Канстанцін Сумар падчас апошняй тэлефоннай “прамой лініі” адказаў на 30 званкоў
Кіраўнік вобласці цярпліва выслухоўваў сваіх суразмоўнікаў, не дзяліў іх звароты на важныя і дробязныя, таму што “гэтыя “прамыя лініі” даюць магчымасць людзям, у якіх ёсць праблемы, паспрабаваць іх вырашыць”.
З вёскі Лінова-2 Пружанскага раёна папрасілі перанесці высакавольтную лінію электраперадач, магнітнае выпраменьванне ад якой адмоўна ўздзейнічае на хатнюю тэхніку і шкодзіць здароўю людзей. У Тэльмах Брэсцкага раёна – перабоі з вадой: знікае без папярэджання і на працяглы час. У Маларыце з аварыйнага дома чалавека перасялілі ў іншы і праз 10 год, за якія гаспадар прывёў будынак у прыдатны для жылля стан, зноў хочуць перасяліць па ўсё той жа прычыне – аварыйнасць. Натуральна, маларытчанін заклапочаны: ці не пераселяць зноў у стары жыллёвы фонд, які праз пэўны час прызнаюць аварыйным? Неабыякавую бабулю з Брэста турбуе бяспека дзяцей з-за адсутнасці добраўпарадкавання тэрыторыі ля СШ №22. Маці дзяўчынкі-інваліда з Баранавіцкага раёна не можа атрымаць пуцёўку на аздараўленне дзіцяці. Сям’я з Лунінецкага раёна просіць падвесці газ да свайго дома…
Праблемныя жыццёвыя сітуацыі, зразумела, толькі па тэлефоне не вырашыць. Таму старшыня аблвыканкама адразу дае даручэнні канкрэтным службам, упраўленням аблвыканкама. Па заканчэнні тэлефоннага дыялогу з жыхарамі рэгіёна Канстанцін Сумар адзначыў: “Вывад, які можна зрабіць на падставе “прамых ліній”, у тым ліку і з маімі намеснікамі, і з кіраўнікамі абласных упраўленняў: робіцца практычна ўсё, што дапускаецца ў рамках закона. І сёння я не пачуў невырашальных пытанняў. Ёсць, вядома, просьбы і пажаданні, выкананне якіх патрабуе нямала часу і матэрыяльных затрат, але ж яны ўзятыя на кантроль – а значыць, не застануцца без увагі адпаведных структур”.
Прынамсі, як і жыллёвая палітыка. Хоць апошнім разам пытанняў, звязаных з тэмай жылля, па словах кіраўніка вобласці, было значна менш, чым на “прамых лініях” паўтара – год таму. І ўсё ж шэраг праблемных момантаў патрабуюць вырашэння, таму ўлада зверне асаблівую ўвагу на развіццё інфраструктуры на тэрыторыях індывідуальнай забудовы. Справа ў тым, што людзі актыўна будуюцца, ёсць дамы з высокім працэнтам гатоўнасці, але закончыць іх і перасяліцца перашкаджае адсутнасць належнага пад’езду, электрычнасці, газу, водазабеспячэння. Губернатар разлічвае, што Урад ужо ў наступным годзе выдзеліць значна большыя, чым раней, грашовыя сродкі для вырашэння такіх праблем. На будучы год у вобласці запланавана пабудаваць 1 мільён 100 тысяч метраў квадратных жылля. Выканаць заданне будзе значна лягчэй, калі падтрымаць індывідуальных забудоўшчыкаў, якія і ўзнімалі пытанні адсутнасці інжынерных сетак на выдзеленых участках.
Сёлета Канстанцін Сумар правёў 9 “прамых ліній”, на якія паступіла 160 зваротаў грамадзян. Па 32 з іх пытанні ўжо вырашаны поўнасцю, па некаторых дадзены тлумачэнні, а па шэрагу работа прадаўжаецца.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.