Сярод пераможцаў рэспубліканскага этапу экалагічных конкурсаў нямала землякоў

Сярод пераможцаў рэспубліканскага этапу экалагічных конкурсаў нямала землякоў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сярод пераможцаў рэспубліканскага этапу экалагічных конкурсаў  нямала землякоў,
у тым ліку і журналістка “Народнай трыбуны”

Чароўныя імгнені фіналу XX Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў Маладзечна хоць і засталіся ў мінулым, але сёння яны выклікаюць масу прыемных успамінаў у сведкаў яшчэ зусім нядаўніх падзей. Сёлетні форум прайшоў у рамках Міжнароднага года ўстойлівай энергетыкі для ўсіх і акцэнтаваў увагу менавіта на экалагічным асветніцтве чалавека. Больш за 500 айчынных і замежных дэлегатаў сталі ўдзельнікамі галоўнага экалагічнага свята краіны. Акрамя спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя тут былі прадстаўнікі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх аб’яднанняў.
Дарэчы, сталіцай самага першага з падобных мерапрыемстваў у 2003 годзе была абрана Орша. Менавіта тады натуралісты з усёй краіны голасна заявілі: галоўнай умовай вырашэння праблем наваколля з’яўляецца актыўны ўдзел у іх грамадства. І на практыцы патлумачылі: сітуацыя будзе мяняцца літаральна на вачах, калі кожны з нас зробіць свой уклад на карысць прыродзе. Гэта сёлета яшчэ раз падкрэсліў у прывітальнай прамове ўдзельнікам форуму Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч:
“…Калі кожны з нас будзе лічыць сваім абавязкам зберагчы тое, што дадзена нам прыродай, а таксама прызнае сябе адказным за будучыню нашай планеты, мы дасягнем поспеху ў захаванні нашага агульнага дома для наступных пакаленняў”.
– Да падобных пытанняў з году ў год звяртаюцца ў сваёй дзейнасці эколагі вобласці, – расказвае Тамара Ялкоўская, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Так, сёлета на рэгіянальным узроўні форуму папярэднічаў шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Гэта акцыі з красамоўнымі назвамі “Тыдзень лесу”, “Чыстае паветра”, “Дапаможам птушкам”, “Пасадзі дрэва”, “Дзень Зямлі”, штогадовы конкурс творчых работ для школьнікаў “Смецце ў рамцы” і іншыя. Усе яны былі накіраваны на захаванне чысціні нашай жыццёвай прасторы і развіццё экалагічнай адукацыі.
Фінальная частка форуму яшчэ раз пацвердзіла: брастаўчане сапраўды ўмеюць клапаціцца аб навакольным свеце. Як расказалі ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сёлета сярод пераможцаў рэспубліканскага этапу экалагічных конкурсаў па традыцыі ёсць берасцейцы, а ў ліку іх – журналістка “НТ” Ніна Леанавец, якая заняла ІІ месца ў спаборніцтвах на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку ў катэгорыі “Прафесіяналы”. Падобны вынік прадэманстраваў пастаянны ўдзельнік яшчэ адной творчай намінацыі – фотаконкурсу “Гэта твая зямля” – Сяргей Рабаў з Баранавіч. Брэсцкая гарадская ЖКГ і СТАА “Белзнештранс” замкнулі тройкі лідараў у конкурсах па максімальным атрыманні другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў і спаборніцтвах на лепшую аўтатранспартную арганізацыю ў рабоце па зніжэнні забруджвання паветра адпаведна.
У скарбонцы берасцейцаў таксама тры вышэйшыя ўзнагароды. У конкурсе на лепшае ўладкаванне і ўтрыманне месцаў масавага адпачынку насельніцтва ў межах водаахоўных зон водных аб’ектаў не знайшлося роўных дзіцячаму санаторыю “Ружанскі”, што месціцца каля возера Паперня ў Пружанскім раёне. Першае месца ў намінацыі на лепшае падраздзяленне, якое ажыццяўляе гідраметэаралагічныя назіранні, дасталося групе гідралогіі з Пінска. Мацнейшай у спаборніцтвах на лепшы дзіцячы малюнак (узроставая група ад 3 да 5 гадоў) аказалася Соня Ісаенка, выхаванка дзіцячага садка №19 г. Брэста.
Акрамя таго, за вялікі ўклад у справу аховы навальнага асяроддзя нагрудным знакам “Ганаровы эколаг” узнагароджаны Іван Піліпцэвіч, начальнік Лунінецкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў. Граматамі Мінпрыроды адзначана праца Віктара Каласоўскага, дырэктара КУВП “Водаканал” горада Баранавічы і калектыву абласнога эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў. А яшчэ адзін прадстаўнік брэсцкай дэлегацыі – Віктар Гапанчук, намеснік галоўнага інжынера па метралогіі, ахове працы і экалогіі СП ААТ “Брэстгазаапарат” – атрымаў падзяку ад міністра прыродных рэсурсаў.
Спадзяёмся, прыемныя здабыткі на прафесійнай ніве стануць для эколагаў і датычных да гэтай справы яшчэ большым стымулам, каб далей працаваць у важным кірунку для захавання экалагічнай бяспекі. Жыццё працягваецца, а таму –
працягваюцца і клопаты аб наваколлі. Хочацца верыць, што яны зноў прынясуць свае вынікі і дапамогуць берасцейцам у чарговы раз падняцца на п’едэстал наступнага экалагічнага форуму. Але гэта будзе толькі праз год…

Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

У Брэсце пачаліся работы па рэканструкцыі Свята-Васкрасенскага сабора

Следующая запись

Страты кантрабандыстаў у апошнім месяцы лета склалі больш за 3,5 мільярда рублёў