Беларусь

  • Главная
  • Рэха падзеі
  • Да 70-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Міколы Федзюковіча было прымеркавана свята ў Драгічынскім раёне

Да 70-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Міколы Федзюковіча было прымеркавана свята ў Драгічынскім раёне


Дзень памяці паэта-земляка “Мілавіца над Гутавам” яшчэ раз нагадаў усім прысутным: Мікола Федзюковіч нарадзіўся 22 мая 1943 года ў сялянскай сям’і і належаў да таго пакалення паэтаў, дзяцінства якіх прыпала на ваенны і пасляваенны час. А таму ў трапяткім кавалачку сэрца паэта было сабрана ўсё – і трывогі, і боль, і хваляванні, якія ляглі спачатку ў асобныя радкі, а потым і ў пяць паэтычных зборнікаў. Першы з іх – “Зямля – магніт”, выдадзены на 25-м годзе жыцця, калі ў маладога паэта, як кажуць, было ўсё наперадзе.
Добра памятаю, якім шчасліва ўсхваляваным быў, калі з рук творцы-земляка атрымаў гэты невялічкі па аб’ёме паэтычны зборнік. З ім праз сорак з лішкам гадоў і прыехаў у Гутава на юбілей паэта:
Тут –
вайна сорак першага,
страшнага года,
Я – апошні ў сям’і
і адзіны мужчына…
Хто сказаў, што мінае
бусліны край гора?
Бацька мёртвы…
Трываць немагчыма…
Пасля заканчэння ў 1960 годзе сярэдняй школы ў Гутаве Мікола Федзюковіч працаваў у мясцовым калгасе, потым – літсупрацоўнікам Драгічынскай раённай газеты, фотакарэспандэнтам Лунінецкай –
“Ленінскі шлях”. У гэты ж час пачаў друкаваць вершы. Сваё захапленне паэзіяй не прыпыніў і ў час вайсковай службы ў Савецкай Арміі ў Пячах. Сюды ж быў прызваны і яго аднакласнік, да таго ж, сусед Васіль Гук. Гэта яшчэ больш умацавала іх сяброўства, жаданне вярнуцца дадому разам. Так яно і атрымалася. Неўзабаве на падворку бацькавай хаты сына ў вайсковай форме сустракала яго матуля Ксенія Пракопаўна, якая па-ранейшаму працавала калгасніцай. Да сялянскай працы пацягнуліся і рукі ўчарашняга салдата:
Касі, каса, пакуль раса!
Касі і без расы.
Адпачывай, мая каса,
На дзень па тры разы.
Навокала – трава-краса:
ні краю, ні мяжы…
Звіні, каса,
спявай, каса:
“Жу-ж-жых,
жу-жых,
жу-ж-жых”…
Мелодыя касьбы траў літаральна зачаравала мяне, калі ўпершыню пачуў верш з вуснаў паэта-земляка. А пазнаёміліся мы ў Іванаўскай раённай газеце“Чырвоная звязда”, дзе пасля заканчэння сярэдняй школы я пачаў працаваць, а Мікола Федзюковіч пасля вайсковай службы завітаў да рэдактара газеты Аляксея Каўко. Тут агульнымі намаганнямі і вопытам было створана літаратурнае аб’яднанне “Ясельда” з шырокім актывам пачаткоўцаў. Яно аб’яднала нас агульнай мэтай, літаратурнымі захапленнямі і трывалым сяброўствам. Калі ў Іванава прыязджаў Мікола Федзюковіч, над райцэнтрам, здавалася, ярчэй свяціла сонца.
Новыя творы абмяркоўвалі як на пасяджэннях літаратурнага аб’яднання, так і ў коле двух-трох на-дзейных сяброў. Усюды – у рэдакцыі райгазеты, на беразе возера, нават у аўтобусе. Міколу падабалася, калі яго ўважліва слухалі, рабілі заўвагі, давалі карысныя парады. Яго паступленнем у літінстытут не закончыліся нашы творчыя стасункі, сяброўства…
Сярод тых, хто прыехаў у Гутава з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння паэта-земляка, акрамя Васіля Гука, быў яшчэ адзін аднавясковец – цяперашні член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі Інфармацыйных Тэхналогій (МАІТ), вядомы пісьменнік, загадчык бюро прапаганды літаратуры абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар многіх паэтычных кніг, нарысаў, апавяданняў і аповесцей Уладзімір Сітуха. Гэта яму, адзінаму са сваіх землякоў, з кім найчасцей сустракаўся паэт, Мікола Федзюковіч прысвяціў такія ўзнёслыя радкі:
