У сераду старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар сустрэўся з актывам абласной арганізацыі БРСМ
Сустрэча актывістаў суполкі з кіраўніком вобласці адбылася з нагоды святкавання 10-годдзя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. У самым пачатку Канстанцін Сумар прапанаваў адмовіцца ад фармалізму і загадзя падрыхтаваных дакладаў. Па яго ініцыятыве мерапрыемства прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу: кожны мог задаць пытанне, узняць праблему ці прапанаваць ініцыятыву. Пытанні тычыліся пераважна фінансавання дзейнасці арганізацыі, працаўладкавання моладзі і замацавання маладых спецыялістаў.
– Для маладзёжнай арганізацыі вельмі важна вучыцца быць самастойнай – гэта значыць, не чакаць дапамогі збоку, – адзначыў Канстанцін Сумар. – Стваральная дзейнасць БРСМ будзе падтрымана дзяржавай. А вось тэрытарыяльным камітэтам, як і людзям, неабходна шукаць індывідуальнасць, а не капіраваць адзін аднаго. Для таго, каб заахвоціць маладых, варта шукаць сваю “фішку”. Неабходна быць з моладдзю на адной хвалі, вучыць яе і выхоўваць, бо менавіта гэтае пакаленне рыхтуецца прыйсці на змену дзеючым кіраўнікам.
Звяртаючыся да выконваючага абавязкі першага сакратара абласнога камітэта ГА “БРСМ” Віктара Іванова, Канстанцін Сумар заўважыў, што ўлада высока цэніць работу аб’яднання. Сярод пазітыву кіраўнік вобласці адзначыў патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, валанцёрства, спартыўныя мерапрыемствы, ваенна-гістарычны рух. А ў якасці прапановы выказаў пажаданне ўбачыць супрацоўніцтва БРСМ з моладдзю ў бізнесе.
У нефармальнай і вельмі душэўнай гутарцы таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Сцяпан Амялюсік, начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама Ірына Замарозная, былы першы сакратар абкама БРСМ Віктар Фісюк і іншыя. Вось так па-сяброўску падчас канструктыўнага дыялогу прысутныя падвялі рысу пад зробленым за 10 год і вызначыліся з планамі на перспектыўную будучыню арганізацыі, якая ўжо размяняла другі дзясятак.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.