Час чытаць і думаць па-беларуску
У нас, жыхароў Беларусі, дзве дзяржаўныя мовы, але роднай я лічу менавіта беларускую. Мае бацькі і дзяды, як некалі іх дзяды і прадзеды, размаўляюць па-беларуску. Але далёка не ўсе жыхары Беларусі так робяць. Асабліва гэта тычыцца моладзі: сярод маіх равеснікаў і сяброў няшмат тых, хто выкарыстоўвае ў зносінах роднае слова. Ды і “русским языком” маладзёжную гаворку не назавеш – так, нейкая трасянка.
Дык што трэба рабіць, каб беларуская мова гучала як мага часцей? Мне здаецца, што толькі ўрокі ў школе не выправяць сітуацыі. Ды і аднымі заклікамі тут не абысціся. Выйсце трэба шукаць у тым ліку і ў папулярызацыі беларускай музыкі, літаратуры, беларускага мастацтва і культуры ў цэлым.
І мне стала цікава: як садзейнічаюць развіццю роднай мовы бібліятэчныя работнікі, што робяць у напрамку папулярызацыі беларускага слова і беларускай кнігі, як зберагаюць літаратурную спадчыну пісьменнікаў-землякоў (да таго ж, на календа-ры – Год кнігі)? Адказы на пытанні я знайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В.Ф. Праскурава, дзе сустрэлася з загадчыкам аддзела бібліятэчнага маркетынгу Алай ХВАЛЬ.
– Ала Уладзіміраўна, чытачы бібліятэкі цікавяцца беларускай кнігай?
– Летась чытачамі раённай бібліятэкі былі 3570 чалавек, якія за год прачыталі амаль 79700 кніг і перыядычных выданняў. Так, цікавяцца і беларускай кнігай, але, на жаль, не заўсёды актыўна: з усіх прачытаных кніг беларускамоўных – толькі 6325…
– Шкада. Але я ведаю, што работнікі бібліятэкі прыкладваюць шмат намаганняў, каб наблізіць чытача да беларускага слова, беларускай кнігі. Гэта відаць адразу ж, як пераступаеш парог бібліятэкі: усе надпісы, рэклама, выставы і іншае афармленне зроблена па-беларуску…
– Мне вельмі прыемна гаварыць аб тым, што акцыю пад назвай “Час чытаць на беларускай мове” мы распачалі яшчэ ў 2010 годзе. Усе мерапрыемствы, звязаныя з беларускай кнігай, праходзяць менавіта ў яе межах. Між тым, рэспубліканская акцыя “Чытаем па-беларуску” пачалася ў бібліятэках краіны толькі летась…
– Ала Уладзіміраўна, раённая бібліятэка носіць імя Васіля Праскурава, пісьменніка, журналіста, які хоць і не нарадзіўся на ганцавіцкай зямлі, але стаў яе сапраўдным песняром. Жыхары Ганцаўшчыны лічаць яго сваім земляком. Ведаю, што ў бібліятэцы беражліва адносяцца да захавання спадчыны гэтага пісьменніка. Але ж у нашым краі жыло і жыве шмат іншых прызнаных творцаў.
– Сапраўды, шэраг літаратараў – ураджэнцаў Ганцаўшчыны – вядомы далёка за межамі нашага раёна: Віктар Гардзей, Алесь Каско, Міхась Рудкоўскі, Іван Лагвіновіч, Уладзімір Марук, Іван Кірэйчык… На жаль, некаторыя з іх пайшлі ўжо з жыцця. У іх гонар мы ладзім вечарыны памяці, на якіх успамінамі аб пісьменніках дзеляцца тыя, хто добра ведаў іх, неаднойчы сустракаўся: родныя, сябры, паплечнікі, вучні.
Напрыклад, вечарына, прысвечаная памяці Уладзіміра Марука, прайшла ў яго роднай вёсцы Гута. Тут адбылася і прэзентацыя яго кнігі “Кудмень”.
Частым госцем бібліятэкі з’яўляецца Віктар Гардзей. Кожная новая кніга пісьменніка – гэта новая сустрэча з землякамі – чытачамі нашай бібліятэкі, а таксама з тымі, хто даў яму пуцёўку ў творчае жыццё, хто любіць яго прозу і вершы, і абавязкова з тымі, хто толькі пачынае свой творчы шлях.
Калі ж гаварыць пра Васіля Праскурава, то ўжо шмат год у жніўні праходзяць традыцыйныя Праскураўскія чытанні, у якіх бяруць удзел літаратары, настаўнікі, вучні, родныя Васіля Фёдаравіча. А яшчэ ў бібліятэцы, акрамя твораў пісьменніка, сабрана шмат розных матэрыялаў аб яго жыцці і творчасці, успаміны, шматлікія фотаздымкі, у тым ліку і з сямейнага архіва, асабістыя рэчы. Усе гэтыя матэрыялы складаюць экспазіцыю Праскураўскага кутка, які аформлены ў створаным у бібліятэцы літаратурна-краязнаўчым цэнтры. Дарэчы, яго адкрылі напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці, які праходзіў у Ганцавічах летась.
Мы сабралі і працягваем збіраць усё, што мае адносіны да літаратурнай спадчыны нашага раёна. Калі вы завітаеце да нас, дык убачыце на сценах партрэты ўсіх пісьменнікаў-землякоў, пазнаёміцеся з выставай кніг з аўтографамі пісьменнікаў, якія былі гасцямі бібліятэкі ў розныя гады. Гэта Артур Вольскі, Уладзімір Ягоўдзік, Уладзімір Мароз, Эдуард Ялугін… Многіх наведвальнікаў цікавяць рукапісы твораў Віктара Гардзея, Івана Лагвіновіча, Міхася Рудкоўскага і іншых, якія таксама захоўваюцца ў цэнтры. Для тых, хто глыбей цікавіцца жыццём і творчасцю нашых літаратараў, а таксама ў дапамогу калегам-бібліятэкарам, настаўнікам мы можам прапанаваць тэматычныя дасье (матэрыялы аб жыцці, фотаздымкі, рукапісы, сцэнарны матэрыял і г. д.) па кожным з пісьменнікаў.
– Чула, што бібліятэка займаецца выдавецкай дзейнасцю…
– Так. Мы выдаём невялічкія (у адпаведнасці з нашымі тэхнічнымі магчымасцямі) зборнікі твораў, часцей за ўсё – вершаў мясцовых літаратараў. Ужо многім чытачам вядомыя зборнікі “Снег, адчай і ліловыя цені…” Алы Мірзаліевай, “Я шчаслівы”, “У жыцці для мяне ўсё проста”, “Не шкадуюць мяне мае вершы” Аляксея Галаскока, “Летуценніца” Ніны Кавальчук і іншыя. Таксама ў нас выходзіць серыя аўтабіяграфічных зборнікаў “Ганцаўшчына літаратурная”, на старонках якіх аўтары распавядаюць аб сабе. Да кожнага з іх падрыхтавалі і электронныя прэзентацыі, аб’яднаныя назвай “Эпізоды жыцця і творчасці”…
Немагчыма сілком прымусіць чалавека зазірнуць у чарадзейны свет мовы, але можна дапамагчы яму адчуць у гэтым патрэбу, калі паступова паказваць яе хараство. Мова адкрываецца толькі таму, хто сам захоча спасцігнуць яе таямніцы. Любіце мову свайго народа – і яна ніколі не загіне. А каб пасябраваць з беларускім словам, прыходзьце ў бібліятэку!
Гутарыла
Ірына ІСАЕВА,
вучаніца СШ №1
г. Ганцавічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.