Беларусь

Жывая мова – жывая я


Беларускае слова – гэта адметнасць нашага народа, і будзе вялікай памылкай адмовіцца ад яго
Многія задумваліся: чаму родная мова адыгрывае такую важную ролю ў жыцці чалавека, чаму ёй надаецца столькі ўвагі і чаму яшчэ з малых гадоў дзяцей вучаць, выхоўваюць у іх любоў і павагу да роднага слова? Усё таму, што мова – гэта людскі пачатак. Яна з’яўляецца выразам чалавечай творчасці, інструментам разваг і ўспрыняцця навакольнага свету, мяжой між тым, што было, і тым, што будзе. Родная мова нясе ў сабе гісторыю продкаў і Бацькаўшчыны і з’яўляецца крыніцай для развіцця нашай культуры і культуры будучых пакаленняў. Гэта ключ да далейшага жыцця, бо, калі людзі забудуцца на сваю мову, яны забудуць і культуру, і традыцыі ды перастануць шанаваць памяць пра тых, хто ў свой час змагаўся за магчымасць гаварыць на ўласнай мове, хто прайшоў праз многія цяжкасці дзеля яе, падарыў нам магчымасць ганарыцца і ўслаўляць беларускае слова. Быў, на жаль, і такі час у нашай гісторыі, калі за выкарыстанне ў сваёй гутарцы беларускай мовы саджалі ў турмы. А сёння мы канстатуем той факт, што мова наша – гэта і наш гонар, і наш боль.
У сучасным грамадстве на роднай беларускай літаратурнай мове гавораць адзінкі. Аднак прайшло не так ужо шмат часу, каб яе забыць, каб страціць свае карані і гісторыю. Задумайцеся, наколькі прыемна весці гутарку на сваёй, нічым непаўторнай, своеасаблівай мове. Як прыемна ўслаўляць тым самым сваю культуру і краіну, людзей, якія ў ёй жывуць. Мова – гэта наша індывідуальнасць, якую нельга адабраць, з якой мы можам паказаць свету, што нас ні з кім не зблытаеш.
У нас няма забароны на родную мову,  а яе ў паўсядзённым жыцці больш чуеш рускае маўленне. Ніхто з нас не задумваўся, што некаторыя  малыя краіны і народы ўвогуле пазбаўлены гэтага шчасця – роднай мовы, што за кошт сваёй колькасці і за адсутнасцю права выказацца, яны страцілі сваю мову, згубіўшы пры гэтым і саміх сябе як нацыю.
Уявіце, што ўсе людзі пачалі гаварыць на якой-небудзь адной мове.Тады індывідуальнасць народаў знікне. Што будзе са светам? Ён страціць культуры, традыцыі, разнастайнасць, прывабнасць акаляючай прыроды і рэчаў. Людзі пазліваюцца ў адно і не змогуць больш ганарыцца карэннай і толькі сваёй мовай.
Маладое пакаленне ўсё ж мала разумее, што родная мова – гэта люстраны адбітак унутранага свету, патрыятызм і мысленне чалавека, хоць і само слова “патрыятызм” страчвае сваё значэнне ў светлых галовах некаторых нашых людзей. Замест роднай, народнай мовы ўсё часцей чуецца жаргонны слэнг ці бяздушная і прэсная гутарка.  “Той-сёй гаворыць – аджывае ўжо мова родная мая. А я скажу: Яна жывая, Пакуль жывеш і ты, і я!” Гэтыя словы Віктара Шымука вельмі яскрава характарызуюць сённяшнюю моўную сітуацыю ў краіне. На якой мове ты думаеш, разважаеш і размаўляеш, на такой адлюстроўваецца і ўспрымаецца знешні свет. Магчыма, адмоўныя факты, якія назапашваліся на працягу некалькіх стагоддзяў, прывялі да такога ўспрыняцця роднай мовы. Але варта задумацца ўсім і ўлічыць тое, што нават калі мова нацыі не з’яўляецца міжнацыянальнай мовай зносін ці ў дзяржаве ўзаконены білінгвізм, гэта зусім не значыць, што ад яе можна адрачыся і забыцца на яе.
Безумоўна, замежныя мовы не горш і ніхто не мае права сцвярджаць, што тая ці іншая мова непрыгожая і яе не варта вывучаць. Зусім наадварот. Вывучаючы іншыя мовы, чалавек пазнае  новыя кірункі, новыя магчымасці, новых людзей і гісторыю, духоўна расце і развіваецца. Бо мова з’яўляецца моцным інструментам для захавання спадчыны.  Але галоўнае, каб яна заўсёды была ў душы і не ставілася на ступень параўнання з той ці іншай –  такія рэчы параўнаць нельга, іх можна толькі па-рознаму ацаніць.
Мова нашага народа – гэта лепшае, што можа быць у яго духоўным жыцці. Вось бы ўсе гэта зразумелі!
Гледзячы на раўнадушныя адносіны людзей да роднага слова, у галаве пракручваю думку, што сэнс многага ўжо страчаны і вялікія намаганні шматлікіх людзей былі дарэмнымі. Бо, не змагаючыся за мову, забываючы яе ў паўсядзённым маўленні, мы аддаляемся ад яе, тым самым жывымі хаваем сваю культуру і… краіну. Вядомае выказванне “хочаш змяніць свет – пачні з сябе” заклікае людзей, не саромячыся і не хаваючыся, змагацца за сваю мову, бо гэта галоўнае дасягненне кожнага чалавека і ўсяго народа. Ці часта мы задумваемся пра тое, што здарыцца з намі, калі мы страцім беларускую мову? Калі мы дапусцім гэты недаравальны ўчынак? Калі мы страцім памяць, а тым самым і ўдзячнасць нашым продкам?
Народ і яго нацыянальная мова – непадзельныя паняцці, якія павінны насычаць адзін аднаго. Заклікаючы сябе расплюшчыць вочы на беларускую мову, заклікаю і іншых зрабіць тое самае. Нездарма ж Алесь Бачыла заўважыў, што “як у спёку ратуе ад смагі вада, так і думы людскія ўратоўвае мова…” Давайце ж не дадзім мове знікнуць з вуснаў нашага народа!
Лізавета ДАЛЖАНКОВА,
выпусніца СШ №20 г. Брэста.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля