Беларусь

Пра што спявае апошні званок?


Кожнаму – пра сваё, незабыўнае, трапяткое, шчаслівае, і адначасна – пра адно ды тое ж, развітанне з дзяцінствам і выбар будучыні…

У вобласці сёлета – 11 тысяч 576 адзінаццацікласнікаў і 14 тысяч 911 дзевяцікласнікаў. Шмат цёплых слоў гучыць у адрас настаўнікаў і бацькоў. Свята развітання з бесклапотнымі школьнымі гадамі атрымліваецца часцей за ўсё з лёгкім налётам суму. Цяжка сказаць “бывай” школе, сябрам, дзяцінству… Аднак часу на перажыванні ў юнакоў і дзяўчат зусім няма – з 1 па 12 чэрвеня пройдуць выпускныя экзамены.
Акрамя святочных мерапрыемстваў у навучальных установах, па традыцыі лепшыя з лепшых атрымліваюць узнагароды ад старшыні абласнога выканаўчага камітэта Канстанціна Сумара. Цырымонія ўручэння прэмій пераможцам заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і настаўнікаў, якія іх падрыхтавалі, прайшла 29 мая ў абласным грамадска-культурным цэнтры.
– За час існавання прэміі яе атрымалі больш як 600 чалавек, і гэта вельмі высокі паказчык, – адзначыў Канстанцін Сумар. – У нашай краіне шмат увагі надаецца падтрымцы таленавітай моладзі. Адораныя юнакі і дзяўчаты – гэта будучыня сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, а таму патрабуюць асаблівага клопату з боку дзяржавы.
Нягледзячы на тое, што сёлета дыпламантаў крыху менш, чым летась, колькасць пераможцаў алімпіяд застаецца высокай – 55 чалавек. Усяго ў спісе тых, хто атрымаў прэмію ад старшыні аблвыканкама, 112 чалавек. Дарэчы, уражвае памер грашовага заахвочвання. Для дзяцей ўстаноўлена прэмія ад 8 да 15, а для настаўнікаў – ад 15 да 50 базавых велічынь. Прычым, калі настаўнік падрыхтаваў два ці тры пераможцы, ён атрымлівае столькі ж прэмій.
–  Перамога далася нялёгка, – падзялілася ўражаннямі ўладальніца дыплома III ступені па нямецкай мове, вучаніца 9-га класа гімназіі №2 г. Пінска Ангеліна Кікценка. –
Вялікі дзякуй маёй настаўніцы Галіне Крывецкай, якая аддала ўсю сябе для таго, каб даць мне максімум ведаў. Вядома ж, інфармацыі ў школьным падручніку не хапае для ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе, таму такім, як Галіна Андрэеўна, прыходзіцца патраціць шмат сіл для падрыхтоўкі вучняў.
Па традыцыі больш за ўсё дыпломаў на рахунку школьнікаў з Брэста, Пінска і Баранавіч. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя павышэння якасці сярэдняй адукацыі ў сельскай мясцовасці. А на думку Канстанціна Сумара, многія гарадскія школы могуць пазайздросціць вясковым па ўзроўні абсталявання.
Важным пытаннем з’яўляецца арганізацыя дастаўкі дзяцей у навучальныя ўстановы. Сёння ў вобласці для гэтых мэт выкарыстоўваюць 265 аўтобусаў. Сёлета, па словах начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіла Ціханчука, плануецца закупіць яшчэ каля 20. Дарэчы, пасля ўрачыстасці на пляцоўцы каля абласнога грамадска-культурнага цэнтра адбылася прэзентацыя школьнага аўтобуса вытворчасці ААТ “Мінскі аўтамабільны завод”.
Завяршаецца чарговы навучальны год. Хтосьці з нецярпеннем чакае канікулаў, у кагосьці наперадзе паступленне ў вышэйшыя ці сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. А 25 выпускнікоў школ з нашай вобласці, дзякуючы сваім дасягненням у розных інтэлектуальных спаборніцтвах, па праве ўжо могуць лічыць сябе студэнтамі ВНУ. Спадзяёмся, што і для астатніх старт у дарослае жыццё будзе ўдалым. Дык, магчыма, менавіта пра гэта залівіста і звонка спявае апошні званок?..
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ“.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля