Быць валанцёрам – быць Чалавекам

Быць валанцёрам – быць Чалавекам

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Усе мы – людзі розныя, з рознымі поглядамі на жыццё, са сваімі пачуццямі і эмоцыямі, жаданнямі і захапленнямі. Нехта да позняй ночы сядзіць за камп’ютарам, хтосьці паглыблены ў працу, а хтосьці лайдачыць. Але ёсць тое, што нас адрознівае ад машын, якія раўнамерна і абыякава выконваюць сваю праграму, – гэта бясконцасць магчымасцей дапамагчы, быць неабыякавым. З ліку адказных і спагадлівых – наша суразмоўніца, кіраўнік валанцёрскага атрада “Акадэмія добраахвотніцтва” БрДУ імя А.С. Пушкіна Таццяна САКАЛОВА.
– Таццяна, чаму менавіта валанцёрства?
– Мяне заўсёды вучылі, што трэба дапамагаць людзям. Надарылася такая магчымасць – і я стала рэалізоўваць гэтую патрэбу. Валанцёрская дзейнасць прынесла мне вельмі шмат: упэўненасць у сабе, адказнасць, камунікабельнасць, задавальненне – я адчула, што патрэбна людзям. Валанцёрства – гэта ўжо лад жыцця, маё жыццё. Менавіта валанцёрскай дзейнасці аддала і буду аддаваць яшчэ вельмі многа сіл. І як прыемна кожны дзень мець зносіны з людзьмі, у якіх чыстыя сэрцы і намеры, якія хочуць жыць не толькі для сябе, але і для іншых! З вялікім задавальненнем арганізоўваю валанцёраў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, дапамагаю ім у правядзенні розных мерапрыемстваў, раблю ўсё, каб задаволенымі засталіся і самі валанцёры, і тыя людзі, якім яны дапамаглі.
Валанцёрам можа стаць любы чалавек. Галоўнае – захацець шчыра заняцца высакароднай справай і ведаць, што гэта вялікая адказнасць.
– Якія галоўныя напрамкі дзейнасці “Акадэміі добраахвотніцтва”?
– Фарміраванне прафесійных навыкаў, навучанне валанцёраў, усе этапы валанцёрскага мене-джменту, дапамога людзям, якія жывуць у нястачы, прафілактыка, асвета, сацыяльна-псіхалагічная падтрымка – гэта асноўнае. Мы рэалізавалі ўжо больш за 20 праектаў рознай накіраванасці: і па фарміраванні здаровага ладу жыцця, і па супрацьдзеянні гандлю людзьмі, і па барацьбе з насіллем  над дзецьмі. Акрамя таго, пастаянна праводзяцца розныя акцыі для моладзі і не толькі. Напрыклад, ладзілі акцыю “Абарані сваё каханне”. Яе ўдзельнікамі сталі студэнты і выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Яны адказвалі на пытанне: “Што трэба зрабіць для захавання і абароны сваёй любові?”. А ў знак узаемнай вернасці прымацоўвалі чырвоныя сэрцы на плакат са словам “каханне”.
Мы не забываем і пра хворых дзетак. У рамках акцыі “З любоўю да дзяцей” арганізавалі продаж “кветак”, якія валанцёры канструявалі з паветраных шароў. Кожны, хто набыў такую “кветку”, не толькі дарыў станоўчыя эмоцыі сабе і блізкім, але аддаваў часцінку сваёй любові дзецям. Усе атрыманыя сродкі пайшлі на набыццё падарункаў для дзяцей з анкалагічнымі хваробамі. А яшчэ ва ўніверсітэце штогод праводзім кірмаш, дзе кожны, хто пажадае, можа набыць падарункі, зробленыя студэнтамі і выкладчыкамі. Атрыманыя сродкі ідуць на падарункі дзецям з асаблівасцямі  развіцця. Збіраем сродкі для  хворых дзяцей, людзей пасля аварый. Многа працуем з дзецьмі, якія пакутуюць ад цэрэбральнага паралічу, з іх бацькамі. І як прыемна бачыць, калі прыходзіш да такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, што і яны, і бацькі рады цябе бачыць! Гэта адразу адкрывае ў валанцёраў другое дыханне, яны з яшчэ большым запалам імкнуцца дапамагаць. На самай справе, бацькам такіх дзяцей патрэбна любая дапамога і падтрымка, так што не заставайцеся ўбаку!
Вядома, валанцёрская праца нялёгкая – на табе ляжыць вялікая адказнасць. Калі маеш зносіны з тымі, каму ўсім сэрцам хочаш дапамагчы, часам адчуваеш трывогу, што не зможаш апраўдаць іх надзей, ды і эмацыянальна бывае цяжка. Але ўсё гэта такія дробязі ў параўнанні з той аддачай, якую мы, валанцёры, атрымліваем узамен. Лепшая адзнака для мяне – гэта ўсмешкі людзей! Адным словам, быць валанцёрам  неабходна і цікава!
Аляксандр ЯРОЦКІ,
студэнт 4 курса псіхолага-педагагічнага факультэта
БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Асабісты рэцэпт здаровага ладу жыцця Сяргей САСНОЎСКІ, уладальнік тытула “Містар Фітнес” конкурсу “Містар Беларусь–2014” (г. Пінск):

Следующая запись

Пра пячэнькі, кіно і чуласць