Беларусь

Чароўны сад


Калі чалавек любіць сваю Радзіму, ён шчаслівы і багаты

Ці ведаеце вы, што недзе на зямлі расце незвычайны сад, у якім вялікая колькасць дрэў самых розных гатункаў? Лічыцца, быццам той, каму давядзецца трапіць туды, будзе шчаслівым усё жыццё.
Аднаго разу я бачыла цікавы сон. Прыснілася, нібыта я трапіла ў гэты чароўны сад. Стаю, азіраюся, вачам сваім не веру: няўжо гэта тое дзіўнае месца? Дрэвы навокал стройныя, вялікія, прыгожыя. А на дварэ стаіць спёка такая, што вельмі хочацца схавацца пад дрэва ў цень. Калі я паспрабавала падысці да аднаго з іх, дык была непрыемна ўражана. Аказалася, што дрэвы не давалі  аніякага ценю, бо галіны іх былі размешчаны вельмі высока ад зямлі. Што ж рабіць? Куды падзецца?
І тут мне пашчасціла ўбачыць хоць і невялічкае, але вельмі прыгожае дрэва ў сярэдзіне саду. Я з усіх ног кінулася да яго. І што вы думаеце? Яно аказалася чароўным. Ад нечаканасці я аслупянела – дрэва загаварыла чалавечым голасам:
– Хочаш схавацца ў цень? Калі ласка. Але спачатку ты павінна ўявіць, што мае галіны незвычайныя, бо ўвасабляюць цэлую дзяржаву. І толькі пасля таго, як ты ім што-небудзь пажадаеш, яны дадуць табе прытулак.
– Згода, – узрадавана прамовіла я. – Але што ж значаць твае галіны?
– Вось бачыш галіну, якая трымаецца моцна, але, калі прыгле-дзецца, то можна заўважыць, што яна трошкі нахілена. Гэта гісторыя маёй дзяржавы.
Галіну хацелі зламаць, каб закрануць карэнне, і я здзівілася цвёрдасці і моцы яе.
– Жадаю табе быць моцнай і цвёрдай, падчас – непахіснай, каб ніякія бязлітасныя вятры не маглі парушыць твайго спакою.
Галіна толькі лісцем удзячна прашамацела ў адказ.
– Што азначае твая самая моцная галіна, чароўнае дрэва? – дапытваюся я.
– Гэта мой народ, ён дапамагаў мне выстаяць у цяжкія хвіліны. Хоць сваёй крывёю паліваў мае карані ў ліхія гады, але выжыў і, чуеш, як гамоніць?
Мяне гэта зацікавіла, і я стала прыглядацца: лісточкі ёсць розныя, з глыбокімі і амаль нябачнымі прожылкамі, але вельмі прыгожыя і гаманкія.
– Жадаю твайму народу сілы, адзінства, згуртаванасці, трымацца заўсёды разам, каб адолець любога ворага, шанаваць і любіць усё, чым край твой багаты, – прамаўляю я і пытаюся: – А што гэта за галіна?
– Гэта мая зямля, – адказала дрэва.
– Жадаю тваёй зямлі, каб народ, які нарадзіўся на ёй, прайшоўшы па ёй, пакідаў свой выразны і толькі добры след, клапаціўся і прымнажаў усё тое, што ты яму даеш.
Мне падалося, што галіны пахіліліся долу і далі мне цяністы прытулак. Адразу стала так прыемна і лёгка, што я прачнулася…
Прыгадаўшы свой сон, зразумела, што чароўнае дрэва, якое дало мне прытулак, і ёсць мая Радзіма. Дык жыві, красуй і радуйся, дарагая Беларусь, а я спадзяюся быць шчаслівай, жывучы на тваёй зямлі!
Марыя КАЧАН,
вучаніца сярэдняй
школы №3 г. Пінска.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля