзе, сведчыць статыстыка, з перавышэннем норм таксічнасці эксплуатаваўся кожны шосты аўтамабіль, з перавышэннем норм дымнасці – кожны сёмы. А гэта не толькі дадатковая нагрузка на наваколле, але і непрыемны момант для саміх аўтамабілістаў, бо за невыкананне дзяржаўных стандартаў прадугледжаны штраф.
БЯСКОНЦА САЧЫЦЬ ЗА… ВАДОЙ
Хоць гэтая стыхія не з’яўляецца характэрным для чалавека асяроддзем, аднак нельга ігнараваць той факт, што мы больш чым напалову складаемся з вады і актыўна карыстаемся ёй у гаспадарцы. У прынцыпе, у прыродзе шмат стыхій, але вада са старажытных часоў лічыцца сімвалам урадлівасці, успрымальнасці, духоўнага пачатку. Яна заўжды была выдатным месцам адпачынку для чалавека, а мы ў сваю чаргу павінны ўсведамляць, якое значэнне вада мае ў нашым жыцці. Часам нават тры шклянкі выпітай вадкасці дапамогуць зняць галаўны боль. Чаму? Усё таму, што вада здольна ачышчаць наш арганізм ад шкодных рэчываў. Яна – сапраўды жывая энергія.
Эколагі ўсіх краін прыцягваюць увагу грамадскасці да стану водных аб’ектаў, да праблем бяспечнага для здароўя людзей водазабеспячэння і рацыянальнага водаспажывання. Брэстчына таксама не выключэнне. Крыніцай пітнога забеспячэння вобласці з’яўляюцца падземныя воды, якія здабываюць праз артэзіянскія свідравіны, а іх у нас – больш за 4 тысячы.
– Тэрыторыя вобласці скрозь пранізана блакітнымі артэрыямі – рэкамі, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем водных рэсурсаў Алена Пратасевіч. – Іх у нас налічваецца аж 178. Самыя буйныя – даўжынёй звыш 500 кіламетраў – Заходні Буг, Прыпяць і Гарынь, сярэднія па даўжыні – Шчара і Ясельда. Таксама на Брэстчыне знаходзіцца 668 азёр, 45 вадасховішчаў, 330 сажалак і 101 крыніца. У цэлым, можна сказаць, запасаў прэсных павярхоўных і падземных вод дастаткова для задавальнення патрэб насельніцтва і галін эканомікі.
Аднак часта чалавек сам сабе наносіць шкоду тым, што не думае пра заўтра. Вынік – забруджаныя рэкі і вадаёмы. Вось таму ў спецыялістаў-эколагаў кожнае новае “заўтра” традыцыйна праходзіць у клопатах. Паляпшэнне якасці пітной вады, працяг трансгранічнага маніторынгу рэк Заходні Буг і Прыпяць, пашырэнне сеткі лакальнага маніторынгу, укараненне найлепшых даступных тэхнічных метадаў ачысткі сцёкаў – толькі прыкладны пералік таго, з чым прыходзіцца мець справу аддзелу.
Увогуле, вадой занята каля трох працэнтаў усёй тэрыторыі вобласці. Каб кантраляваць сітуацыю па той бок сушы, рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў у межах Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці на 2011– 2015 гады, Дзяржаўнай праграмы  “Чыстая вада” і іншых. Толькі летась у эксплуатацыю ўведзены 5 станцый абезжалезвання і 12 лакальных ачышчальных збудаванняў вытворчых і ліўневых сцёкаў. Для развіцця сістэм водазабеспячэння працягваюцца работы на 7 аб’ектах: у Белаазёрску, Ганцавічах, Кобрыне, Ляхавічах, Брэсце, Пружанскім раёне. Затое статыстыка выкідаў цяжкіх металаў, азоту і фосфару ў водныя артэрыі Брэстчыны пераважна радуе: у 2012-м агульная іх маса аказалася ніжэй за ўзровень папярэдняга года.
Парадавала і тое, што сёлета некаторыя аб’екты па водазабеспячэнні і водаадвядзенні трапілі ў спіс фінансуемых за кошт сродкаў абласнога бюджэту. З ліку першага – гэта водазабор “Лясное” ў Белаазёрску і станцыя абезжалезвання ў вёсцы Любань Лунінецкага раёна, з апошняга – станцыя ачысткі вады ў Пінску, ачышчальныя збудаванні ў Драгічыне, Лунінцы і Століне, а таксама будаўніцтва сетак гасфекальнай каналізацыі ў Брэсце.
Займае думкі эколагаў таксама тое, як зрабіць Брэстчыну больш прывабнай для турыстаў, ды гэта немагчыма без належных клопатаў аб стане малых рэк і масавых месцаў адпачынку на вадаёмах. І хоць дадзеная частка пытання хутчэй апялюе да нашага сумлення, спецыялісты аддзела пільна сочаць за тым, каб усё выконвалася належным чынам.
НАЦЫЯНАЛЬНАЕ
БАГАЦЦЕ – ЗЯМЛЯ
Не менш важна для берасцейскіх эколагаў сачыць за навядзеннем парадку на зямлі, бо яна – сапраўднае нацыянальнае багацце Беларусі, заклад дабрабыту і ўстойлівага развіцця краіны.
Адным з асноўных відаў унікальнага прыроднага багацця з’яўляецца лес, якім, дарэчы, пакрыта трэцяя частка тэрыторыі Брэстчыны. Прычым кожны чацвёрты гектар – рукатворны, а значыць, пасаджаны рукой чалавека ў пасляваенны перыяд. Нагляд за гэтай досыць уразлівай экасістэмай адносіцца да кампетэнцыі аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, расліннага і жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, узначальвае які Уладзімір Рэвяка.
– Аднак клопатамі пра лес абавязкі аддзела не абмяжоўваюцца, – дзеліцца Уладзімір Вячаслававіч. – Нашай увагі патрабуюць таксама ўнікальныя прыродныя комплексы і помнікі прыроды, а іх у вобласці хапае. Да таго ж, з 13-ці Рамсарскіх тэрыторый у рэспубліцы 7 знаходзяцца менавіта на Брэстчыне. Увогуле, тут засяроджана дзве трэці ад усіх ландшафтных заказнікаў краіны, а наш “Спораўскі”, што ў Бярозаўскім раёне, лічыцца самым буйным нізменным балотам у Еўропе з унікальнай флорай і фаўнай. Акрамя гэтага, з надыходам вясны спраў у аддзела прыбаўляецца, бо трэба займацца навядзеннем парадку на зямлі.
Сёлета, дарэчы, падчас выканання абласнога плана па добраўпарадкаванні населеных пунктаў рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх – уборка ад смецця аўтамабільных дарог, прыпынкаў грамадскага транспарту, аўтастаянак, замена дарожных знакаў, лавак, кантэйнераў для смецця і іншае. Агульная тэрыторыя населеных пунктаў, якую атрымалася прыбраць ад смецця падчас вясенняга месячніка па добраўпарадкаванні, склала 5,65 тысячы гектараў. Пры гэтым ліквідавана 148 несанкцыянаваных звалак бытавых адходаў, пасаджана каля 15 тысяч дрэў і прыкладна столькі ж кустоў, уладкавана 70 гектараў газонаў і кветнікаў. Надавалася ўвага і рамонту малых архітэктурных форм, а ўсе пляцоўкі для адпачынку і стаянкі аўтатранспарту былі забяспечаны кантэйнерамі для збору смецця, прыпынкі грамадскага транспарту абсталяваны ўрнамі.
Усё ж, нягледзячы на праве-дзеную работу, спецыялісты аддзела літаральна ў адзін голас гавораць пра тое, што лепш папярэдзіць падобныя сітуацыі, чым потым спрабаваць іх выправіць. Таму прафілактыцы парушэнняў, якія адносяцца да сферы дзейнасці прыродаахоўнага заканадаўства, тут надаецца асаблівая ўвага. Калі звярнуцца да лічбаў, дык сёлета эколагі зафіксавалі 1077 такіх парушэнняў, па 332-м з іх складзены адміністрацыйныя пратаколы. І гэта таксама прымушае задумацца…
Экалагічная
бяспека
Што і казаць, кожны з нас мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Адным з інструментаў яго рэалізацыі з’яўляецца дзяржаўная экалагічная экспертыза, галоўная мэта якой – забеспячэнне экалагічнай бяспекі любой плануемай чалавекам дзейнасці. Выкананне гэтай функцыі ўскладзена на аддзел дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектаў пад кіраўніцтвам Аксаны Цыпан. Значную работу аддзел праводзіць у межах абавязацельстваў Беларусі па Канвенцыі Эспа, якая прадугледжвае ажыццяўленне ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным  кантэксце. Да таго ж, летась спецыялісты гаррайінспекцый прынялі ўдзел у рабоце камісій па выбару пляцовак для будаўніцтва, а агульная колькасць разгледжаных праектаў склала 144.
Разам з правам на спрыяльнае навакольнае асяроддзе кожны з нас атрымлівае і адпаведныя абавязкі, бо толькі мы ўсе разам можам зрабіць свет спрыяльным. І нашы веды пра экалагічную культуру толькі тады будуць супадаць з меркаваннем спецыялістаў, калі мы нарэшце пачуем заклік прыроды пра дапамогу. А каб гэта здарылася, не толькі нашы вочы павінны быць адкрыты, але і сэрцы.
– У сучасным свеце праблемы навакольнага асяроддзя –
самыя актуальныя і, можна сказаць, вельмі балючыя, – разважае Любоў Пахомава, намеснік начальніка аддзела  арганізацыйнай, прававой і кадравай работы. – Ды не толькі таму, што сітуацыя сапраўды неардынарная, а хутчэй таму, што гэтыя праблемы датычацца ўсіх без выключэння. Рашэнне  немагчыма без фарміравання экалагічнай свядомасці і ператварэння яе ў норму паводзін. Комплекс меркаванняў, настрояў, ідэй, якія адлюстроўваюць стаўленне чалавека да праблем экалогіі, прынята называць экалагічнай свядомасцю. Яна – сур’ёзная сацыяльная сіла, бо фарміруе ўстаноўкі на адпаведную экалагічную дзейнасць.
Атрымліваецца, што людзі часта не ведаюць, як паводзіць сябе ў адносінах да прыроды, – і гэта толькі адна з прычын нанясення ёй шкоды. Іншая крыецца ў тым, што не ва ўсіх каштоўнае стаўленне да прыроды пераходзіць у паводзіны. Адпачываючы, напрыклад, мы пакідаем горы смецця пасля сябе і нават не задумваемся пра парушэнне гармоніі. Гэтага быць не павінна! І таму напярэдадні прафесійнага свята берасцейскія эколагі ад душы жадаюць землякам пражываць кожны новы дзень так, каб ён усё больш нагадваў эстафету міласэрных адносін з прыродай.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля