Дубок, што ў сэрцы маім

Дубок, што ў сэрцы маім

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Свае вытокі кожны чалавек павінен памятаць
Хачу расказаць пра тую зямлю, на якой  з’явілася на свет, на якой жыву, пра сваю родную вёску з прыгожай і паэтычнай назвай –Дубок. Яна ўзнікла прыкладна ў XVII-XVIII стст. У сярэднія вякі не міналі вёску гандлёвыя шляхі з Польшчы ў Галіцка-Валынскае княства. А вось наконт паходжання назвы паселішча існуе некалькі легенд. Мясцовыя жыхары больш схільны да легенды пра разбойніка, які жыў у дупле дуба і рабаваў людзей. А потым, калі дуб спілавалі, то на гэтым грэшным месцы людзі пабудавалі царкву, каб неяк загладзіць віну перад Богам. Царква называецца Ільінскай. Ёй ужо больш за 200 год, і яна з’яўляецца культурна-гістарычным помнікам дойлідства.
Мая вёска ўтульна размясцілася сярод магутных векавых дубоў. А можа, назва вёскі (вось так проста!) і паходзіць ад назвы дрэва? Лясной сцяжынкай кожны дзень хадзіла ў школу. Не любіць сваю вёску, свой лес я не магу. Шмат у маёй роднай старонцы прыгожых, велічных дубоў, вясёлых бярозак, сыраватых ельнічкаў і светлых, сонечных сасоннікаў. Але для мяне лес – гэта перш за ўсё натхненне, адпачынак для душы. Свежае, чыстае лясное паветра заўсёды надае мне новых сіл, выклікае жаданне зрабіць нешта асабліва добрае і карыснае. А каго не зачаруюць рознагалосыя спевы птушак у лесе? Бывае, іду лясной сцяжынкай –  і раптам гучныя пералівы цудоўнай птушынай песні спыняюць мяне. Некалькі хвілін стаю, зачараваная, прыслухоўваючыся да незвычайнай мелодыі, якая так моцна радуе сэрца…
Гаворачы пра вёску,  не магу не ўзгадаць пра раку-працаўніцу Капаёўку, якая сваёй “ніткай” звязвае яшчэ некалькі такіх вёсачак, як і мая. Светла-блакітная, празрыстая вада ў рэчцы можа паспрачацца з блакітам незахмаранага неба. Мноства лекавых траў, смачныя грыбы і ягады – гэтымі і многімі іншымі скарбамі лесу я, як і іншыя жыхары вёскі, ахвотна карыстаюся…
Люблю прайсціся па вулачках вёскі, калі ў паветры разносіцца пах садавіны, які прыемна заспакойвае. А як цудоўна ісці па вуліцы летнім вечарам! Дрэвы нібы перашэптваюцца, зрэдку лёгенькі ветрык варушыць іх вяршыні. Усё агорнута нейкай таемнасцю. А восенню ў вёсцы пануе цішыня. Толькі вераб’і цвыркаюць на дахах ды сонейка гуляе рэдкімі промнямі ў шыбах акон. Зрэдку падае голас машына. Кожны дзень людзі выходзяць з дамоў і ідуць, і едуць – хто на працу,  хто на вучобу, а старэйшыя застаюцца ў хаце гаспадарыць. Я ганаруся сваімі аднавяскоўцамі. Мне здаецца, што яны самыя працавітыя, самыя гасцінныя, самыя прыгожыя людзі на зямлі. I мне хочацца пераняць ад іх усё самае лепшае, каб у будучым перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Упэўнена: дзе б я ні была, куды ні закіне лёс, мае аднавяскоўцы, мае сямейнікі заўсёды будуць жыць у маім сэрцы. I я ніколі не забуду ні шуму дубровы, ні голасу зязюлі, ні паху мяты…
Вераніка ДУБРОВА,
Брэсцкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Першай сярод абласцей рэспублікі Брэстчына падвяла вынікі работы сістэмы адукацыі

Следующая запись

З узнагародай!