Куток таямніц

Куток таямніц

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

30 хвілін на электрычцы – і ты трапляеш у іншы свет…
Беларусь здаўна славіцца сваімі захапляльнымі, незабыўнымі і цудоўнымі краявідамі. Калі пабываў у такім месцы раз, дык палюбіш яго назаўсёды. І дзіўны гоман бярозавага гаю, і незабыўны пах палявых кветак, і чароўныя спевы птушак, і плёскат рыбы ў азёрах… Гэта край, дзе часам з-за клёкату буслоў не чуеш нават уласную гаворку, дзе ад паху чаромхі круціцца галава, дзе мурава такая мяккая, што хочацца прылегчы на яе, абхапіць рукамі і больш ніколі не адпускаць, а атрымліваць асалоду ад яе водару і хараства ўсё жыццё.
Мне вельмі пашанцавала, што маю такую мясціну, дзе звычайнае жыццё вельмі цесна пераплятаецца з прыродай. І зараз я намагаюся ў любую вольную хвіліну вырвацца з гарадской мітусні і прыехаць сюды, у вёску. Усяго 30 хвілін на электрычцы –
і ты трапляеш нібыта ў іншы свет. Яшчэ па дарозе пачынаеш пазнаваць родныя мясціны: праз шкло цягніка бачыш, як праплываюць лясы і палі, рэчкі і азёры –
блізкія сэрцу краявіды, дзе правёў амаль усё дзяцінства. З першага погляду здаецца, што трапіў у нейкі патаемны, але вельмі ўтульны куточак, дзе ўсе табе рады, дзе няма нічога, акрамя прыгажосці і радасці. І адразу на твары з’яўляецца вясёлая ўсмешка, калі ўзгадваеш, як аднойчы з дзедам хадзілі на паляванне, як уратавалі параненую саву ад нейкага драпежніка, як з хлопцамі гулялі ў футбол і каталіся на веласіпедах.
А як прыемна было пасля цяжкай працы на полі акунуцца ў рэчцы, у якой нават у самую моцную спёку вада бывае такой сцюдзёнай, што аж зубы зводзіць. Або проста пасядзець на беражку і пакідаць у празрыстую ваду маленькія каменьчыкі, назіраючы, як яны павольна апускаюцца на дно. Успомніліся моманты, калі з дзедам хадзілі ў грыбы і заўсёды вярталіся з поўнымі кошыкамі баравікоў. Асабліва прыемна было сачыць за поглядамі жыхароў вёскі, якія з усмешкай і нават трошкі з зайздрасцю ківалі ў мой бок і пыталіся:
– Дзе ты, Косцік, заўсёды столькі грыбоў знаходзіш?
– На таемным месцы! – усміхаўся я.
А як прыемна раніцай закінуць вуды ў ваду і сачыць амаль паўдня за паплаўком, які не-не ды шмыгне пад ваду. У такія моманты сэрца нібы замірае і ты адчуваеш сябе самым шчаслівым чалавекам у свеце. А праз некалькі хвілін я ўжо з гонарам глядзеў, як хлопцы разглядаюць майго, толькі што злоўленага, цяжкага карпа або карася. А яшчэ запомніліся бабуліны аладкі, супы і гарбата з чаборам ды мелісаю, а таксама дзедаў мёд і агуркі – упэўнены, найсмачнейшыя ў свеце. Мне часам здаецца, што анідзе няма смачнейшых страў за гэтыя. І вось тут разумееш, як моцна і горача любіш свой край, сваю вёсачку.
Зараз ведаю, што ў мяне было, мабыць, самае вясёлае і запамінальнае дзяцінства, якое толькі можа быць. І я вельмі рады, што нарадзіўся іменна ў Беларусі, што спазнаў усю яе прыгажосць, што зразумеў сэнс жыцця на гэтай зямлі. Я вельмі ўдзячны гэтай краіне за яе прыроду і людзей, з якімі заўсёды прыемна пагаварыць, і вельмі ганаруся гэтым краем, люблю і паважаю яго. Упэўнены, што ў будучым зраблю ўсё магчымае, каб наша Беларусь стала яшчэ больш прывабнай і прыгожай. І асаблівае месца ў маёй памяці зойме вось гэты куточак зямлі, да якога я прыкіпеў усёй душой і сэрцам, дзякуючы якому назаўжды запомню сапраўднае, чыстае, неапісальнае хараство беларускай зямлі – маёй вёсачкі ды ўсёй маёй Радзімы.
Канстанцін СВІДУНОВІЧ,
выпускнік гімназіі
г. Пружаны.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Інтэрнат ці кватэра, або Дзе камфортней і зручней жыць сучасным студэнтам?

Следующая запись

На Брэстчыне пачалі работу традыцыйныя восеньскія кірмашы