Што агульнае ў мурзы і мурына?
Рубрыку вядзе старшы выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, пісьменнік Мікола СЯНКЕВІЧ.
Што агульнае ў мурзы і мурына?
Паразважаць над значэннем і асаблівасцямі ўжывання слова мурза падштурхнула прымаўка, што ў розных варыянтах сустрэлася ў кнізе, параўнальна нядаўна выпушчанай выдавецтвам “Вышэйшая школа” (Касько У.К., Палескі дзівасіл: Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі: са скарбніцы А.К. Сержпутоўскага. – Мн., 2005). Спалучэнні “папова мурза”, “чорны, бы папова мурза” сустракаюцца тут у раздзелах “Абрыда”, “Апушчэнства”, “Брыдота”. Мурза ў прыведзеных вышэй выпадках – сабака чорнай масці. Як слушна заўважаецца ў навуковых каментарыях да згаданай вышэй кнігі, дасціпны, востры на язык беларускі селянін шырока выкарыстоўваў такі від вуснай сатыры, як абзыванне, высмейванне адмоўных рыс характару і паводзін чалавека.
Вядома, што сам Сержпутоўскі запісаў звыш 130 выслоўяў-абзыванняў, якія змясціў у машынапісным зборніку пад рубрыкай “Знявага”. Большасць з іх складаецца з аднаго-двух слоў з клічнікам у канцы. Ёсць у гэтым радзе і “Папова мурза!”. Чаму такая народная няміласць менавіта да яе – сказаць цяжка: не была ж гэтая мурза чарнейшая за іншыя. Пытанне якраз даследчыкам вуснай народнай творчасці, але зразумела, што дадзенае народнае выслоўе, як і шэраг іншых (варушыцца, як папоў парабак; завіхаецца, як на папоўскай талацэ), ілюструе негатыўныя адносіны некаторай часткі беларусаў да царквы.
Слова МУРЗА ў прамым значэнні – неахайны, з запэцканым тварам, бруднымі рукамі чалавек (часцей пра дзіця). Назоўнік можа ўжывацца як у мужчынскім, так і ў жаночым родзе, мае множны лік. Мурзай у некаторых раёнах Прыпяцкага Палесся называюць яшчэ страву з чарніц, а таксама павідла, прыгатаванае з чарніц і мукі.
У беларускай мове ўжываюцца дзеясловы мурзаць, замурзаць (мурзацца, замурзацца), дзеепрыметнік залежнага стану прошлага часу замурзаны.
Хоць мурза мае адмоўнае ацэначнае значэнне, усё ж да гэтага слова нешта прыцягвае. Не ў адным двары жыў свой Мурзік, які ў цёплую пару нецярпліва чакаў на беразе, пакуль малыя боўталіся ў вадзе, хадзіў з імі ў грыбы і ягады… З ранняга дзяцінства запомніўся незаменны памочнік дзеда і бацькі Мурза-пастух – вышэй за мяне ростам, самавіты і разумны сабака. Да гэтага часу не забыліся разгубленасць, шкадаванне, гора ў сям’і, калі ён раптам знік. Клікаць Мурзу выходзілі далёка за хутар Паянтрый, некалькі разоў гукалі ў комін – не вярнуўся, прапаў. Другога такога сабакі ў нас не было.
Мурза (з малой літары) таксама нараджае прыемныя асацыяцыі. Міжволі ўяўляецца здаровае, шчаслівае дзіця трох-чатырох гадоў, якое смачна паабедала лустай белага хлеба з павідлам, вымазала нос і бараду і цяпер з гучным смехам намагаецца ўцячы ад маці, якая даганяе яго з мокрым ручніком, каб сілком выцерці твар і рукі. А то яшчэ часам прымусіць усміхнуцца не раз чутае ў дзяцінстве (парумзала малое, расцёрла слёзы нямытымі далонькамі): “Дзе гэта ты так замурзаўся? Напэўна, свінку ссаў…”
Прыметнік мурзаты ўжываецца таксама ў значэнні закрыты дымкай, шэры, затуманены. У Янкі Брыля чытаем: “Мы ўбачылі чорнага бусла, які, нібы манах, глыбакадумна стаяў у сваім гняздзе і дужа добра быў відзён на фоне нізкіх мурзатых воблакаў”. Прыведзены сказ запамінальны, найперш, надзвычай удалым параўнаннем чорнага бусла з манахам, а мурзатыя воблакі надаюць малюнку яшчэ большую выразнасць, робяць яго зрокава запамінальным. Ні брудныя, ні бурыя, ні рудыя ці бурыя воблакі ў дадзеным выпадку не задаволілі класіка беларускай літаратуры.
Са словам мурза ніякім чынам не звязаны назоўнік мурза (з націскам на апошнім складзе). Так называлі прадстаўнікоў феадальнай знаці, кіраўнікоў асобных ордаў і родаў у мусульманскіх народаў. У рамане “Альгердава дзіда” Вольга Іпатава піша: “Маскавіты трымаюцца золатаардынцаў, цікуюць адзін за адным, хто з іх найбольш спадабаецца ханам ды мурзам, атрымае ярлык на княжанне”.
На рускую мову мурза перакладаецца як замарашка, грязнуля, а пра сабаку чорнай масці кажуць смурая.
Слова МУРЫН мае значэнне негр, арап. “Чорны, як сажа, стаяў ля карэты хлопец… і толькі вільготна блішчалі яго белыя зубы. – Гэта мой мурын, – з некаторым гонарам растлумачыла старая пані”. (Уладзімір Караткевіч, “Каласы пад сярпом тваім”). Этымалагічна блізкае да слова мурын – маўр. У старажытныя і сярэднія вякі еўрапейцы называлі маўрамі карэнных насельнікаў Паўночнай Афрыкі.
Нячаста, але слова мурын таксама ўжываецца ва ўстойлівых зваротах. “Чорны, як мурын” і “чорны, бы папова мурза” – можна лічыць сінанімічнымі па значэнні.
Такім чынам, мурза і мурын хоць і не блізкія, але ўсё ж такі родзічы.
Вывучаем новыя “правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”
27. Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах
Згодна з правілам, што “ўсе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб’яднанняў” пішуцца з вялікай літары, будзе пісацца Вялікае Княства Літоўскае (было: Вялікае княства Літоўскае).
З вялікай літары трэба пісаць назвы частак дзяржаў і кантынентаў, калі такія назвы маюць тэрміналагічны характар: Усходняя (Заходняя) Беларусь, Правабярэжная Украіна, Паўночная Італія…
У адпаведнасці з правіламі, сфармуляванымі ў гэтым параграфе, з вялікай літары пішуцца вобразныя геаграфічныя назвы, напрыклад, Белакаменная (пра Маскву), Паднябесная (пра Кітай). У састаўных вобразных геаграфічных назвах з вялікай літары пішуцца першыя словы: Краіна белых буслоў, Краіна блакітных азёраў (пра Беларусь), Краіна ўзыходзячага сонца (пра Японію), Вечны горад (пра Рым)…
28. Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый
Трэба цвёрда засвоіць, што ўсе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін пішуцца з вялікай літары: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, але: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
З малой літары пішуца найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў адукацыйных і навуковых устаноў: вучоны савет філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, савет па абароне дысертацый, калегія Міністэрства адукацыі, але: Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
29. Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях
Паводле новых правілаў з вялікай літары пішуцца словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы на вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.
З вялікай літары пішуцца словы ў назвах бакоў у пагадненнях, кантрактах і іншых дагаворах: Высокія Дагаворныя Бакі, Аўтар і Выдавецтва, Заказчык і Выканаўца.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.