Беларусь

Пра стратныя рэйсы


Афіцыйнае рэагаванне прымусіла карэспандэнта напісаць каментарый
Матэрыял пад назвай “Снежаньскі сюрпрыз” быў на-друкаваны ў №51 газеты за 14 снежня. Гаворка ў ім вялася пра адмену шэрагу аўтобусных маршрутаў, у тым ліку Маларыта – Перавысь па суботах з часам адпраўлення з райцэнтра 10.10, які ніколі не пуставаў, бо менавіта гэтым аўтобусам на выхадныя да састарэлых бацькоў у вёскі Дворышча, Олтуш, Арэхава, Зеляніца, Дрочава, Перавысь пастаянна ездзілі дзеці з Брэста і Маларыты, жыхары гэтых населеных пунктаў, а таксама студэнты.
Аператыўна адрэагаваў Маларыцкі райвыканкам. У адказе за подпісам старшыні райвыканкама Казіміра ЛАПІЧА гаворыцца:
“У дадзеным артыкуле карэспандэнтам Н. Яцура звернута ўвага чытачоў на адмену некалькіх аўтобусных маршрутаў па Маларыцкім раёне, у прыватнасці, на адмену маршрута Маларыта – Перавысь па суботах з адпраўленнем з г. Маларыта ў 10.00.
Згодна з патрабаваннямі сацыяльных стандартаў у галіне транспарту в. Перавысь Маларыцкага раёна з насельніцтвам 30 жыхароў павінна абслугоўвацца на тыдзень чатырма рэйсамі аўтобуса. Фактычна сацыяльны стандарт выконваецца па чацвяргах – два абароты на працягу дня з адпраўленнем з горада Маларыта ў 8.15 і 18.10.
Акрамя дадзенага аўтобуснага маршрута, вёска Перавысь абслугоўваецца тры разы на тыдзень маршрутным таксі ПТУП “Аўта-Карвет”, у тым ліку і ў суботу з адпраўленнем з Маларыты ў 16.00.
Па факце адмены аўтобуснага маршрута Маларыта – Перавысь па суботах інфармуем, што філіялам “Аўтобусны парк №1 г. Брэста” ААТ “Брэстаблаўтатранс” за 11 месяцаў 2012 года на да-дзеным маршруце выканана 92 рэйсы і атрымана 6,2 мільёна рублёў страт.
Згодна з папярэднімі разлікамі ААТ “Брэстаблаўтатранс” на абслугоўванне прыгарадных маршрутаў, якія праходзяць па тэрыторыі Маларыцкага раёна, у 2012 годзе чакаецца больш за 700 мільёнаў рублёў страт. Бюджэтам Маларыцкага раёна на працягу года пакрыта субсідый на пагашэнне 610 мільёнаў рублёў. Астатнія 90 мільёнаў – чыстыя страты ААТ “Брэстаблаўтатранс”. Маючы дэфіцыт фінансавых сродкаў, аўтобусны парк з цяжкасцю абслугоўвае маршрутную сетку, якая існуе.
У сувязі з цяжкім фінансавым становішчам, якое склалася ў бюджэце раёна, выдзяленне дадатковых планавых асігнаванняў філіялу “Аўтобусны парк №1 г. Брэста” ААТ “Брэстаблаўтатранс” не ўяўляецца магчымым. З прычыны акалічнасцей, якія склаліся, філіял “Аўтобусны парк №1 г. Брэста” не мае магчымасці вярнуць ранейшую колькасць рэйсаў па маршруце Маларыта – Перавысь.
Па пытанні аўтобуснага забеспячэння аграгарадка Хаціслаў удакладняем, што аграгарадок мае колькасць насельніцтва больш за 1000 жыхароў і ўсе маршруты выконваюцца згодна з патрабаваннямі сацыяльных стандартаў у галіне транспарту. Таксама інфармуем, што жыхары аграгарадка Хаціслаў не маюць магчымасці карыстацца паслугамі чыгуначнага транспарту, бо чыгуначная станцыя Хаціслаў знаходзіцца ў в. Сушытніца, на адлегласці 6 км ад аграгарадка.
Пытанне павелічэння кошту праязных білетаў не знаходзіцца ў кампетэнцыі райвыканкама і аўтобуснага парка, а рэгулюецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2011 года №72 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання коштаў (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь”.
Шчыра кажучы, не планавалася каментаваць рэагаванне. Але, перачытаўшы яго некалькі разоў, вырашылі ўдакладніць некаторыя факты, выкладзеныя ў ім. Па-першае, складальнікам адказу варта было б вывучыць графік руху маршрутнага таксі ПТУП “Аўта-Карвет” і не ўводзіць у зман кіраўніка раёна, за подпісам якога ў рэдакцыю прыйшло рэагаванне. Бо таксічка ў Перавысь ходзіць не тры разы на тыдзень, а ўсяго адзін – у суботу з часам адпраўлення з Маларыты 16.00. І, як правіла, туды яна ідзе паражняком, ды і назад таксама. Бо людзі на выхадныя ў вёску звычайна едуць зранку – каб днём нешта дапамагчы родным зрабіць, а вечарам вярнуцца назад. Так як раніцай няма чым дабрацца, дык і вяртацца няма каму.
Дазволю рэпліку і наконт стратнасці маршрута, пра які ішла гаворка ў карэспандэнцыі. Упэўнена, яна была б зусім мізэрная ці яе ўвогуле магло не быць, калі б на маршрут хоць раз выехаў транспартны кантроль (за ўсе гады, што рэйс існаваў, ні разу ніхто не правяраў у пасажыраў білеты, а менавіта іх колькасць магла б дакладна пацвердзіць тую самую стратнасць). Я не буду ставіць пад сумненне сумленнасць вадзіцеляў аўтобусаў, але неяк дзіўна чытаць у афіцыйным пісьме пра стратнасць маршрута, на якім заўсёды быў поўны салон пасажыраў. Калі і пры такой напаўняльнасці маршрут заставаўся б стратным, дык, можа, варта было б падумаць аб павелічэнні кошту білетаў. Калі рэйс запатрабаваны, людзям трэба ехаць, ці не згадзяцца яны плаціць больш? А яшчэ хачу пацікавіцца ў тых, хто дасылаў адказ у рэдакцыю, колькі страт атрымана ад таго ж маршрута на Хаціслаў ці ад маршрута Маларыта – Перавысь, які ходзіць па чацвяргах? Здаецца мне, што там яны будуць куды большыя.
І апошняе. На жаль, мы так і не атрымалі адказу на пастаўленыя ў карэспандэнцыі “Снежаньскі сюрпрыз” пытанні з філіяла “Аўтобусны парк №1” ААТ “Брэстаблаўтатранс”. Ці то месяца ім не хапіла, каб разабрацца ў праблеме, ці, можа, кіраўніцтва проста праігнаравала допіс з рэдакцыі…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля