Адпачынак… на шкоду прыродзе

Адпачынак… на шкоду прыродзе

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Ці вырашаць праблему веснавыя суботнікі?
Сышоў снег. Агалілася зямля. Там, дзе бываў чалавек, балюча на яе глядзець – паўсюдна шматлікае смецце. Асабліва ў месцах адпачынку.
З начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Штыком праехалі ўздоўж ракі Мухавец. Бераг настолькі забруджаны, што не прайшлі 50 метраў – напакавалі мех смецця (пры любой паездцы начальнік інспекцыі не любіць дарма губляць час).
– Злавіць за руку парушальніка вельмі цяжка, – тлумачыць ён. – У інспекцыі нас двое, кантраляваць стан зон адпачынку кожны дзень не можам фізічна. Але з пачатку года ўжо аштрафавалі восем грамадзян. Дарэчы, накладваць адміністрацыйны штраф на тых, хто вывозіць смецце ў недазволеныя месцы, маюць права спецыялісты санітарнай службы раёна і прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аднак у іх функцыі ўваходзяць больш важныя мерапрыемствы і вытворчыя планы.
Галоўны санітарны ўрач раёна Уладзімір Лапус сітуацыю аналізуе так:
– Праводзім рэйды, растлумачальную работу сярод насельніцтва. Але гэтага недастаткова: культура адпачынку гараджан настолькі нізкая, што не паддаецца крытыцы. Застаецца адно – рупна працаваць камунальнікам.
Зрэшты, узгаданая прыбярэжная зона ўздоўж Мухаўца замацавана за саўгасам “Жабінкаўскі”. Іншыя прадпрыемствы і арганізацыі горада нясуць адказнасць за санітарны стан адпаведных тэрыторый. На паперы – так, а на справе…
– Таму ж саўгасу “Жабінкаўскі” – не да смецця, – разважае Сяргей Штык. – Дасылаць прадпісанне яму няма сэнсу, бо ў разгары палявыя работы.
Лясы, якія ўваходзяць у лясны фонд, абслугоўваюцца, у прыватнасці, Пятровіцкім лясніцтвам. Уздоўж аўтамабільных дарог за парадкам сочаць дарожнікі, пад высакавольтнымі лініямі – энергетыкі. А ў лясоў вакол вёсак гаспадара няма, бо былыя калгасныя лясы выведзены з-пад падпарадкавання сельвыканкамаў і нікому не перададзены. У сельскай мясцовасці найбольшы цяжар кладзецца на гарадскую жыллёва-камунальную гаспадарку, работнікі якой абслугоўваюць восем міні-палігонаў і згодна з распрацаваным графікам вывозяць смецце з вёсак. Не раз даводзілася чуць думку ад розных кантралюючых інстанцый: маўляў, няхай камунальнікі ў масавых месцах адпачынку паставяць кантэйнеры для смецця – і праблема будзе вырашана.
– На пляжах гэта абавязкова робім з надыходам купальнага сезона, – гаворыць дырэктар ЖКГ Аляксандр Будзько. – Навесці парадак на тэрыторыях, якія за намі замацаваны, просім найперш актывістаў БРСМ. Неяк паставілі два кантэйнеры каля хлеўчукоў пасёлка цукровага завода. Дык іх укралі. Колькі б кантэйнераў і дзе б ні ставіць, культура адпачывальнікаў наўрад ці палепшыцца. Хадзіць за прыкладамі далёка не трэба. Рэгулярна ў адзін і той жа час усе вуліцы горада абслугоўваюць пяць смеццявозаў. Але некаторыя гараджане такія “занятыя”, што пакуюць адходы ў вулічныя сметніцы або выстаўляюць тыя пакункі на тратуар, а іх да прыходу дворнікаў расцягваюць сабакі…
Яшчэ адна хвароба для горада – размалёўванне сцен. Бязглуздае графіці запаланіла дамы і агароджу. Калі супрацоўнікі міліцыі пакаралі аднаго “мастака”-падлетка, дык бацькі паднялі крык. Некаторыя дарослыя незадаволены тым, што іх дзяцей раз у год настаўнікі па просьбе таго ж начальніка раённай інспекцыі Сяргея Штыка выводзяць у прыгарадную зону збіраць смецце. Па санітарных нормах школьнікам без гумавых пальчатак гэтым займацца сапраўды нельга. Цікава, дзеці і дарослыя вельмі добра ведаюць свае правы. А абавязкі?..
Красавік у раёне аб’яўлены месяцам добраўпарадкавання. Райвыканкам прыняў рашэнне правесці суботнікі з мэтай навядзення парадку ў горадзе, населеных пунктах і вакол іх. Аднак ці вырашаць праблему суботнікі? На кароткі час – так. Наперадзе ж лета. Кампаніі зноў запалоняць улюбёныя куточкі адпачынку. Рыбакі заспяшаюцца таксама ў наседжаныя месцы. Але зноў жа мала хто будзе задумвацца пра тое, што ўлонне прыроды – зялёны храм, дзе паводзіць сябе трэба па-людску.
Аляксей ГАНЧУК, “НТ”,
г. Жабінка.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“Матылькі” і танцы

Следующая запись

Улад ФІЛІПАЎ, лідар гурта “СЛАЙДЫ”: “Роўныя правы і роўныя абавязкі”