Беларусь

Чаму злуюцца жыхары брэсцкай вуліцы Лейтэнанта Рабцава?…


З-за адсутнасці асвятлення і рамонту вуліцы, які перыядычна “ўпадае” ў спячку, злуюцца жыхары брэсцкай вуліцы Лейтэнанта Рабцава
Калі б маглі, дык тэрмінова падоўжылі б дзень. Ён “расце” так павольна! А святло жыццёва неабходнае, бо ўжо каторы месяц на нашай вуліцы Лейтэнанта Рабцава не гараць ліхтары. Зімой была зусім катастрофа: на працу ці ў школу ісці – цёмна, вяртацца дамоў – цёмна, увечары на двары не пагуляць – цёмна. Ды і лужыны на ўсю шырыню дваровай дарогі камфорту не надаюць.
На пытанні, напрыклад, жыхароў дома №100 наконт таго, чаму двор застаецца так доўга без асвятлення, камунальнікі адказваюць: маўляў, святла няма, бо ідзе будаўніцтва дарогі. А чаму б не ўладкаваць часовае асвятленне? Людзі ж плацяць і падаткі, і камунальныя плацяжы, а дваровыя тэрыторыі і вуліца патанае ў цемры.
Для таго, каб прайсці ад 106-га і 108-га дамоў да прыпынку “Інтартранс”, людзі вымушаны ісці або па: 1) брудзе, ямах, лужынах, мінаючы “курган” з пяску; 2) камянях, якія насыпаны ля дарогі; 3) дарозе, дзелячы яе з аўтатранспартам. Асвятлення няма – яго прыбралі для рамонтных работ, але  яны ўжо доўгі час прыпынены. З надыходам вясны, зразумела, сцежкі-дарожкі размывае – бруду яшчэ больш. І нікога не хвалюе, што такая сітуацыя правакуе дарожна-транспартныя здарэнні, пагражае здароўю людзей, бо траўму можна атрымаць калі не пад коламі аўтамабіля, дык на камянях ці спатыкнуўшыся ў яміну. Калі зусім цёмна, дык дзеці ў школу вымушаны хадзіць з ліхтарыкамі. І гэта – у абласным горадзе!
Шмат даводзіцца чуць аб культуры працы, але тое, што робіцца на вуліцы Лейтэнанта Рабцава – гэта антыкультура. Ні камунальныя, ні дарожныя, ні будаўнічыя службы не падумалі, якія нязручнасці давя-дзецца цярпець людзям.
Тыдзень таму паўз дарогу выклалі бардзюрныя секцыі. У нас ужо мільганула думка – рамонт зрушыцца, і ў хуткім часе ліхтары вернуць на вуліцу. Але толькі мільганула, бо рабочыя зноў некуды зніклі…
Жыхары дамоў
№№ 100, 106, 108
па вул. Лейтэнанта Рабцава,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля