Прэм’ера рубрыкі: Медыцына раённага маштабу

Прэм’ера рубрыкі: Медыцына раённага маштабу

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Неаспрэчны абавязак доктара Пашкевіча
З  галоўным урачом Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы, дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў 26-га склікання Пятром Пашкевічам папярэдне дамовіліся сустрэцца ў першай палове дня. У дзень прыезду ў райцэнтр Пётр Аркадзьевіч пацвердзіў дамоўленасць, таму наш журналісцкі “дэсант” і рушыў у ЦРБ.
Пераступаем парог прыёмнай галоўнага ўрача, тлумачым, хто мы такія. Сакратар “агарошвае”: “А Пятра Аркадзьевіча няма”. Здзівіцца “неабавязковасці” галоўнага не паспяваем, бо гаспадыня прыёмнай дадае: “Ён на тэрміновай аперацыі”. Практыкуючы хірург Пашкевіч вымушаны быў парушыць дадзенае раней слова, бо ў небяспецы аказалася жыццё пацыента. Пятру Аркадзьевічу нават не давялося рабіць выбар, таму што для яго абавязак урача – найважнейшы і неаспрэчны.
Пазней, калі сустрэліся напрыканцы працоўнага дня, даведалася, што Пашкевіч – тутэйшы, родам са Століншчыны. У раённы цэнтр прыехаў у 1985 годзе пасля заканчэння медыцынскага інстытута, а бальніцу ўзначаліў у 2007-м. Між іншым, у дзяцінстве Пеця Пашкевіч марыў вадзіць цеплавозы (“Уся радня на чыгунцы працавала”), але ў 8 класе сябар незнарок зламаў яму руку. Вось тады і наглядзеўся на доктарскую справу, лічы – “захварэў” медыцынай. Прыкіпеў так, што не ўяўляе сабе іншага жыцця: ”Тут кожны дзень – праверка твайго прафесіяналізму, адначасова – стымул прафесійнага росту. Ды і перад землякамі марку трымаць трэба”. Так, да свайго могуць паставіцца спагадліва, але гультайства, некампетэнтнасці, а тым больш абыякавасці ніколі не даруюць.
Можа, таму, што працуе Пётр Пашкевіч на малой радзіме, асаблівае ў яго стаўленне да развіцця тут аховы здароўя, умацавання медыцынскай службы.
– За апошні час лячэбныя ўстановы раёна зрабілі істотны крок наперад у сваім развіцці, – расказвае Пётр Аркадзьевіч. – Спрыяла гэтаму як увогуле дзяржаўная палітыка, так і адносіны да галіны абласнога Савета дэпутатаў, абласнога выканаўчага камітэта. У дэпутацкім корпусе вобласці на мінулых выбарах у мясцовыя Саветы былі абраны некалькі прадстаўнікоў медыцыны. Нам з калегамі ўдалося данесці да кіраўніцтва заклапочанасць лю-дзей на месцах узроўнем развіцця медыцынскай дапамогі. Дэпутаты падтрымалі многія прапановы, а таму фінансаванне для развіцця сістэмы аховы здароўя выдзялялася максімальна магчымае. І перамены не прымусілі сябе чакаць, у тым ліку і на Століншчыне.
Летась у раённай бальніцы рэканструявалі аддзяленне пералівання крыві і харчовы блок. У 2012 годзе сход грамадзян раёна прыняў рашэнне ўмацаваць матэрыяльную базу медыцыны ў Давыд-Гарадку. Давялі ўжо да ладу дарослую і дзіцячую паліклінікі, жаночую кансультацыю – каля 8 мільярдаў рублёў выдаткавалі з раённага бюджэту. У мінулым годзе 4 мільярды патрацілі на лабараторыю. Завяршаюцца работы ў стаматалагічнай паліклініцы. У планах 2014-га для Давыд-Гарадоцкага філіяла – рэнтгенкабінет, фінансаванне якога складзе каля мільярда рублёў.
Дзякуючы сродкам Дзяржаўнай праграмы адраджэння сяла, адноўлены ФАПы ў Вялікім Малешаве, Рамелі, Дубаі, Відзіборы, Кароцічах. Былую кантору мясцовага СВК у вёсцы Вялікія Арлы перарабілі пад урачэбную амбулаторыю, а каб замацаваць там урача, летась за сродкі раённага бюджэту купілі для док-тара ў вёсцы дом. Увогуле, на Століншчыне актыўна практыкуюць мэтавае накіраванне на вучобу ў медыцынскія ВНУ. “У нашых школах дзяцей добра вучаць, паступаюць у медуніверсітэты выпускнікі паспяхова, а потым вяртаюцца дадому і ахвотна працуюць”, – кажа Пётр Аркадзьевіч.
Раённая медыцына дае магчымасці для прафесійнай самарэалізацыі, бо галоўны ўрач падтрымлівае прагрэсіўнае, заахвочвае калег практыкаваць сучасныя методыкі лячэння, новыя медыцынскія тэхналогіі. Яшчэ ў 2004 годзе ў Столінскай ЦРБ першай у вобласці сярод бальніц раённага ўзроўню пачалі рабіць эндавідэахірургічныя аперацыі. Тры гады таму ўрач-траўматолаг Сяргей Кісель стаў практыкаваць аднаполюснае пратэзіраванне тазабедранага сустава. А паўтара года таму Сяргей Іванавіч пачаў выконваць яшчэ адну прагрэсіўную аперацыю – астэасінтэз пры пераломах касцей галёнкі з блакіроўкай. З 2011-га ў Століне асвоілі методыку вызначэння прастатаспецыфічнага антыгена, што дапамагае ў дыягностыцы анкалагічных хвароб. Чацвёрты год у райцэнтры працуе аддзяленне гемадыялізу…
– З апошніх набыткаў – гістараскоп для абследавання жанчын. Сёлета плануем укараніць методыку мамаграфіі для дыягностыкі хвароб малочнай залозы, а таксама колькаснае вызначэнне маркераў некрозу міякарда – для кантролю лячэння інфаркту міякарда, – расказвае Пётр Пашкевіч. – Відавочна, што прагрэсіўныя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння прымяняюць і нашы ўрачы, а гэта набліжае сучасную медыцынскую дапамогу да насельніцтва.
У ліку задач, на якія варта ў бліжэйшы час звярнуць увагу і медыкам, і дэпутатам, Пётр Аркадзьевіч называе дзейнасць бальніц сястрынскага догляду, пашырэнне спектра платных паслуг і іх экспарту.
Так, сёння медыцына інтэнсіўна развіваецца, і, каб не апынуцца на яе задворках, трэба самаўдасканальвацца пастаянна, грунтоўна падыходзячы як да бягучых, так і да перспектыўных планаў развіцця сістэмы аховы здароўя. Галоўны ўрач Столінскага раёна Пётр Пашкевіч і яго калегі гэта добра разумеюць, таму і працуюць самааддана ўжо сёння, каб заўтра мець перспектыву.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Столінскі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Кіраўнік вобласці прадставіў свайго новага намесніка Андрэя Клеца

Следующая запись

Прадукцыя кампаніі “Савушкін прадукт” атрымала адразу тры прэміі