– Гэй, Валодзя, бяры гармонік,
Ды за вёску, акрай аўсоў.
Бор з аблокамі загамоніць,
Узляцяць ураганы-коні
З-пад грывастых,
крутых басоў.
Асядланыя навальніцы
Бліскавіцамі празвіняць…
А дзяўчатам, дальбог,
прысніцца
У гэту ноч зорапад сунічны,
Жураўліная сенажаць.
Ну, а нам з табой да світання
Песні салаўіныя пець:
Пра трывожнае каханне,
Пра шчымлівыя спатканні
Будуць доўга басы рыпець.
– Сваімі вершамі ды песнямі пад гармонік мы адкрывалі для сябе і іншы казачны свет. Нас не проста прыцягвала, а клікала за акрай вёскі родная зямля, векавыя волаты-дубы, рэчка Няслуха з яе мудрым хараством, – пранікнёна гаварыў на сустрэчы з аднавяскоўцамі Уладзімір Сітуха, падмацоўваючы вершамі Міколы Федзюковіча і ўласнымі творамі, пад шчырыя апладысменты гутаўчан, сэнс сказанага, а значыць – перажытага на імклівых вехах жыцця.
Прыязджаючы на канікулы з Масквы на роднае Палессе, Мікола Федзюковіч спяшаўся спярша ў Гутава, да маці, потым – да сяброў-землякоў і абавязкова – з накідамі на паперу новых твораў. Ахвотна вандраваў з імі па навакольных вёсках.
Адным жа з першых заўважыў талент нашага земляка вядомы беларускі паэт Ніл Гілевіч: “Лепшыя вершы ў яго тыя, дзе ён ідзе ад асабістых уражанняў, ад перажытага самім”, – пісаў майстар паэтычнага слова ў часопісе “Дружба народов”. Міколу Федзюковіча ён назваў паэтам з даволі высокай прафесійнай вывучкай. А таму яго паэзія хвалюе чысцінёй пачуццяў, навізной успрымання  навакольнага свету, вобразнасцю і свежасцю думкі з яе нязменным “зямным” пачаткам. Але ўжо ў другім зборніку “Мілавіца” паэта прывабліваюць прасторы космасу за межамі зямнога прыцягнення.
З цікавасцю знаёміліся зямлякі Міколы Федзюковіча з выставай кніг сваіх аднавяскоўцаў: самога юбіляра, Алы Кабаковіч, Уладзіміра Сітухі, Міколы Трафімчука, аўтара гэтых радкоў. На жаль, самога паэта сярод нас не было – ён памёр 8 студзеня 1997 года. Яго імем названа адна з вуліц вёскі Гутава, згадкі аб якой у пісьмовых крыніцах захаваліся з 1502 года.
Напрыканцы памятнай сустрэчы Уладзімір Сітуха падарыў роднай школе ажно 15 новых напісаных ім кніг з аўтографамі, у тым ліку з вершам, прысвечаным свайму славутаму настаўніку-земляку, а таксама дыск з песняй “Чакай нас, любая Зямля!” пра камандзіра касмічнага карабля “Саюз – ТМА 06М” беларуса Алега Навіцкага і яго экіпаж. У час юбілейнага мерапрыемства гучалі вершы і песні і было выказана пажаданне, каб штогод у вёсцы Гутава праводзіць свята паэзіі “Мілавіца над Гутавам” з удзелам як пачынаючых, так і прафесійных паэтаў, празаікаў, музыкантаў, якімі шчодра адорана Драгічынская зямля.
Мікалай ПАНАСЮК,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі,
Драгічынскі раён.
Уладзімір Сітуха
Паэт на лузе
Міколе Федзюковічу
Гарачынь! Нясцерпна млосна,
З твару пот, нібыта град.
А касцы, ажно зайздросна,
Траўку складваюць у рад.
Конь прывязаны, без збруі,
Б’е хвастом сляпнёў і мух.
Адпускнік-паэт рыфмуе,
Застаялы жоўты луг.
“Ах” пад узмах – глядзі, гатова:
Свежа выбрыты грудок…
Нібы літары – у слова,
Ён траву кладзе ў радок.
Завіхаецца з “васьмёркай”,
Аж ідзе па лузе звон.
– Перакур за тым пагоркам, –
Просіць хтосьці наўздагон.
– Перакур! Куды ўжо спешка?!
Узяўся так – касу парвеш…
У адказ паэт з усмешкай:
– Пачакай. Закончу верш…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля