Вольга Грэчка пра юрыспрудэнцыю
Аднойчы па радыё Вольга Грэчка пачула, як хтосьці з выкладчыкаў расказваў пра юрыспрудэнцыю і юрыдычныя факультэты. Настолькі ўразіла дзяўчыну пачутае, што яна вырашыла: абавязкова стане часткай гэтай мудрагелістай сістэмы. Пачала рыхтавацца да паступлення ў сталічную ВНУ. На яе рахунку – перамогі ў шматлікіх конкурсах. Вылучаецца з усіх узнагарод дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве.
Юрыспрудэнцыя падабаецца Вользе сваёй шматпрофільнасцю. Спецыяліст можа працаваць у розных сферах – быць адвакатам, суддзёй, юрысконсультам. Гэта і прываблівае цікаўную красуню. Дзяўчына была членам школьнай каманды “Што? Дзе? Калі?”, цікавіцца мудрымі выказваннямі і афарызмамі, займаецца рукадзеллем і бісерапляценнем. Яна вельмі любіць падарожжы. Раней захаплялася хірамантыяй і цяпер сцвярджае, што па руцэ можа многае расказаць пра чалавека. Будучы юрыст любіць чытаць кнігі, асабліва ёй падабаецца “Парфумер” Патрыка Зюскінда.
Марыць Вольга атрымаць любімую прафесію і стаць добрым спецыялістам. Дзяўчына прызналася, што ў будучым бачыць сябе вядомым адвакатам, якому давяраюць кліенты і які цудоўна валодае ўсімі нюансамі работы.
Таццяна СЕГЕН,
Столінскі раён.
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.