Як амерыканскі юрыст працаваў настаўнікам англійскай мовы ў Ганцавічах
Гэта гісторыя пачалася з таго, што на сваёй старонцы ў інтэрнэце я змясціла наступную аб’яву: “Гасцінныя і крэатыўныя дзеці з беларускай глыбінкі запрашаюць англамоўнага аматара падарожжаў наведаць наш горад і папрацаваць у школе. Мы ж у знак удзячнасці пакажам яму Беларусь”. І вось праз некалькі месяцаў атрымала электронны ліст ад невядомага Грэга Костэра, адваката з горада Чыкага. Вызначылі час прыезду – май 2014 года. Названая дата падыходзіла як найлепш: Мінск у чаканні чэмпіянату свету па хакеі гасцінна расчыніў усе дзверы перад замежнымі гасцямі, значна спрасціўся візавы рэжым.
Усе члены ”Англійскага клуба”, які існуе на базе СШ №1 г. Ганцавічы ўжо 5 гадоў (а гэта 29 вучняў 6 – 10 класаў), пачалі рыхтавацца да візіту. У пачатку праекта кожны з удзельнікаў клуба па просьбе амерыканскага сябра задаў яму пытанні аб ЗША і амерыканцах.
Не паспелі мы выканаць першае заданне, а Грэг прапанаваў новае: аб’явіў конкурс на лепшую выяву тура. Містар Грэг не лічыць сябе знаўцам у галіне мастацтва, таму ў якасці суддзяў ён запрасіў сваіх сяброў-мастакоў Мары Чэн (Кван) і Мігеля Малагона, Рыву Леер і Цімаці Лімінга.
У канцы лютага сталі вядомыя вынікі конкурсу. Нас чакаў сюрпрыз: адначасова са спісам пераможцаў, водгукамі і рэкамендацыямі прафесіяналаў акіян перасеклі тры пасылкі з прызамі ад містара Костэра і яго сяброў. Аўтары пяці лепшых работ былі ўзнагароджаны наборамі прафесійнага мастака. А пераможцу, вучню сёмага класа, Мары Кван падарыла адну са сваіх работ.
Сонечным Першамаем наша дружная каманда на экскурсійным аўтобусе паехала сустракаць замежнага госця ў сталіцу. Разам з містарам Костэрам мы наведалі знакамітую “Лінію Сталіна”. Ён быў вельмі зацікаўлены комплексам і адзначыў, што нічога падобнага ў сябе на радзіме не бачыў. Пасля спыніліся ў парку забаў “Дрымлэнд”. Пакуль дзеці асвойвалі тэрыторыю, я пацікавілася ў Грэга пра яго першыя ўражанні аб нашай краіне. Вось на што звярнуў увагу госць: “Людзі ў Беларусі значна больш увагі ўдзяляюць свайму знешняму выгляду, чым у ЗША”; “Тут вельмі ціха, нешматлюдна. Жыццё цячэ плаўна і размерана”; “Мне падабаецца спакой на людскіх тварах. Дарослыя не баяцца адпускаць дзяцей на вуліцу, не турбуюцца за іх бяспеку”; “Дзеці вельмі ахайныя, ветлівыя і выхаваныя”.
Першы працоўны дзень Грэга ў школе – гэта нешта незвычайнае! Не ведаю, як ён вытрымаў! На перапынку новага настаўніка на кожным кроку абступаў натоўп вучняў. Не камплексуючы, задзейнічаючы сумесь рускай, англійскай, беларускай моў і, вядома ж, мову жэстаў, дзеці ішлі на кантакт. А тыя, хто спачатку саромеўся, стаялі крыху наводдаль, сквапна ўбіралі кожнае слова. Я не пазнавала сваіх выхаванцаў: даўно не бачыла такіх зацікаўленых вачэй. Вось яна – жывая матывацыя: у акулярах, у кашулі ў клетачку. Было зразумела, што вялікая праца працягласцю ў год прынесла свой плён.
Школьныя ўрокі мы з Грэгам праводзілі сумесна, паколькі ён не прафесійны педагог, хоць і працуе ў якасці валанцёра трэнерам па шахматах у школах для цяжкіх падлеткаў у крымінальна небяспечных раёнах Чыкага. А яшчэ Грэг – дырэктар чыкагскага філіяла дабрачыннай кампаніі, якая аказвае дапамогу дзецям Афганістана. Грэг на ўроку займаўся адпрацоўкай вымаўлення, аналізам моўных узораў, пастаноўкай дыялогаў. Праўда, як чалавек творчы, ён пастаянна ўносіў у вучэбны працэс свае карэктывы. Мы прымалі іх на “ўра”. Такога “лесу рук” даўно не было, я нават раўнавала крыху… А пасля званка вучні беглі да Грэга з дзённікамі ў руках, і не столькі за адзнакай – колькі за роспісам. Дарэчы, містар Костэр зрабіў заўвагу ўсім настаўнікам англійскай мовы, і мне ў тым ліку: на яго думку, асноўная наша памылка – выкарыстанне рускай мовы на ўроку і боязь, няўпэўненасць пры ўжыванні англійскай.
Такім чынам, першую палову дня містар Костэр працаваў у якасці настаўніка. Другая палова, часцей за ўсё, прысвячалася спорту. Грэг гуляе ў футбол, баскетбол, бейсбол, плавае, катаецца на каньках і роліках, ездзіць на веласіпедзе… Ён выдатна глядзеўся на футбольным полі з вучнямі 7 класа. А яшчэ паабяцаў: першае, што зробіць, калі вернецца на радзіму, – навучыцца гуляць у рускія шашкі.
Так атрымалася, што свой дзень нараджэння (62 гады) Грэг адзначыў у Ганцавічах. Пасля экскурсіі па горадзе, якую дзяўчынкі з “Англійскага клуба” правялі на роднай для яго мове, мы сабраліся за святочным сталом. Старэйшыя дзяўчынкі спяклі вялікі торт. Астатнія намалявалі плакат і падрыхтавалі сувеніры. Дзеці гаварылі Грэгу шчырыя словы прызнання. Ён быў крануты і трохі нават разгублены.
Разам з “Англійскім клубам” Грэг гасцяваў у Агарэвічах, дзе гаспадары сядзібы спецыяльна для ганаровага госця наладзілі выезд на цудоўных спартыўных конях, наведаў векавы дуб у вёсцы Вялікія Круговічы, Ізбійскі бор, музей у вёсцы Лактышы.
Вельмі спадабалася Грэгу наша кухня. Калі я запрашала госця за стол, каб накарміць самым звычайным сняданкам ці вячэрай, ён, не марудзячы, бег за камерай, каб зняць сервіроўку і стравы. Наш госць прызнаўся, што ніколі так смачна не еў, як у Беларусі.
Адкрытага і жыццярадаснага амерыканца нашы дзеці палюбілі настолькі, што, нягледзячы на залеву ў дзень ад’езду, памяшканне чыгуначнага вакзала было запоўнена дзецьмі, якія прыйшлі праводзіць Грэга. Мужчына быў крануты – і не хаваў пачуццяў…
На гэтым нашы адносіны з чыкагскім адвакатам не закончыліся. У наступным навучальным годзе будзе запушчаны новы сумесны праект, у аснову якога пакладзены англамоўны курс, што складаецца з трох вялікіх этапаў. Суддзямі выступяць пісьменнікі, мастакі і рэжысёры з Чыкага, сябры і знаёмыя Грэга Костэра.
Юлія ЗАБАРОЎСКАЯ,
настаўнік англійскай мовы
СШ №1 г. Ганцавічы.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.