Беларусь

Буслянка на вязе


Родная зямля – гэта калыска чалавечай сталасці
Атрымала заданне напісаць творчую работу пра Радзіму. Здавалася, колькі ўжо пра гэта гаворана, прачытана. Што яшчэ можна дадаць да агульнавядомых ісцін: Радзіма – гэта бацькоўскі дом, тата з мамай, мова, культура, гісторыя?! А потым задумалася.
Сапраўды, што для мяне асабіста, звычайнай вясковай дзяўчыны, якая выехала ў горад вучыцца, значыць гэта паняцце? Падумала, паразважала і прыйшла да высновы: калі ты дома, з бацькамі, аднавяскоўцамі, сябрамі, то мала думаеш пра самае дарагое, самае роднае. А ад’едзеш далей – і ўсё бачыш у іншым святле. У гарадскім тумане раптам з’явіцца нечаканая думка: як там мае блізкія, ці здаровыя ўсе, ці не здарылася чаго нядобрага ў вёсцы? Бо як уяўлю, што не стане нашай суседкі, адзінокай бабулі Ганны, сын якой паехаў шукаць шчасце недзе ў Расіі ды там і застаўся, забыўся пра маці, дык сэрца сціскаецца. Колькі ўсяго гэта бабулька перажыла: вайна, пасляваенная нішчымніца, калгасная рэчаіснасць, смерць мужа, здрада сына. Але не ачарсцвела душой бабка Ганна, заўсёды зычлівая, спагадлівая, чулая:
– Ну, як ты там, Волечка, вучышся? Жаніха сабе ў горадзе не знайшла?
Я адказваю, што яшчэ рана аб гэтым думаць, трэба ў жыцці ўладкавацца. А бабуля пачынае ўспамінаць сваю маладосць, заручыны, вяселле. З горыччу адзначае, што сёння моладзь ужо не тая. Нецярплівыя ўсе, хочуць мець усё адразу. Цураюцца вёскі, а часам і сваіх бацькоў, уцякаюць у горад, не хочуць працаваць на зямлі.
І я мушу з ёй пагадзіцца. На маёй малой радзіме, у вёсцы Грушава Кобрынскага раёна, застаецца ўсё менш жыхароў. А колькі пустых хат! У іх не зазвініць дзіцячы смех, не бу-дзе гучаць вясельны гармонік, зарасце бур’яном падвор’е. Ды і я з’ехала з вёскі… Цяпер мрою свой родны куточак у снах: нівы, лугі, кветкі і травы, якія цвітуць каля хаты, вузкая сцежачка на двары, па якой не раз хадзіла басанож. Мне нават не ўспамінаюцца горкія хвіліны – толькі шчасце, усмешкі і любоў родных.
Як прыеду ў вёску, дык добра на душы робіцца, спакойна. Сэрца шчыміць ад зычлівай усмешкі або шчырага слова аднавяскоўцаў. Бачу: тут, каля хаты, калісь была невялічкая сліва, а цяпер – вялізнае дрэва… Многія сцяжынкі пазарасталі травой, не відаць больш яе, той стаптанай дарогі, што засталася ў памяці, мабыць, назаўсёды.
Застанецца назаўсёды ў памяці, я думаю, і буслянка каля нашай хаты на засохлым вязе. Здаўна ў нас лічылі, калі буслы зробяць гняздо паблізу хаты, то ў гэтае падвор’е прыйдзе шчасце. З дзяцінства памятаю, як не толькі мы, але і дарослыя кожную вясну нецярпліва чакалі, калі ўрэшце з’явяцца птушкі. Хваляваліся, калі бачылі, што ў буслянцы толькі адзін бусел. Думалі-гадалі, што здарылася з другім. Але не, вось і другі прыляцеў. І зноў над вёскай клёкат, які будзіць раніцай, ды чамусьці ён не перашкаджае – павернешся на другі бок і салодка спіш.
Мабыць, прыносілі-такі буслы шчасце ў нашу хату. Бацькі  мае –
простыя людзі, якія ўсё жыццё працавалі на зямлі. Акрамя працы ў калгасе, даглядалі гаспадарку, гадавалі дзетак. І ўсе выраслі, уладкаваліся ў жыцці, але ніколі, упэўнена, не забудуць матулінай любові, пяшчоты, дабрыні, цярплівасці, спагады. Не забудуць і стрыманасці бацькі, яго часам суровага погляду, калі мы, дзеці, зробім якую-небудзь шкоду. Сёння я разумею, што вельмі шчаслівая, маючы такіх бацькоў і такую сям’ю.  Ведаю, яны заўсёды падтрымаюць мяне, дапамогуць, не пакінуць у бядзе.
Прачытала ў часопісе:  “Родная зямля –  гэта калыска чалавечай сталасці, вялікі дом, у якім адчуваеш сябе найлепшым і шчырым сябрам”. Успомніла сваё маленства, такое цудоўнае, напоўненае прыгажосцю, светлай і дзіцячай весялосцю. Ды так хораша на душы стала! І падумалася: усё ж добра, што жыву я ў Беларусі…
Вольга КАХАНЕВІЧ,
навучэнка УА “Брэсцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй лёгкай прамысловасці”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля