Хараство роднага слова
Патрыёта нельга ўявіць без валодання беларускай мовай
Родная мова, матчына мова. Гэтак шаноўна і ласкава называе беларускі патрыёт свой неацэнны духоўны набытак. Пяшчотныя, прыгожыя словы роднай мовы ўваходзяць у наша жыццё з вуснаў маці яшчэ ў маленстве. У ціхіх напевах матчыных песень-калыханак, у яе пяшчотных ласках мы пачынаем улоўліваць іх своеасаблівыя формы і гучанне.
Потым у бесклапотным дзяцінстве яны вядуць нас у дзівосны навакольны свет. Як чароўны ключ, адкрываюць нам родныя словы разнастайныя цуды і таямніцы жыцця, уносяць у нас прывабную і захапляючую далячынь падзей у бабульчыных казках і легендах.
Затым з роднымі словамі ў школе мы сустракаемся на старонках кніг. Клапатлівыя настаўнікі расчыняюць перад намі дзверы ў гэтае бяскрайняе мора беларускіх слоў. Па яго прасторах мы накіроўваемся ў далёкія вандраванні. Перад намі паўстае наша вялікая краіна. Мы чуем шум яе гарадоў, магутны гул нашых фабрык, заводаў і электрастанцый. Мы ўглядаемся ў далёкія абшары лясоў, зацягнутыя блакітным марывам. За бясконцымі шарэнгамі родных слоў у кнігах перад нашым зрокам праходзіць уся зямля, яе разнастайная прырода, яе шматвекавая гісторыя, розныя народы, іх звычаі, барацьба і лёс.
Пасля мы забіраемся ў бяздонныя глыбіні гэтага мора слоў, адкрываючы там багацейшыя скарбніцы думак нашага народа, яго культуры. Мы ўваходзім у велічныя палацы навукі, дзе за разнастайнымі спалучэннямі слоў паступова ўлоўліваем усю складанасць і бясконцасць сусвету, захапляемся магутнасцю і вынаходлівасцю розуму людзей.
Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песні птушак, то суровае і грознае, як навальнічныя хмары.
Родная мова – гэта не толькі важнейшы сродак духоўнага развіцця, скарбніца гісторыі народа. Уводзячы нас у жыццё і думкі людзей, яна разам з тым робіцца і неабходным сродкам сувязі з блізкімі, яднае нас у цэлы народ або нацыю. Яна ж з’яўляецца самай выразнай і прыкметнай адзнакай нацыянальнай прыналежнасці чалавека.
Мова рэагуе на змены ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці народа. Кожнаму новаму пакаленню суджана ісці далей, адкрываючы і асэнсоўваючы новае ў жыцці. Для таго, што будзе адкрыта і вывучана, знойдуцца новыя назвы, значыць, мова зрэагуе на праявы жыцця, адлюструе ўзровень пазнання людзей на новай ступені развіцця грамадства. І так будзе бясконца, на нейкім этапе развіццё мовы паскорана, а на нейкім – прыцішана, замаруджана.
Грамадства без мовы існаваць не можа. Людзі размаўляюць паміж сабою дома і на працы, са сваімі блізкімі і знаёмымі, чытаюць мастацкую і навуковую літаратуру, пішуць афіцыйныя паперы і публіцыстычныя артыкулы. Пры гэтым карыстаюцца тымі словамі, выразамі, канструкцыямі, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення.
Мова – душа народа, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў. А наша асноўная задача – шанаваць родную мову, любіць яе, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.
Няўжо сапраўдны патрыёт можа абысціся без належнай увагі да такой адметнай рысы нашага жыццця?
За Беларуссю ў свеце замацавалася найменне-ацэнка – край паэтаў, спеўная зямля. І наша Берайсцейшчына, гаворачы словамі вялікага Адама Міцкевіча, была і ёсць калыскай думаў і натхнення многіх пісьменнікаў.
Кажуць, у народа, які не ведае і не памятае свайго мінулага, адсутнічае будучыня. Беларускі народ мае продкаў, чыя дзейнасць складае цэлыя эпохі ў культурным жыцці краіны. Наша зямля нарадзіла Рагнеду і Рагвалода, Ефрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага, Міколу Гусоўскага і Францыска Скарыну, Сімяёна Полацкага, Тадэвуша Касцюшку… Гэты рад можна доўжыць і доўжыць. Кожнае імя, што захавала гісторыя, мы павінны ведаць і шанаваць, бо ў гэтым – аснова нашай чалавечай годнасці, з гэтага пачынаецца клопат пра дзяржаву, пра яе культуру, маральнасць і духоўнасць.
А яшчэ патрыётам можна назваць чалавека, які добра ведае культуру сваёй краіны, цікавіцца яе справамі, прымае ўдзел у жыцці грамадства, які ўсім сэрцам любіць сваю Бацькаўшчыну, ганарыцца ёю.
І я цябе люблю, Беларусь! Я люблю тваю прыроду, тваю гісторыю, тваю мову. Але, на жаль, на сённяшні дзень шмат беларусаў не размаўляюць на роднай мове. Яны забываюць свае традыцыі.
Але я веру – усё будзе інакш! Мы будзем размаўляць на роднай мове!
Мы будзем любіць і шанаваць нашу Беларусь!
Мы будзем сапраўднымі патрыётамі!
Кацярына КАНАНЧУК,
вучаніца сярэдняй школы №3 г.Пінска.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.