Беларусь

  • Главная
  • Рэха падзеі
  • Чаму Прэзідэнт вызваліў ад пасады гендырэктара ААТ “Івацэвічдрэў” Барыса Міхнюка і назначыў на яго месца Уладзіміра Шульгу?…

Чаму Прэзідэнт вызваліў ад пасады гендырэктара ААТ “Івацэвічдрэў” Барыса Міхнюка і назначыў на яго месца Уладзіміра Шульгу?…


Рабочая паездка Аляксандра Лукашэнкі на ААТ “Івацэвічдрэў” 23 лістапада пачалася з аблёту тэрыторыі прадпрыемства. З верталёта Прэзідэнт аглядзеў стары завод, які знаходзіцца побач з новым цэхам. З вышыні палёту ён звярнуў увагу на безгаспадарчасць паўсюль. Таму запланаваны маршрут быў зменены. Пасля наведвання новага цэха Кіраўнік дзяржавы праінспектаваў стары завод і застаўся незадаволены беспарадкам у вытворчых і бытавых памяшканнях. Навокал было смецце і часткова выбіты вокны. Увогуле, не выконваліся элементарныя меры бяспекі.
Калі работнікі прадпрыемства пацікавіліся будучыняй цэха ў Прэзідэнта, дык пачулі ў адказ:
– Дакладна магу сказаць, што такога завода, які ператварыўся ў сметніцу, у вас не будзе. Змяніць сітуацыю зможаце вы самі на чале з новым дырэктарам. Так ніхто не працуе, лепш закрыць вытворчасць, чым чакаць, пакуль здарыцца бяда.
Прэзідэнт падкрэсліў, што нельга дапусціць паўтору трагедыі на прадпрыемстве “Пінскдрэў”. А на “Івацэвічдрэве” склалася вельмі небяспечная сітуацыя. У гэтым, на думку Кіраўніка дзяржавы, ёсць і віна рабочых. Калі сумеснымі з адміністрацыяй намаганнямі парадак не будзе наведзены, прадпрыемства варта закрыць. Выправіць сітуацыю даручана новаму дырэктару Уладзіміру Шульзе, які раней узначальваў канцэрн “Беллеспаперапрам”. Барыс Міхнюк ад пасады кіраўніка “Івацэвічдрэва” вызвалены.
Прэзідэнту паказалі таксама новы цэх па вытворчасці драўнянастружкавых і ламініраваных пліт. Вытворчы працэс тут цалкам аўтаматызаваны і адпавядае высокім міжнародным стандартам.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тэхналагічным працэсам. Гутарка ішла аб магчымасці арганізацыі на ААТ “Івацэвічдрэў” мэблевай вытворчасці. Да гэтага праекта, які, дарэчы, можа стартаваць ужо праз два гады, плануецца падключыць фабрыку ў Ружанах. Канкурэнцыя ў галіне вельмі высокая і ўвесь час расце, таму вельмі важна першымі заняць рынкі збыту.
Прэзідэнт  раскрытыкаваў тэмпы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых падпрыемстваў краіны. Ён звярнуў ўвагу на тое, што праінспектуе ўсе прадпрыемствы. Узнятыя пытанні і праблемы знаходзяцца на жорсткім кантролі Прэзідэнта, а іх вырашэнне будзе праверана ў наступным годзе.
– Выкананне даручэнняў буду правяраць асабіста, – зазначыў Аляксандр Лукашэнка і папярэдзіў: – Гэта першая жорсткая размова. Далей з вамі я размаўляць не буду. Калі што не так, лепш збірайцеся і сыходзьце куды-небудзь: хто – цэмент мясіць, а хто – ля станка стаяць.
Асабліва Кіраўнік  дзяржавы ўказаў на неадпаведныя ўмовы захоўвання каштоўнага замежнага абсталявання, якое набылі для ўводу  ў эксплуатацыю вытворчых памяшканняў, а дакладней – яго знаходжанне пад адкрытым небам.
Дарэчы, інвестыцыйныя праекты і мадэрнізацыя ажыццяўляюцца яшчэ на 8 прадпрыемствах канцэрна.
Яшчэ адной тэмай рабочай паездкі Прэзідэнта на Брэстчыну стала сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Кіраўнік дзяржавы ўказаў кіраўніцтву вобласці на недапрацоўкі па дасягненні прагнозу валавога рэгіянальнага прадукту. Разам з тым, ёсць і добрая тэндэнцыя. Як далажыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, па выніках года ў Брэсцкай вобласці будзе станоўчае сальда знешняга гандлю. Рэгіён таксама з’яўляецца адным з першых па мадэрнізацыі малочнатаварных ферм.
Гаворачы ў цэлым аб шляхах павышэння дабрабыту беларусаў, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на развіцці экспартаарыентаваных прадпрыемстваў, завязаных на мясцовай сыравіне. Прэзідэнт перакананы: варта зарабляць больш, а для гэтага неабходна выходзіць на новы, больш якасны ўзровень вытворчасці і кардынальна мяняць адносіны да працы.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Івацэвічы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля