Беларусь

Сёння Уладзіміру Андрэевічу Калесніку споўнілася б 90 год


Хаця 18 гадоў яго няма з намі, але ён быў і застаецца ў памяці тых, хто сустракаўся з ім, хто вучыўся ў яго. Выкладчык-прафесар, крытык, літаратуразнавец і пісьменнік, лаўрэат шматлікіх прэмій, ён быў аднолькава таленавіты ва ўсім, чым займаўся. Уладзімір Калеснік добра ведаў літаратуру, гісторыю і мастацтва. Апроч літаратуразнаўчых кніг, крытычных артыкулаў і дакументальных аповесцей, ён няблага маляваў, ляпіў, займаўся разьбой па дрэве.
Для студэнтаў філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна на многія гады Настаўнікам з вялікай літары быў ён – Уладзімір Калеснік. Пераступіўшы парог аўдыторыі, мы чулі легенды, якія расказвалі пра свайго выкладчыка старшакурснікі. Гаварылі,  што так цікава лекцыі, як Калеснік, на факультэце не чытае, бадай, ніхто. Не, ён не чытае па канспекце, а расказвае, як бы гутарыць з кожным. Болей таго, не церпіць расхлябанасці і пошласці, вучыць студэнтаў думаць, разважаць, мець асабістае меркаванне аб прадмеце.
Уладзімір Андрэевіч, і праўда, як бы гутарыў з намі. Памятаю, як на лекцыі па фальклоры ўзнікла пытанне пра дабро і зло ў творах вуснай народнай творчасці. У гаворку ўключыліся дзяўчаты (а іх заўсёды на філфаку – абсалютная большасць). Яны даказвалі, што ў жыцці для таго, каб пасля не шкадаваць, трэба быць добрым, нават добранькім.
– На добранькіх, – усміхнуўся выкладчык, – ваду возяць! Дабро павінна не сюсюкаць, а ўмець пастаяць за сябе…
Другі раз гаварылі пра ідэал беларускай дзяўчыны. Уладзімір Андрэевіч прапанаваў нам пытанне:
– Скажыце, каго ў беларускай вёсцы ў першую чаргу бралі ў жонкі – прыгожую, худзенькую, бы трасцінка, ці паўнаватую і чырванашчокую?
Пачуліся галасы:
– Вядома ж, прыгожую ды ху-дзенькую.
– Танклявую…
– Э не, галубіцы іарданскія! – любімы іранічны Калеснікаў зварот да дзяўчат. – У вёсках бралі ў жонкі не худых, а дужых, чырванашчокіх. Гэта быў ідэал прыгажосці! Бо працаваць трэба было…
Уладзімір Андрэевіч меў энцыклапедычныя веды, адкрыў вялікі, нікім не распрацаваны пласт літаратуры Заходняй Беларусі. Свае веды імкнуўся ўкласці ў студэнцкія галовы, падтрымліваў кожнага, хто меў хаця б іскрынку творчасці. Па-свойму, па-бацькоўску адносіўся да моладзі: нават у тым, што ён ніколі не нёс ведамасць у дэканат, калі ў ёй значыўся хоць адзін студэнт, які не здаў залік, бо гэта яму магло каштаваць стыпендыі. І ў той жа час прымушаў вывучыць свой прадмет. За гэта таксама паважалі мы свайго выкладчыка.
Ён бачыў у нас будучых педагогаў, якім несці роднае слова хлопчыкам і дзяўчынкам, і стараўся, каб кожны пакінуў сцены інстытута з трывалым багажом ведаў. Таму ў Брэст прыязджалі многія беларускія пісьменнікі, з якімі Уладзімір Андрэевіч сябраваў. Літаральна кожную значную кнігу абмяркоўвалі ў педінстытуце з запрашэннем аўтара. У маю першую студэнцкую восень у Брэст завітаў Іван Мележ на абмеркаванне рамана “Людзі на балоце”, які толькі-толькі надрукавала “Полымя”. За пяць гадоў вучобы адбыліся прэзентацыі раманаў Івана Шамякіна “Сэрца на далоні”, Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды”, Івана Навуменкі “Сасна пры дарозе”, аповесцей Алеся Асіпенкі “Абжыты кут” і Аляксея Карпюка “Пушчанская адысея”. Так было пры нас, так было і пасля…
Мы пастаянна адчувалі яго захапленне калегамі-сябрамі. Пасля наведвання Гродна Калеснік расказваў, што Васіль Быкаў напісаў цудоўную аповесць “Альпійская балада”, а яе адмаўляюцца друкаваць, патрабуюць выкінуць дыялог Джуліі з Іванам Цярэшкам, дзе яна пытае ў Івана, ці сапраўды ў яго краіне былі ГУЛАГі, на што атрымлівае станоўчы адказ.
– Хіба можна перапісваць гісторыю?! –
абураўся Уладзімір Андрэевіч. – Ці нешта выкідваць з яе?
Другім разам пасля падарожжа з Брылём па Поўначы Расіі Калеснік быў у захапленні ад Івана Антонавіча, які ў Кіжах, ля цэркаўкі – працы непаўторных дойлідаў – усклікнуў: “Дык гэта ж шышачка!”
– Такое ўбачыць мог толькі вялікі лірык, – гаварыў Уладзімір Андрэевіч,  –
сапраўдны пісьменнік!
На апошнім курсе мне выпала педагагічная практыка ў Камянцы. Куратарам быў Уладзімір Андрэевіч. Ён добра ведаў кожнага з нас і не надта дакучаў сваімі парадамі: праз паўгода вам у школах працаваць, прывучайцеся, маўляў, да самастойнасці! Характарыстыкі, аднак, былі настолькі дакладныя і справядлівыя, што ніхто не застаўся ў крыўдзе на куратара.
Калеснік – збіральнік творчай моладзі Брэстчыны. Аднойчы ён папрасіў мяне прынесці яму што-небудзь сваё, хаця я тады яшчэ анідзе не друкаваўся. Я прынёс толькі што скончаную аповесць “Лёс адзінокай птушкі”. Не скажу, што Уладзімір Андрэевіч быў у захапленні ад майго “тварэння”, але, мусіць, каб не пакрыўдзіць, прапанаваў:
– Паспрабуй надрукаваць у “Нёмане”.
Я сам разумеў, што рэч недасканалая, і нідзе не надрукаваў. Затое пазней, калі мае апавяданні, вершы, казкі сталі з’яўляцца ў дзіцячых перыядычных выданнях, ён часам запрашаў на літаратурныя вечары ў педінстытут.
Нельга назваць такога раёна Брэсцкай вобласці, у якім не выступаў Калеснік. Памятаю, як напярэдадні 40-годдзя Вялікай Перамогі работнікі Жабінкаўскага райана запрасілі Уладзіміра Андрэевіча выступіць у ГДК перад юнымі чытачамі. Ён, абапіраючыся на творы Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Івана Чыгрынава, расказаў, як тэма Вялікай Айчыннай вайны асвятляецца ў беларускай літаратуры. Асобная гаворка была пра тое, як збіраўся матэрыял і стваралася кніга “Я з вогненнай вёскі…”. Як вядома, аўтары на Калеснікавым чырвоным “Масквічы” аб’ехалі ледзь не ўсю Беларусь. Сам Уладзімір Андрэевіч хораша фатаграфаваў, і яго здымкі ўвайшлі ў кнігу. Тады, у прыватнасці, ён сказаў:
– Матэрыял быў настолькі незвычайны, настолькі цяжкі для ўспрыняцця, бо людзі расказвалі жудасныя падрабязнасці тых вогненных гадоў, што мы маглі працаваць тыдзень, а потым два-тры дні вымушаны былі адпачываць, настройвацца на новыя сустрэчы. Хаця ўсе мы – і Алесь Адамовіч, і Янка Брыль, і я – самі прайшлі вайну, ваявалі…
Мы ведалі, што ў апошнія гады Калеснік цяжка хварэў. Каб падтрымаць арганізм, яму час ад часу рабілі пераліванне крыві. Як бы падводзячы вынікі пражытага, Уладзімір Андрэевіч апантана, наколькі дазваляла здароўе, працаваў над дакументальнай аповесцю “Доўг памяці” аб сваёй партызанскай маладосці.
Як ні рупіліся ўрачы і сябры адцягнуць хвіліну расстання, яна прыйшла. Для многіх, як і для мяне, яна была нечаканай і нясцерпна балючай. Смерць Настаўніка ўраз сабрала ўсё “Берасцейскае вогнішча”, як сам Калеснік называў літаратурную “дружыну” Брэстчыны. І не толькі. З Мінска прыехалі Янка Брыль, Васіль Жуковіч, Яўген Лецка, Міхась Тычына і іншыя.
У кватэры Калеснікаў сыходзілася ўся інфармацыя аб пахаванні. Прыйшла неспакойная вестка: на месцы, што выбрала жонка Зося Міхайлаўна, ляжыць вялізная глыба, якую без крана не падняць, таму абралі новае. Васіль Жуковіч сказаў:
– Уладзімір Андрэевіч быў вялікі жыццялюб. Не хочацца яму ісці ад людзей, вось і адцягвае ён хвіліну ростані…
Труну ўстанавілі ў педінстытуце для развітання з памерлым. У ганаровай варце – і пісьменнікі Брэстчыны, і госці. Выступалі. Янка Брыль перадаў словы падтрымкі ад Максіма Танка, які сам цяжка хварэў, але спачуваў сям’і Калесніка з нагоды такой незаменнай страты. Ад першай Калеснікавай кнігі “Паэзія змагання” да нарыса жыцця і творчасці Максіма Танка іх звязвала цеснае, творчае сяброўства.
Іван Антонавіч цёпла, хораша гаварыў і аб ролі Зосі Міхайлаўны ў жыцці Уладзіміра Андрэевіча. Хто злічыць, колькі старонак, напісаных Калеснікавай рукой, было аддрукавана ёю! Колькі – пасля правак! Зосі Міхайлаўне было наканавана і далей рупіцца пра мужаву спадчыну…
Жыве памяць пра Уладзіміра Андрэевіча, якую доўжаць калегі, вучні. Яна ў рабоце навукова-асветніцкага цэнтра, адкрытага ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, у абласной літаратурнай прэміі яго імя, у назвах вуліцы ў Брэсце і Ярэміцкай сярэдняй школы, дзе вучыўся Калеснік. Да 85-х угодкаў з дня нараджэння выдадзена цудоўная кніга “Пасланец Праметэя”, якая ўвабрала ў сябе ўспаміны сучаснікаў пра Калесніка, а таксама творы, прысвечаныя яму. Мой верш нарадзіўся адразу пасля расстання з Настаўнікам.
Ля Берасцейскага вогнішча
Хто дарогу шукаў як бы вобмацкам,
Хто ішоў праз кусты напралом
К Берасцейскаму зыркаму вогнішчу,
Каб сказаць, што на сэрца лягло.

Разгараліся спрэчкі, што полымя,
Як смалістых падкідваюць дроў…
Ваш бацькоўскі наказ – каб ніколі мы
Не зракаліся праўды й сяброў.

Мы чыталі так вершы, бы ставілі
Усё чыста на кон, што маглі…
Побач з Вамі, любімым Настаўнікам,
Нам жылося лягчэй на зямлі.

… Сёння слёзна, сцюдзёна і воблачна,
Расставанне прыспешвае час…
Век гарэць Берасцейскаму вогнішчу –
Гэта нашая памяць пра Вас.
Расціслаў БЕНЗЯРУК,
г. Жабінка.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля