Вывучаем родную мову

Вывучаем родную мову

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Абыдзецца і без марцыпанаў
Кажуць, прадаў аднойчы селянін на кірмашы ў мястэчку воз пшаніцы па добрай цане і захацеў – калі яшчэ такое шчасце напаткае! – паспытаць панскіх прысмакаў. Зайшоў ён у лаўку, а там такі пах, што нюхаў бы дзень і ноч не адрываючыся. “Мне трэба купіць марцыпанаў”, – кажа чалавек. Заплаціў ён крамніку пяць рублёў, і той, ветліва ўсміхаючыся, падаў яму нешта, акуратна загорнутае ў паперу.
Выехаў пакупнік за мястэчка, падганяе кабылу: вельмі хочацца хутчэй вярнуцца дамоў і паспрабаваць тых марцыпанаў. Дастане, панюхае, ды зноў засуне ў кішэню, яшчэ часцей сцябае кабылу. Нарэшце не вытрымаў, дастаў і давай лізаць патроху. Лізаў-лізаў, аж пена пачала з рота падаць. За гэтым заняткам і не заўважыў, што суседзі даганяюць. Вось адзін, параўняўшыся, і пытае:
– Братка, што ты ясі?
– Марцыпаны, – кажа той і выцірае рукавом вусны.
– Якія марцыпаны, гэта ж мыла!
– Было б і табе міла, каб пяць рублёў заплаціў, – адказвае падмануты лавачнікам пакупнік ды трушчыць мыла, аж вушы ходзяць. Ні на кога не звяртае ўвагі…
Вось такая – калі разабрацца, то і не надта ўжо смешная – гісторыя. Шкадаваў працаўнік-земляроб капейку, бо нялёгка яна давалася. Таму і цанілася ўсё, купленае за грошы: ці то новыя боты “на выхад”, ці то бутэлька “маскоўскай” для калгаснага начальства або гарадской радні, ці тая ж бляшанка кілек. Нездарма ж кажуць у народзе: не тое міла, што міла, а тое міла, што дорага.
Дык якога ж далікатэсу так і не паспрабаваў чалавек у мястэчку? Што абазначае слова і адкуль яно “родам”? Паспрабуем даць адказы на гэтыя пытанні.
МАРЦЫПАН – цеста, прыгатаванае з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам, а таксама кандытарскі выраб з гэтага цеста. У множным ліку слова звычайна абазначае наогул што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае. Марцыпанамі называюць таксама страву, якая ў рэальнасці не існуе – нешта накшталт птушынага малака. “Абыдзецца цыганскае вяселле без марцыпанаў”, – скажа практычная гаспадыня, збіраючы на стол, калі не мае намеру здзівіць гасцей незвычайнымі, спецыяльна прыгатаванымі разнасоламі.
Марцыпанам, калі гаварыць пра паходжанне слова, першапачаткова называлася венецыянская манета, пасля – мера аб’ёму. У скрыні памерам у адзін марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней стаў называцца марцыпанам.
Па сваім лексічным значэнні да марцыпанаў набліжаюцца МАЛІМОНЫ (марымоны, малімонікі) – пірагі з гатунковай пшанічнай мукі ці наогул смачныя рэчы, ласункі для дзяцей. Гэтае слова не ўключана ў слоўнікі сучаснай беларускай мовы, між тым, яно не такое ўжо і “экзатычнае” ў мове жыхароў нашага рэгіёну, мае шырокае кола роднасных слоў. Напрыклад, малімон, малімонік, малімончык, малімонічак – распешчаны, пераборлівы ў ядзе і ахвочы да прысмакаў чалавек, які карыстаецца прывілеямі і злоўжывае імі; малімоніць – песціць, як дзіця; малімоніцца – удаваць сябе за малога…
Як засведчыў этымалагічны даведнік, слова малімон мае польскія карані. Так называлі вучняў колішняй сельскагаспадарчай і лясной школы ў мястэчку Марымонт каля Варшавы, дзе знаходзіўся ўзорны млын, што малоў муку высокага гатунку.
Слова малімончык не часта ўжывалі класікі беларускай літаратуры. Усяго некалькі разоў мы сустракаем яго ў рамане Міхася Зарэцкага “Вязьмо”, а яшчэ ў Францішка Багушэвіча, праўда, тут у некалькі іншым значэнні, чым у слоўніку. Працытуем для прыкладу некалькі Багушэвічавых радкоў:
Малімончык наш Тадэўка
Год на пацеры місцюк:
Як пачуе, дзе ёсць
дзеўка,
Дык улезе, як пацук.
А махлюе, а прыкіда…
Як бачым, Багушэвічаў малімончык – хітрун, праныра, ахвочы да заляцанняў чалавек…
Па дарозе з працы заглянуў на Цэнтральны калгасны рынак, прайшоў уздоўж радоў, дзе прадавалася здоба. Марцыпанамі гандлявалі. Купіў спецыяльна, каб дакладна адчуць на смак тое, пра што збіраўся напісаць. Добрыя, прызнаюся, сучасныя марцыпаны з зялёнай гарбатай, з вішнёвым узварам. Напэўна ж, не горшыя за тыя, што некалі смакавалі жыхары далёкай Венецыі.
Вывучаем новыя “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”
30. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод, прэмій, грамат, прызоў
Неабходна трывала засвоіць напісанне назваў асноўных беларускіх дзяржаўных і нацыянальных рэліквій і ўзнагарод: Крыж Ефрасінні Полацкай, Сцяг Перамогі, Помнік Перамогі, Вечны агонь, Магіла Невядомага Салдата, Курган Бессмяротнасці, Курган Славы, Востраў Слёз, Дзяржаўны сцяг(герб) Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Кніга Памяці.
31. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў
У новых правілах маюцца ўдакладненні ў напісанні асобных найменняў, якія маюць адносіны да новых рэалій Рэспублікі Беларусь. У такіх выпадках трэба арыентавацца на адпаведныя нарматыўныя дакументы і спецыяльныя слоўнікі.
З вялікай літары пішуцца назвы культавых кніг, а таксама помнікаў пісьменнасці: Біблія, Стары Запавет, Евангелле, Псалтыр, Слуцкае Евангелле і інш. У пераносным сэнсе такія словы як біблія(галоўная кніга для каго-небудзь), талмуд (аб’ёмны рукапіс) пішуцца з малой літары.
32. Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў
Правілы афіцыйна замацоўваюць паслядоўнае напісанне вялікай літары ў першым слове такіх назваў, як Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна.
Устанаўліваюцца адзіныя правілы напісання назваў традыцыйных і рэлігійных святаў і перыядаў, звязаных з царкоўным календаром: Ушэсце Гасподне, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікая субота, Вялікі пост, Чысты чацвер, Таццянін дзень, Яблычны Спас.
33. Вялікая літара ў назвах з двукоссем
Неабходна звярнуць увагу на наступную акалічнасць. Назвы вытворчых марак тэхнічных вырабаў бяруцца ў двукоссе і пішуцца з вялікай літары: аўтамабіль “Жыгулі”, камбайн “Ніва”, тэлевізар “Гарызонт”… Напісанне ж вялікай ці малой літары ў назвах саміх вырабаў залежыць ад таго, выкарыстаны агульны назоўнік ці ўласнае найменне, якое пішацца з вялікай літары: “масквіч”, “гарызонт” (тэлевізар), “Мінск” (халадзільнік), “Волга” (аўтамабіль). У побытавым выкарыстанні назвы аўтамабіляў могуць ужывацца і без двукосся: прыехаў на масквічы.
Рубрыку вядзе старшы выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, пісьменнік Мікола СЯНКЕВІЧ

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

РУВП “Брэстхлебпрам”. Фотафакт

Следующая запись

Больш за 60 гадоў разам