Некаторыя разважанні з нагоды слоў, што напісаны на гарадскім аўтобусе
“Шчыра вітаем матчынай мовай!” – з такім прыгожым надпісам па вуліцах горада курсіруе новенькі аўтобус. Прачытала я гэты заклік, і нават цяплей стала на душы. Але ж хутка “пахаладзела”. Бо спытала я сама сябе: “Хто і дзе так шчыра вітае нас беларускай мовай?”…
Кажуць, што мова – гэта душа народа. Але ж якая душа ў сучаснага беларуса? Рускамоўная. Не верыце? Выйдзіце на вуліцу, прыслухайцеся да гутаркі людзей або паразмаўляйце са сваімі роднымі ці сябрамі. Гаворка пойдзе ў вас па-руску або на так званай “трасянцы”. Мілагучнай, вобразнай, найчысцейшай беларускай мовы амаль што не пачуць. І як жа крыўдна становіцца за тое, што памірае, згасае, нібыта знічка, надзея на адраджэнне і доўгае жыццё роднай мовы.
Некаторыя скажуць: беларуская мова непрыгожая. Яна гучыць груба, па-мужыцку. Так і хочацца закінуць слова за родную мову: апраўдаць яе, спасылаючыся на факты і кампетэнтныя заявы. Па дадзеных ЮНЕСКА, беларуская мова па сваёй глыбіні, непаўторнасці, мілагучнасці і харастве – другая па ліку пасля італьянскай мовы, якая падабаецца амаль што ўсім. А як шыкоўна гучыць па-беларуску паэзія геніяльнага Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна ў перакладзе нашага земляка – паэта Алеся Каско:
Я Вас кахаў, пачуцці тыя, мусіць,
У сэрцы яшчэ цепляцца маім.
Ды хай нішто Вас болей не засмуціць,
Я не хачу няволіць Вас нічым.
Я вас кахаў употаю, нямотна
То з рэўнасці згараў, а то з тугі.
Я Вас кахаў так шчыра,так пяшчотна,
Як дай жа Бог, каб Вас кахаў другі.
Пагадзіцеся, прыгожа! І гучыць ніяк не горш за арыгінал на рускай мове!
Памятаю, як пасля адкрытага ўрока беларускай літаратуры маёй настаўніцы яе калегі зрабілі не зусім звычайны камплімент: ”Як жа добра дзеці гавораць па-беларуску!” Мне стала чамусьці так крыўдна. А як жа інакш? Мы ж беларусы! І павінны добра ведаць і гаварыць на мове бацькоў сваіх! Не можа здзіўляць добрае веданне роднай мовы, бо яна ж не чужая, яна не замежная! Свая, невычэрпна-багатая, гордая і на дзіва жывучая. Беларуская мова прайшла складаны шлях. Яна перажыла адраджэнне і забыццё, дазвол і забарону. І ўсё гэта дзеля чаго? Каб праз шмат гадоў стаць артэфактам у гістарычным музеі?..
Бясспрэчна, на ўзроўні дзяржавы робіцца многае, каб мова жыла, не знікала. На кніжных паліцах з’яўляюцца творы беларускіх аўтараў, радуюць вока беларускамоўныя газеты і часопісы. На хвалях радыё гучыць беларускае слова, песні. На шчасце, ёсць і людзі, якія не цураюцца роднай мовы. З якім захапленнем заўсёды слухаю гаворку ганцавіцкага паэта Аляксея Галаскока. На чыстай літаратурнай мове гаворыць ён са сваімі ўнукамі і суседзямі, у краме і на вуліцы. І гэта нягледзячы на тое, што шмат гадоў Аляксей Галаскок жыў далёка ад Радзімы, дарагіх і бязмежна любімых мясцін, якія пазней сталі невычэрпнай крыніцай яго паэтычнага натхнення. Заўсёды гэты чалавек жыццесцвярджальна кажа: “Няма беларуса без мовы сваёй”.
Бяжыць вуліцамі горада новенькі аўтобус… Ён ужо далёка ад мяне, і надпісу амаль што не відаць. Знікае аўтобус за гарадскімі будынкамі, хаваецца за векавымі бярозамі, ліпамі, таполямі і прападае за мітуснёй звычайных людзей. Пабег, паімчаў мой аўтобус. І толькі шчымлівыя думкі-пытанні засталіся ў маёй душы: які лёс чакае цябе далей, мова беларуская, ці зможаш ты стаць магутнай, шумнаводнай ракой ці застанешся крынічкай, чыстай, звонкай, невычэрпнай?..
Кацярына РУТКОЎСКАЯ,
удзельніца ўзорнага літаратурнага
аб’яднання “Верасок”,
г. Ганцавічы.
Фота: http://inspiration.blog.tut.by/
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.