Беларусь

Я з захапленнем чытаю матэрыялы рубрыкі “Матчына мова”


Чаму лётаюць птушкі?.. Калі мы запыталі б пра гэта ў знаўцаў-арнітолагаў, дык даведаліся б многа цікавага з жыцця нашых крылатых сяброў. Але вось як адказаў на гэтае пытанне паэт:
Уся зямля гарыць
у майскай квецені.
Колькі год я па ёй
вандраваў!
А сёння спыніўся:
як жа ісці
Па вуснах пявучых траў,
Па жывых, раскрытых
вачах лотаці?
Дык вось чаму птушкі
лётаюць!
Максім ТАНК
Лета, цяпло, і так хочацца на квяцісты луг, дзе песня жаваранка, лёгкія крылы матылёў і лянівы перагуд працавітых чмялёў. Успамінаю, чытаю ўслых гэты верш заўсёды, калі выпадае любавацца спрадвечным, не патрывожаным лемяшом плуга лугам. Павее ветрык – і сваімі пяшчотнымі, пявучымі вуснамі жывыя, яснавокія краскі дзякуюць сонцу за святло і цяпло. Жоўтымі, сінімі, блакітнымі вачамі глядзяцца ў неба рамонкі, званочкі, валошкі. Іншы раз здаецца нават, што і само неба – як той васілёк. А прыйдзеш на луг раніцай – пабачыш, як па зялёных далоньках-лістках перакочваюцца празрыстыя кропелькі расы. І няхай нам не вядомы назвы дзясяткаў, сотняў траў і кветак, гэта не перашкаджае любавацца іх хараством. Кожная зачароўвае, вабіць па-свойму, і не бывае пад сонцам непрыгожых кветак. Менавіта таму так моцна западае ў душу паэтычнае адкрыццё народнага паэта: птушкі – чуйныя, вольныя, непрыручаныя – рэдка апускаюцца на зямлю, каб не парушаць цудоўнай гармоніі траў і красак. А яны ж, Божыя стварэнні, найчасцей такія маленькія, лёгкія! Прабяжыць каторая па пракосе – ні травінкі, ні кветкі не прымне…
КВЕТКА, паводле тлумачальных слоўнікаў, – травяністая расліна, якая ў перыяд цвіцення мае яркую, часта духмяную, што распускаецца з бутона, галоўку ці суквецце. Палявую, лугавую кветку называюць яшчэ КРАСКАЙ. Любіў гэтае слова Якуб Колас, не раз ужываў у вершах і паэмах. Адразу ўспамінаецца з “Новай зямлі”:
А краскі ніжай гнуць
галовы,
Пачуўшы косак звон
сталёвы.
А хто не ведае са школьных чытанак:
Ветрык краскі чуць
калыша,
Травы шалясцяць.
Луг зялёны жыццём дыша –
Конікі трашчаць!
Назавём яшчэ некалькі значэнняў слова кветка, якія фіксуюцца дыялектнымі слоўнікамі. Кветка (квітка) – вязка накшталт гронкі з ядлоўцу, якая ўмацоўваецца на бліжэйшым ад вуліцы франтоне ў дзень яго ўстаноўкі, а часам – наогул заканчэнне ўсякай працы па гаспадарцы. Кветкай называлі таксама букет з калосся збажыны і нязжаты пучок каласоў, пакінуты ў канцы жніва.
У друку, у вусных выказваннях носьбітаў роднай мовы нярэдка сустракаюцца памылкі, звязаныя з ужываннем прыметнікаў, суадносных са словам кветка. Трэба памятаць, што КВЕТАЧНЫ – прыгатаваны з кветак (кветачны адэкалон, кветачны чай). КВЕТКАВЫ – які мае адносіны да кветкі, прызначаны для кветак (кветкавы кіёск, кветкавы дыван, кветкавы магазін, кветкавая пупышка, кветкавая выстаўка). Пра луг, пакрыты, усеяны кветкамі, мы гаворым – КВЯЦІСТЫ. Квяцісты – гэта яшчэ і з узорам у кветкі, яркі, каляровы (квяцісты дыван, квяцістая сукенка). Квяцістай (вядома, у пераносным сэнсе) можна назваць і афіцыйную прамову – залішне напышлівую, траскучую, нашпігаваную метафарамі і рытарычнымі пытаннямі, але ў той жа час пустую, ні аб чым.
Нельга сказаць, што слова кветка ўваходзіць у склад вялікай колькасці ўстойлівых спалучэнняў слоў. “Кветкі з чужых палёў!” – абурана скажа даследчык літаратуры, калі заўважыць у творы, які збіраецца рэцэнзаваць, запазычаныя ў іншых аўтараў матывы, думкі, нават вобразы і сінтаксічныя канструкцыі. Калі хочуць падкрэсліць, што нейкі непрыемны выпадак – толькі пачатак непрыемнасцей, а ўсё ліха чакае напера-дзе, кажуць: “Гэта яшчэ толькі кветачкі!” У педагагічнай літаратуры часам можна сустрэць устойлівы выраз: цвісці павінны ўсе кветкі. Гэта значыць, што мы, дарослыя, педагогі, абавязаны дапамагчы дзіцяці развіць закладзеныя прыродай здольнасці…
Цвітуць лугі, услаўляюць зямное хараство птушкі. Спынімся, удзячна глянем на неба і на зямлю, нахілімся над валошкай у жыце. Чалавеку нельга без прыгажосці.

ВЫВУЧАЕМ НОВЫЯ “ПРАВІЛЫ БЕЛАРУСКАЙ АРФАГРАФІІ І ПУНКТУАЦЫІ”

Паважаныя чытачы, мы завяршаем друкаваць каментарыі да “Новых правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, якія ўступаюць у дзеянне з 1 верасня гэтага года.
ГЛАВА 7
ПРАВІЛЫ НАПІСАННЯ РАЗАМ, ПРАЗ ЗЛУЧОК І АСОБНА (§34 – §40)
Правілы напісання слоў разам, праз злучок і асобна засталіся практычна нязменнымі.
Неабходна звярнуць увагу на правапіс праз злучок літарных скарачэнняў складаных слоў, бо тут ёсць разыходжанне ў напісанні поўнага складанага слова (пішацца разам) і яго літарнага скарачэння, якое ўяўляе сабою першыя літары абедзвюх частак (пішуцца праз злучок). Напрыклад, сельскагаспадарчы – с.-г., індаеўрапейскі – і.-е.
Трэба запомніць, што субстантываваныя складаныя прыметнікі з першай часткай ваенна- пішуцца разам (ваеннапалонны, ваеннаслужачы, ваеннаабавязаны). Усе астатнія (не субстантываваныя!) складаныя прыметнікі з першай часткай ваенна- пішуцца праз злучок (ваенна-палявы, ваенна-марскі, ваенна-спартыўны і інш.)
Неабходна таксама размяжоўваць ужыванне дэфіса пры напісанні спалучэнняў простых лічэбнікаў для абазначэння прыблізнага ліку (пяць-шэсць гадоў, 3-4 дні) і ўжыванне працяжніка пры напісанні спалучэнняў састаўных і складаных лічэбнікаў у падобных выпадках (дваццаць пяць – дваццаць сем гадоў, 70 – 80-я гады).
Варта заўважыць, што тое ці іншае напісанне слоў у многіх выпадках абумоўлена толькі папярэдняй пісьмовай традыцыяй. Таму для засваення навыку беспамылковага напісання неабходна прывіваць вучням звычку карыстацца спецыяльнымі слоўнікамі. На цяперашні час ужо выдадзены “Беларускі арфаграфічны слоўнік” (укладальнікі Л.П. Кунцэвіч, І.У. Кандраценя; пад рэдакцыяй А.А. Лукашанца. – Мінск: Беларус. навука, 2009. – 695 с.), які мае нарматыўны характар і адлюстроўвае ўсе змены правапісу, якія ўводзяцца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.
ГЛАВА 8
ПРАВІЛЫ ПЕРАНОСУ  (§34 – §41)
Адбылося істотнае спрашчэнне правіл пераносу слоў са збегам зычных паміж галоснымі. У адпаведнасці з новымі правіламі дапускаецца свабодны перанос слоў, напрыклад: бя-скрыўдны, бяс-крыўдны, бяск-рыўдны, ра-змова, раз-мова, за-става, зас-тава. Як бачым, перанос можна ажыццяўляць на мяжы папярэдняй галоснай і наступнага збегу зычных, але ён не можа адбыцца на мяжы папярэдняга збегу зычных і наступнай галоснай (нельга пераносіць: разм-ова; заст-ава).
У астатніх выпадках правілы пераносу не змяніліся.
РАЗДЗЕЛ ІІ
ПУНКТУАЦЫЯ (§42 – §66)
Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку паводле Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” застаюцца нязменнымі. У новай рэдакцыі толькі часткова абноўлены ілюстрацыйны апарат, па-новаму пададзена яго групоўка.
Адзначым усяго адзін істотны момант, які мае адносіны да правіл пастаноўкі кропкі, калі ў канцы апавядальнага сказа ўказваецца аўтар або даецца пашпартызацыя. Кропку ў такіх выпадках неабходна ставіць пасля дужкі: Выдатны паэт і крытык Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем паэзіі (ЛіМ).

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ
БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА
Я з захапленнем чытаю матэрыялы рубрыкі “Матчына мова”
Што найперш імпануе ў матэрыялах рубрыкі “Матчына мова”, дык гэта кампетэнтнасць аўтара. Старшы выкладчык БрДУ імя А.С.Пушкіна, пісьменнік Мікола Сянкевіч дакладна ведае прадмет, пра які гаворыць з чытачамі. Яго назіранні, нібыта падказкі-арыенціры ў свеце роднай мовы. З матэрыялу ў матэрыял адкрываю неардынарнае, прыгожае і, калі хочаце, нават эксклюзіўнае ў беларускім слове. Ад гэтых адкрыццяў бывае нават балюча, калі ўсведамляеш, што такім скарбам народ наш карыстаецца зусім не так, як трэба было б карыстацца.
Сярод маіх родных, сяброў, знаёмых амаль ніхто не гаворыць на беларускай мове. З літарамі беларускага алфавіту, гучаннем слоў нават школьнікі сустракаюцца часцей за ўсё толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Беларускае слова для многіх з нас нязвыклае, таму і не карыстаемся ім. Мне здаецца, што варта шырэй прапагандаваць матчыну мову. Не ў сэнсе таго, каб спяваць ёй дыфірамбы і заклікаць зберагчы, а ў плане правядзення вечароў, канцэртаў, гарадскіх і вясковых свят з дапамогай беларускага слова.
Мая бабуля размаўляе па-беларуску. З дзяцінства толькі такую гаворку ад яе чую. Калі я падрос, зразумеў: лепшага агітатара за мову мне і не трэба. Бо бабуля – самы пераканаўчы прыклад. Так пад яе уз-дзеяннем і ўплывам “НТ” сам пачынаю размаўляць на матчынай мове. Вершы, сачыненні, даклады па-беларуску пішу. І заўважаю, што мае равеснікі таксама змяняюць адносіны да роднага слова. Няхай сабе ў нас і дзве дзяржаўныя мовы, але ж жывём мы ў Беларусі!
Раман ШАМШОРЫК,
выпускнік абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля