Як замацаваць маладога спецыяліста на месцы, куды ён прыбыў па размеркаванні?

Як замацаваць маладога спецыяліста на месцы, куды ён прыбыў па размеркаванні?

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Сур’ёзны чалавек не будзе скакаць з аднаго месца на другое, як жаба-падарожніца…
Без перабольшання жнівень можна назваць месяцам маладога спецыяліста. Статус гэты лёгка пацвердзіць, бо менавіта ў жніўні вялікая армія выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў прыбывае да месцаў размеркавання, каб пачаць самастойную працу ўжо ў якасці дыпламаваных спецыялістаў. У многіх месцах на іх вельмі спадзяваюцца – можа, хоць у гэты раз нарэшце атрымаецца вырашыць кадравую праблему…
З пэўнымі надзеямі штогод чакаюць маладыя кадры і ў медыцыне. Забяспечанасць дактарамі ў вобласці не першы год выклікае нараканні пацыентаў. Праблема недахопу медыцынскіх работнікаў застаецца адной з самых актуальных на працягу многіх гадоў, але не меншую вастрыню мае і іншая: як замацаваць маладога спецыяліста на тым месцы, куды ён прыбыў па размеркаванні. Адказныя асобы праблемы гэтыя прызнаюць і пра іх ведаюць.
Начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Ігар Ласіцкі так тлумачыць сітуацыю: “Заяўка па кадрах забяспечваецца ўстановамі медыцынскай адукацыі на 35-40 працэнтаў. Сёлета вобласць атрымала каля 260 спецыялістаў, а прасілі значна больш. Найбольш жа востра недахоп адчуваецца ў дактарах вузкіх спецыяльнасцей, якія патрэбны і ў абласным цэнтры, і ў раённых. Таму праблему спрабуем вырашыць з дапамогай мэтавых накіраванняў. Мяркую, што да 2014 года мы закрыем пытанні па кадравым забеспячэнні, бо ў 2006-2007 гадах быў павялічаны набор у медыцынскія ВНУ, а значыць, і нашы заяўкі дзяржаўныя камісіі па размеркаванні змогуць задаволіць паўней”.
Я ж сумняваюся, што выпускнікамі 2014 года ўкамплектуюць бальніцы і паліклінікі, асабліва на перыферыі. Не сакрэт, што пасля двухгадовай адпрацоўкі па размеркаванні моладзь адпраўляецца за кар’ерным ростам у сталіцу, абласны цэнтр ці буйнейшыя гарады і зноў узнікае кадравы дэфіцыт. Рабіць стаўку толькі на павелічэнне набору ў медыцынскія ВНУ нельга, бо яны ж не гумавыя і не могуць бясконца залічваць усё больш і больш абітурыентаў. Такі спосаб пазбаўлення ад дэфіцыту медыцынскіх кадраў можна назваць спробай вырашэння складанай задачы ў адно дзеянне. Тут трэба капаць глыбей. Для гэтага – прааналізаваць прычыны ад’езду маладых спецыялістаў і распрацаваць, нарэшце, эфектыўны план па замацаванні кадраў у раёнах. Рэальную праграму, а не мерапрыемствы ў стылі “як гэта магло б быць”.
На маю заўвагу кіраўнік аховы здароўя вобласці кажа, што паўтара года таму агульны аналіз праводзілі. І галоўнае, на думку Ігара Генадзьевіча, не зарплата, а няздольнасць маладых пражыць у чужым горадзе без бацькоў, сваякоў, старых сяброў.
З такім меркаваннем не пагаджуся, бо моладзь адрываецца ад матчынай спадніцы падчас вучобы ва ўніверсітэце. Іншая справа, што за 5-6 гадоў навучання чалавек прывыкае да гіпермаркетаў, тэатра, забаўляльных устаноў, галерэй – якраз таго, чаго няма ў вёсцы ці невялікім горадзе. Потым цяжка звыкацца з адсутнасцю гэтых даброт цывілізацыі.
Я лічу, што ўтрымаць можа толькі стымул –
матэрыяльны і маральны. Галіновы прафсаюз краіны пастаянна ўзнімае пытанне аплаты працы медыкаў. Але ў абласным камітэце прафсаюза работнікаў аховы здароўя лічаць, што праблема з медыцынскімі кадрамі ў раённых бальніцах не з-за грошай ці бытавой неўладкаванасці. Мясцовая ўлада імкнецца выдаваць прэміі і даваць медыкам добраўпарадкаванае жыллё – службовае або дапамагае пабудаваць уласны дом, кватэру. Старшыня прафсаюза Анатоль Гаршчарук пацвярджае: “Ідэальныя жыллёвыя ўмовы не вырашаюцца зараз жа, для гэтага патрэбны пэўны час. А моладзь не заўсёды разумее сітуацыю. У нас вельмі сур’ёзныя прасоўванні за апошнія гады ў плане падтрымкі дактароў з жыллём. І ўсё ж праблема замацавання кадраў па месцы размеркавання актуальнасці не губляе”.
Прыезду маладых спецыялістаў заўжды рады. Гэтае меркаванне даводзілася пачуць ад розных кіраўнікоў. Рады, ды не заўсёды гатовы. У Бярозаўскую ЦРБ Наталля Туравец, урач-тэрапеўт, прыехала працаваць год таму. Старэйшыя калегі сустрэлі яе ветліва, з добрым настроем, гатовыя дапамагчы ў любы час. Але на пачатку сваёй урачэбнай дзейнасці Наталля жыла ў бальнічным пакоі пульманалагічнага аддзялення. Праз некаторы час праблему вырашылі,  але асадак, напэўна, застаўся ў душы дзяўчыны. Думаю, яна адчувала сябе непатрэбнай і нечаканай. Не здзіўлюся, што доктар не застанецца ў райцэнтры, калі закончыцца тэрмін адпрацоўкі. Прынамсі, да яго канца ёсць час, і малады спецыяліст, магчыма, не падумае аб змене месца працы.
Па-іншаму ўсё можа атрымацца ў маёй знаёмай, якой Бярозаўская бальніца гатова даць мэтавае накіраванне, а значыць – па заканчэнні медуніверсітэта яе не сустрэнуць праблемы. Ды высвятляецца, што сама патэнцыйная абітурыентка не дужа радуецца перспектыве такім чынам павялічыць шанс пры паступленні ў ВНУ.
“Чаму не згаджаешся на прапанову галоўнага ўрача?” – пытаюся. І чую адказ, які раней ужо даводзілася чуць: “Пасля заканчэння ўніверсітэта трэба адпрацоўваць у Бярозаўскай бальніцы 5 гадоў. Гэта вельмі доўга. А так я буду свабодная і змагу мець шанс застацца ў сталіцы”. Атрымліваецца, што галоўнаму ўрачу як Бярозаўскай ЦРБ, так і любой іншай, мала напісаць накіраванне – перш трэба знайсці падрыхтаванага выпускніка школы, які свядома захацеў бы пасля вучобы абавязкова вярнуцца на малую радзіму і тут будаваць медыцынскую кар’еру.
Нечакана для самой сябе я прыйшла да пытання: а ці заўсёды ў дастатковай ступені ў школе звяртаюць увагу на выхаванне ў падлеткаў свядомай любові да роднага краю не ўвогуле, а менавіта да сваёй канкрэтнай мясцовасці? Можа, калі мелі б выпускнікі школ матываванае жаданне вярнуцца на малую радзіму дзеля таго, каб зрабіць гэты куточак лепшым, дык і не разводзілі б рукамі ў той жа медыцыне: няма доктара, адпрацаваў па размеркаванні і паехаў…
Ігар Ласіцкі перакананы, што сёння месца працы аднолькавае і ў Брэсце, і ў Бярозе, і ў іншым райцэнтры. Зараз бальніцы малых гарадоў забяспечваюцца новым тэхнічным абсталяваннем, каб медыкі маглі якасна абслугоўваць насельніцтва. І ў брэсцкіх бальніцах маюцца суперсучасныя аперацыйныя, а ёсць карпусы, пабудаваныя ў 1967 годзе.
Што ж, калі працоўнае месца па ўмовах работы аднолькавае, дык трэба па-іншаму працаваць з  маладымі кадрамі. Зацікавіць моладзь спартыўнымі спаборніцтвамі, культурнай праграмай, добрымі зносінамі ў калектыве, дасведчаным настаўнікам. Такім, які дапаможа ў цяжкую хвіліну парадай. І не толькі ў прафесійным плане. А з боку моладзі павінна быць пазітыўнае дзеянне – не толькі браць, але і аддаваць.
Кадравая праблема ў сістэме аховы здароўя, ды ў любой іншай галіне, будзе вырашана, калі моладзь пакажа свае прафесіяналізм, абавязковасць, сур’ёзнасць у адносінах да прафесіі. Пакажа, што выбар не выпадковы, а ўсвядомлены, і ты, хоць і малады, але гатовы адказна паставіцца да таго ж размеркавання. Сур’ёзны чалавек не будзе скакаць з аднаго месца на другое, як  жаба-падарожніца. Напэўна, у маладых спецыялістаў яшчэ на студэнцкай лаўцы варта выхоўваць большую адказнасць і разуменне простай ісціны, якую трапна даўным-даўно прыкмеціў народ: не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца.
Крысціна ЗЯЛЁНКА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

У Брэсце пачаліся работы па рэканструкцыі Свята-Васкрасенскага сабора

Следующая запись

Страты кантрабандыстаў у апошнім месяцы лета склалі больш за 3,5 мільярда рублёў