Беларусь

Маміна ўсмешка


Са словам “Беларусь” асацыююцца самыя розныя паняцці
Мне сніцца сон: я маленькая, у лёгкай сукенцы, басанож, іду па сцяжынцы да поля. Мяне вабяць прыгожыя блакітныя кветкі. Я ведаю, што гэта валошкі, а яшчэ я чула, як старэйшая сястрычка называла іх васількамі. Як дзіўна! Кветка называецца іменем майго браціка. Мама яго так і кліча: “Васілёк”. І вось я на ўзмежку. Ах, якія яркія, прыгожыя васількі! А паабапал сцежкі сіні-сіні гарошак.
Крок, яшчэ крок – і я ўжо не бачу сваёй хаты, ліпы з буслянкаю. Мне страшна. З усіх бакоў на мяне наступае жыта. І толькі над галавою –  сінь неба, сонца і аблачынка. Я гляджу ўгару і дзіўлюся – у аблачынкі маміна аблічча: яе вочы, яе ўсмешка. Здавалася, аблачынка кліча за сабою. І я пайшла. Без страху, з надзеяй…
Я прачынаюся ад дотыку маміных вуснаў і яе голасу:
– Нешта трывожыць цябе, дачушка, ты ў сне ўсхліпвала?
Расплюшчваю вочы – нада мною аблачынкай мамін твар, шчаку казычуць валасы, што выбіліся з-пад хусцінкі, добрыя-добрыя вочы і клапатлівыя ўсмешка…
– Ужо не трывожыць, мамачка. Мне не страшна і не трывожна, калі ты побач, – шапчу я і цалую маміны рукі.
Маміна ўсмешка… Я не бяруся пералічыць усе яе адценні. Яна бывае трывожнай, дакорлівай, іранічнай. А яшчэ па-маладому задзірлівай. Гэта ўсмешка, здаецца, дапамагае, як кажуць, горы звярнуць. Памятаю: палолі буракі, радкі доўгія-доўгія, а сонца такое пякучае…
– А ну, мае памочнічкі, дамо бой гэтай лебядзе-злыбядзе, уратуем бурачкі.
І ў работу, як у бой, ды з задзірлівай усмешкай, ды весела, з жартам.
Мама ўсміхаецца дакорліва – і слоў ніякіх не трэба: разумею, я нешта зрабіла не так…
А якую сілу мае маміна іранічная ўсмешка! Ніякіх натацый, ніякіх павучанняў – толькі ўсмешка, і ты гатова скрозь зямлю праваліцца ад сораму і адразу бачыш усе свае пралікі…
Ціхенька адю дзверы. Ах, як смачна пахне смажаная бульба! З кухні выглядае мама, на яе твары шчаслівая бесклапотная ўсмешка – значыць, усё добра, ва ўсіх усё добра.
Мамачка мая, любая! Жыві доўга-доўга! Усміхайся! Твая ўсмешка – мае крылы. Яна мая – першая асацыяцыя са словам “Беларусь”.
Дар’я ГУРМАН,
выпускніца Белаазёрскага дзяржаўнага прафесіяна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля