Беларусь

Як злева, так і справа


Нашу сённяшнюю размову хочацца пачаць з выказвання вядомага беларускага паэта і рэдактара Кастуся Цвіркі: “Перш чым што-небудзь напісаць ці сказаць па-беларуску, многія з нас амаль усё перакладаюць у думках з рускай мовы, а перакладаем, вядома ж, самым лёгкім спосабам: механічна замяняем рускія словы беларускімі, прычым тымі, што ляжаць на паверхні. Што ж да будовы фразы, то яе мы вельмі часта пакідаем нязменнай. У выніку такога “перакладу” мы гаворым і пішам хоць і беларускімі словамі, але ў аснове сваёй па-руску”. Іншымі словамі, карыстаемся калькай. Артыкул “Шашаль мовы – калька”, з якога ўзята прыведзеная вышэй цытата (надрукаваны ў “ЛіМе” 12 сакавіка 1993 года), у свой час меў шырокі розгалас сярод творчай інтэлігенцыі. Не страціў ён сваёй актуальнасці і цяпер. Мы ўсё яшчэ не навучыліся думаць, адпаведна і канструяваць фразы, па-беларуску. Даходзіць часам да смешнага: у сямі нянек дзіця без вока – пераклалі нядаўна ў адной са студэнцкіх аўдыторый вядомую рускую прыказку.
Прапануем спыніцца на ўстойлівых зваротах, у якіх адным з кампанентаў з’яўляецца назоўнік справа – работа, занятак,  дзейнасць. У рускай мове яму адпавядае слова дело, з якім  (на гэта абавязкова трэба звярнуць увагу) функцыянуе некалькі дзясяткаў фразеалагічных адзінак, вялікая колькасць прыказак і прымавак. Навошта ламаць галаву, разважае не надта патрабавальны да сябе “перакладчык” з рускай мовы, калі можна ў кожным выпадку дело замяніць на справу – і ўсё тут. Яшчэ ж і слоўнікамі абароніцца. У двухтомных беларуска-рускім і руска-беларускім слоўніках, выдадзеных у васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя, устойлівыя звароты са словамі дело і  справа ўтвараюць некалькі дзясяткаў пар. Спашлемся на прыклады:
дело чести – справа сумлення;
кровное дело – кроўная справа;
дело хромает – справа кульгае;
пока суд да дело – пакуль суд ды справа;
дело на мази –  справа на мазі;
наше дело правое – наша справа справядлівая…
Згадзіцеся, штучнае спалучэнне слоў, у якім галоўным кампанентам выступае назоўнік справа, выклікае ўражанне, што мы ўсё роўна гаворым не на сваёй мове. На нашу думку, такія звароты трэба ўжываць вельмі асцярожна, а то і зусім адмовіцца ад іх выкарыстання. Каб лягчэй гэта было рабіць, неабходна больш чытаць па-беларуску, не ігнараваць мову малой радзімы, мэтанакіравана назіраць, якім чынам абыходзяцца без “справы” прызнаныя майстры мастацкага слова.
Пра шкоду, якую прыносіць калькаванне ўстойлівых спалучэнняў слоў, ідзе размова яшчэ з часоў “Нашай Нівы”. Рэзка крытыкаваў гэтую з’яву такі выдатны знаўца роднай мовы, як Кузьма Чорны. У артыкуле “Небеларуская мова ў беларускай літаратуры”, на-друкаваным у 1928 годзе, ён, у прыватнасці, пратэстуе і супраць ужывання выразаў на самай справе і ў чым справа. Не верыць класік беларускай літаратуры аўтару, чыя гераіня крычыць са сцэны: “У чым справа? У чым справа?” “Справамі”, трэба сказаць,  густа перасыпаны і дыялогі, напісаныя цяперашнімі літаратарамі і журналістамі. Што ўжо казаць пра тых, хто карыстаецца роднай мовай толькі час ад часу, у выпадку пільнай неабходнасці!..
Дарэчы будзе тут заўважыць, што адзін з найбольш аўтарытэтных на цяперашні час даследчыкаў фразеалагічнага складу беларускай мовы прафесар І.Я. Лепешаў называе толькі наступныя фраземы з кампанентам справа: вядомая справа, дзіўная справа і ў чым справа. Пры гэтым усе яны  прыводзяцца з паметкай размоўнае.
Ніжэй мы зрабілі спробу перакласці выразы, якія даволі часта сустракаюцца ў друку, у вусных выказваннях тых, хто толькі пачынае гаварыць на роднай мове, з беларускай мовы… на беларускую:
у чым справа? – што такое? што здарылася? што вам трэба?
ваша справа – вам вырашаць; рабіце як знаеце (як хочаце);
майстар сваёй справы – усё ў руках гарыць; чалавек з рукамі;
усунуць нос не ў сваю справу – свае тры грошы ўваткнуць; нос усунуць;
спраў па горла – работы па вушы (процьма, гібель, да гібелі, да халеры, па самую завязку);
а мне якая справа? – а што мне да таго?
не твая справа – што табе да таго? які табе клопат? не твой клопат;
гэта справа яго рук – гэта яго работа;
справа дзясятая – не істотна; не важна;
бліжэй да справы – вернемся да сутнасці;
на самой справе – па сутнасці; на практыцы; напраўду; праўду сказаць, калі гаварыць праўду; калі без падману; але ж, атрымліваецца…; а як удумацца…
Вядома, кожны з гэтых радоў можна доўжыць. Усё залежыць ад кантэксту, ад маўленчай сітуацыі. У канцы хочацца згадаць адзін павучальны выпадак. Неяк было, на адной з навуковых канферэнцый аспірант з найлепшымі намерамі звярнуўся да навуковага кіраўніка, вядомага вучонага-мовазнаўцы:
– Як вашы справы, паважаны Аляксей Іванавіч?
– Як злева, так і справа, – адказаў той з прыкметнай іроніяй, зрабіў выгляд, што не разумее пытання. – Дзякаваць богу, у пракуратуры яшчэ справа не заведзена.
– Я хацеў запытаць, як ваша здароўе, над чым працуеце, ці выйшла новая манаграфія? – збянтэжыўся малады навуковец.
– То трэба было так і казаць.
Давайце і мы паспрабуем замест звыклага для многіх “Як справы?” звярнуцца да суразмоўцы са словамі “Што новага?”, “Што чуваць?”, “Як маешся?”, “Як жывеш?..”  Менавіта так пасля прывітання пачынаюць няспешную гутарку вясковыя людзі
Рубрыку вядзе
старшы выкладчык
Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, пісьменнік Мікола СЯНКЕВІЧ

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля